Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мэдыцына вяртаецца да «бабчыных мэтадаў» у родах


Тысячы гадоў жанчыны нараджалі так, як ім было найбольш зручна і найменш балюча: станавіліся ці сядалі ў жаданыя позы, выкарыстоўвалі гравітацыю сабе на карысьць. Гэта вялікі парадокс, але разьвіцьцё мэдыцыны, якое дазваляе цяпер з лёгкасьцю ратаваць тых немаўлят, якія раней не мелі аніводнага шанцу на выжываньне, значна ўскладніла звычайныя здаровыя фізіялягічныя роды.

Любыя зьмены ў мэдыцыне прынята называць прагрэсам, але ня ўсё так проста. Наўрад ці будзе справядліва называць прагрэсам тое, што жанчын вымушаюць нараджаць лежачы на сьпіне выключна для зручнасьці мэдпэрсаналу. Дакладней, варта спытаць: а для каго такі падыход — прагрэсіўны? Для мэдыкаў, якім цяпер усё добра відаць, ці для жанчыны, якой даводзіцца прыкладаць дадатковыя намаганьні, бо гравітацыя цяпер працуе супраць яе?

Навукоўцам спатрэбіліся шматлікія дасьледаваньні, каб агучыць тое, што жанчыны інтуіцыйна казалі і рабілі тысячагодзьдзямі.

Сусьветна вядомы акушэр Мішэль Адэн выступае за гуманізацыю родаў у сучаснай мэдыцыне і кажа пра неабходнасьць стварыць сапраўды камфортныя для жанчын умовы. Ён адзначае, што навукоўцам спатрэбіліся шматлікія дасьледаваньні, каб агучыць тое, што жанчыны інтуіцыйна казалі і рабілі тысячагодзьдзямі.

І гэта паказальна: калі жанчыны ствараюць грамадзкія ініцыятывы і кажуць пра шкоду лішніх умяшаньняў у родах, іх называюць надта эмацыйнымі, эгаістычнымі і ўвогуле кепскімі маці, няздольнымі крыху пацярпець дзеля карысьці дзіця. Але калі тое ж самае кажа доктар, да яго прыслухоўваюцца і кажуць пра рэвалюцыю ў акушэрстве.
Д’ябал — у дэталях, а значыць, у словах. Мы моцна звыклі ўспрымаць роды як выключна мэдычную зьяву, якая патрабуе жорсткага кантролю і стандартызацыі на кожным этапе. Таму мы адносім веды пра роды да «адмысловых ведаў», якімі па-сапраўднаму могуць валодаць толькі людзі, якія атрымалі адпаведную адукацыю. Мы кажам «гэта проста меркаваньне маёй сяброўкі, маці пяці дзяцей», але «гэта пазыцыя доктара, чалавека з дыплёмам». І гэтае «проста» кажа значна больш, чым можа падацца.

Ідзе час, зьмяняюцца мэдычныя падыходы да родаў, і цяпер можна заўважыць, што ў жанчын зноўку становіцца больш выбару, а тыя старыя інтуіцыйныя мэтады становяцца зноўку папулярнымі. Некаторыя людзі нават называюць іх навамоднымі, але такія казусы — гэта хутчэй паказчык праблем у сфэры адукацыі, а не ў мэдыцыне.

Разам з тэндэнцыяй на «натуралізацыю» родаў ёсьць і адваротныя матывы: у шэрагу краін жанчыны могуць рабіць кесарава па жаданьні (без наяўнасьці мэдычных паказаньняў). Тым ня менш, я ўпэўнена, што гэта другі бок аднаго і таго ж працэсу — гуманізацыі родадапамогі. І з часам гэтыя ідэі будуць усё больш актыўна распаўсюджвацца.

Дактарам па ўсім сьвеце даводзіцца прызнаваць, што эмацыйны стан жанчыны падчас цяжарнасьці і родаў грае вельмі важную ролю.

Дактарам па ўсім сьвеце даводзіцца прызнаваць, што эмацыйны стан жанчыны падчас цяжарнасьці і родаў грае вельмі важную ролю. Таму для яе карысьці і для карысьці яе дзіцяці ім лепей пагадзіцца на лішняе ўмяшаньне ці адмовіцца ад нейкай працэдуры (безумоўна, за выключэньнем выпадкаў, калі размова ідзе пра ратаваньне жыцьця), чым выконваць пратаколы проста дзеля выкананьня пратаколаў. Напрыклад, усё часьцей сёньня кажуць пра тое, што галеньне лабковых валасоў перад родамі ня мае мэдычнага абгрунтаваньня. Вельмі дыскусійнай стала таксама тэма дадатковай стымуляцыі родавай дзейнасьці.

І чым больш спрыяльнай для жанчын будзе сыстэма родадапамогі, тым менш траўматычнымі будуць роды і для маці, і для дзіцяці. Сёньня сыстэме даводзіцца рабіцца больш гнуткай, таму што новыя дасьледаваньні ўсё больш паказваюць, што мэдыкалізацыя і стандартызацыя родаў у дваццатым стагодзьдзі аказалася надта радыкальнай. Шматлікія ўмяшаньні дапамагаюць, калі нешта пайшло не так, але пры нармальных родах акурат лішнія ўмяшаньні могуць выклікаць ускладненьні.

Жанчыну будуць усё часьцей разглядаць у якасьці асобы, а не як аб’ект для працэдур.

Паступова дактары будуць усё менш ініцыяваць «прафіляктычныя» ўмяшаньні і ўсё больш прыслухоўвацца да патрэбаў і жаданьняў жанчын, якія нараджаюць. Гэта ня значыць, што мэдыцына перастае разьвівацца. Яна будзе ўдасканальвацца і далей, але жанчыну пры гэтым будуць усё часьцей разглядаць у якасьці суб’екта, асобы, а не як аб’ект для працэдур, які ня мае не толькі права голасу, але і права ведаць, што зь яе целам робяць дактары.

Прагрэс — гэта не заўжды распрацоўка новых мэтадаў ці прымяненьне новай апаратуры. Часам трэба проста прызнаць свае памылкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG