Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбавіцца страху. Чарнобыльскі шлях Украіны за 32 гады


Пара турыстаў ідзе па сымбалічнай алеі памяці ахвяраў Чарнобыльскай АЭС у зоне адчужэньня, дзе на крыжах напісаныя назвы гарадоў і вёсак, якія былі эвакуяваныя пасьля катастрофы. 23 красавіка 2018 году

Ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, 26 красавіка адзначаецца дзень памяці чарнобыльскай трагедыі. У гэты дзень па ўсёй краіне арганізоўваецца шмат мэмарыяльных акцый як на дзяржаўным, так і на грамадзкім узроўні, праводзяцца навуковыя канфэрэнцыі, выстаўкі і жалобныя канцэрты.

Паводле афіцыйных ацэнак, ва Ўкраіне ад катастрофы пацярпелі 3,2 мільёна чалавек і трэцяя частка зь іх — дзеці. Пад уплыў радыяактыўнага забруджваньня трапіла дванаццатая частка ўкраінскай тэрыторыі (больш як 50 тысяч м2), а з 76 населеных пунктаў былі эвакуяваныя 116 тысяч жыхароў.

Як зьмянілася стаўленьне ўкраінскага грамадзтва да найбуйнейшай экалягічнай катастрофы, што адбылася 32 гады таму, і як ушаноўваюць памяць ахвяраў чарнобыльскай аварыі ва Ўкраіне?

Чарнобыльскія шэсьці і палітычныя дывідэнды

На пачатку дзяржаўнай незалежнасьці ва Ўкраіне не абышлося бяз спроб палітызацыі чарнобыльскай трагедыі, але шэсьці як палітычныя акцыі ва ўкраінскім грамадзтве не прыжыліся.

Настроямі людзей аб тэрміновым закрыцьці Чарнобыльскай АЭС скарысталася толькі Партыя зялёных Украіны, якая менавіта пад такімі выбарчымі лёзунгамі прайшла да парлямэнту — і тое толькі аднойчы, у 1998 годзе. З далейшага палітычнага жыцьця гэтая партыя практычна выпала. Але нават «зялёныя» не змаглі манапалізаваць тэму чарнобыльскай катастрофы — у Вярхоўную Раду выбіраліся адзінкавыя дэпутаты-мажарытарнікі, якія рабілі акцэнт на неабходнасьці стварэньня сыстэмы льгот для перасяленцаў і грамадзян, якія пражывалі ва ўмовах радыяцыйнага забруджаньня.

Марш у памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы ў Кіеве. 26 красавіка 2018 году
Марш у памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы ў Кіеве. 26 красавіка 2018 году

Цяпер нямасавыя шэсьці застаюцца элемэнтам дзяржаўных жалобных імпрэз. Традыцыйна яны праводзяцца ў ноч з 25 на 26 красавіка, бліжэй да часу, у які і адбылася аварыя. У Славуцічы, горадзе, пабудаваным для абслугоўваньня Чарнобыльскай АЭС, сёньня ўначы стартаваў флэшмоб «Чарнобыль-32. Запалі сваю зьнічку». У Кіеве а першай гадзіне ночы шэсьце завяршылася памінальным малебнам за спачын загінулых і ўскладаньнем кветак да мэмарыяльнага кургана «Героям Чарнобылю».

Чарнобыльскія льготы як разьменная манэта

Ва Ўкраіне дагэтуль дзейнічаюць льготы для чарнобыльцаў. На пачатку яны распаўсюджваліся і на перасяленцаў, і на ліквідатараў, і на жыхароў забруджаных тэрыторый. Зь цягам часу і абмежаванасьцю бюджэтных рэсурсаў яны пэрыядычна скарачаліся. На сёньняшні дзень поўным пакетам ільгот (50 адсоткаў аплаты жыльлёва-камунальных паслуг, санаторна-курортнае лячэньне, бясплатнае карыстаньне грамадзкім транспартам, кампэнсацыя кошту харчаваньня, 100% аплаты за часовую непрацаздольнасьць, дадатковы адпачынак і гэтак далей) карыстаюцца пераважна толькі інваліды, захворваньні якіх непасрэдна зьвязаныя з чарнобыльскай аварыяй.

Удава загінулага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падчас цырымоніі ў памяць ахвяраў катастрофы ў Кіеве, 26 красавіка 2017 году
Удава загінулага ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падчас цырымоніі ў памяць ахвяраў катастрофы ў Кіеве, 26 красавіка 2017 году

Дарэчы, менавіта скарачэньне чарнобыльскіх ільгот час ад часу становіцца прадметам палітычных таргоў ды спэкуляцый. Палітычныя сілы, знаходзячыся ва ўладзе, скасоўваюць льготы, а калі потым пераходзяць у апазыцыю, патрабуюць ад новай улады іх вярнуць. Так адбылося ў 2011 годзе, калі ўрад Міколы Азарава істотна «падрэзаў» пералік ільгот. Цяпер жа дэпутаты фракцыі «Апазыцыйны блёк» (фактычна пераемніцы Партыі рэгіёнаў) патрабуюць іх аднавіць. На тле такой «ільготнай» барацьбы цяперашні ўрад заяўляе, што паслабленьня сацыяльнай абароны чарнобыльцаў не плянуе.

«Мы павінны рабіць усё, каб узмацняць сацыяльную абарону чарнобыльцаў. У прыватнасьці, мы вырашылі балючае пытаньне аб вайскоўцах, якія працавалі ў зоне ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, пэнсія якім не пералічвалася апошнія 15 гадоў. Мы гэта зрабілі ў кастрычніку. І цяпер, падчас пераразьліку пэнсій вайсковым пэнсіянэрам, найбольшую прыбаўку, і гэта прадугледжана пастановай ураду, атрымаюць якраз усе вайскоўцы, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС», — заявіў віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Паўло Разенка.

АЭС — крыніца небясьпекі

Нягледзячы на час, што мінуў ад катастрофы, і закрыцьцё самой станцыі, кожны другі ўкраінец працягвае лічыць Чарнобыльскую АЭС небясьпечным аб’ектам, 68 адсоткаў грамадзян называюць правільным рашэньнем вывядзеньне яе з эксплюатацыі.

Насьцярожана ставяцца ўкраінцы і да іншых атамных электрастанцый, якія працуюць ва Ўкраіне: іх чатыры — Запароская, Роўненская, Паўднёваўкраінская і Хмяльніцкая. Але на ўсіх іх выкарыстоўваецца іншы, чым на Чарнобыльскай, тып рэактараў.

Закінуты горад Прыпяць ля Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне, 2017 год
Закінуты горад Прыпяць ля Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраіне, 2017 год

Згодна з дасьледаваньнем украінскай сацыялягічнай групы Research&Branding Group, бясьпечнымі ўкраінскія АЭС называюць крыху больш за чвэрць рэспандэнтаў — 28 %, абсалютна бясьпечнымі — 4% і адносна бясьпечнымі — 24%.

У той жа час, паводле сацыялёгіі фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», для ўкраінцаў чарнобыльская праблема займае толькі чацьвёртае месца ў рэйтынгу экалягічных праблем, уступаючы па актуальнасьці засьмечваньню прыроды бытавымі адходамі, забруджваньню атмасфэры шкоднымі выкідамі і няякаснай вадзе.

У дзень памяці — адмысловыя правілы для СМІ

Згодна з нацыянальным заканадаўствам, у гэты дзень усе тэлеканалы ды радыёстанцыі абавязаны адмовіцца ад трансьляцыі забаўляльных і гумарыстычных праграм і ня менш як адзін раз на 2 гадзіны паведамляць пра дзень памяці. Апоўдні яны мусяць абвясьціць хвіліну маўчаньня, а на працягу дня на тэлеэкранах мае прысутнічаць стылізаваная выява палаючай зьнічкі. За парушэньне гэтых правілаў сродкі масавай інфармацыі могуць пакараць.

Дарэчы, у красавіку за парушэньне патрабаваньняў да вяшчаньня ў дні жалобы з нагоды 70-годзьдзя трагедыі Бабінага Яру быў папярэджаны тэлеканал NEWSONE.

Зьнішчыць стэрэатыпы пра страх і радыяцыю

Праз 32 гады ўкраінскія ўлады вырашылі адкрыць Чарнобыльскую станцыю для турыстаў. За апошні месяц такімі магчымасьцямі скарысталіся ўжо амаль 200 чалавек, у тым ліку і замежныя грамадзяне. Хоць сацыёлягі сьцьвярджаюць, што амаль 80 адсоткаў украінцаў ня маюць жаданьня наведваць чарнобыльскую зону з экскурсійным турам. А паводле дасьледаваньняў Інстытуту Гаршэніна, толькі 6,1 % рэспандэнтаў падтрымліваюць ператварэньне зоны адчужэньня ў турыстычную прастору. Пераважная большасьць мяркуе, што тэрыторыя мае стаць навуковым ці запаведным палігонам.

Закінуты горад Прыпяць у чарнобыльскай зоне, 2016 год
Закінуты горад Прыпяць у чарнобыльскай зоне, 2016 год

Cтаршыня Дзяржаўнага агенцтва Ўкраіны ў кіраваньні зонай адчужэньня Віталь Пятрук сьцьвярджае, што праз 32 гады пасьля аварыі ўзровень радыяцыі ў зоне зьнізіўся ў 10 тысяч разоў, а на прамысловай пляцоўцы ЧАЭС — у 10 разоў пасьля стварэньня новага канфайнмэнту (ізаляцыйнага збудаваньня) над аварыйным блёкам.

«Самая маштабная ядзерная катастрофа сьвету, празь якую ўтварылася зона адчужэньня вакол ЧАЭС, надоўга зьвязала ў сьвядомасьці людзей паняцьці „Чарнобыль“, „радыяцыя“ і „страх“. Аднак сёньня мы робім крокі, каб зьмяніць сталыя стэрэатыпы. Цяпер асноўны прадукт, які вырабляе зона адчужэньня, — гэта бясьпека», — кажа Віталь Пятрук.

Дапамагчы пераасэнсаваць наступствы чарнобыльскай катастрофы спрабуюць і дзеячы культуры. Сёньня ўвечары ў Кіеве пад адкрытым небам адбудзецца шоў-пэрфоманс «Зона натхненьня» з удзелам зорак украінскай эстрады. Яго арганізатары ня ўтойваюць ідэалягічнай мэты свайго мерапрыемства — прадэманстраваць пэрспэктывы разьвіцьця тэрыторыі зоны адчужэньня ды адраджэньня яе экалёгіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG