Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісялёў ў сьвеце фэйкаў. Што ня так з тэлесюжэтамі аб хімічнай атацы ў Думе?


Пасьля хімічнай атакі 7 красавіка ў сырыйскім горадзе Дума, якая паслужыла падставай для нанясеньня амэрыканскімі вайскоўцамі кропкавых удараў па сырыйскіх ваенных абʼектах, расейскае тэлебачаньне з новай сілай прынялося даказваць сваім гледачам, што нібыта ніякага выкарыстаньня хімічнай зброі з боку арміі Башара Асада ў Думе ня было, а відэаролікі сырыйскай грамадзянскай самаабароны («Белых касак»), зьнятыя на месцы падзеяў і ў шпіталі, зьяўляюцца пастановачнымі.

15 красавіка кіраўнік дасьледчай групы Bellingcat Эліёт Хігінс зьвярнуў увагу на той факт, што 9 красавіка ў праграме Дзьмітрыя Кісялёва ў сюжэце пра падзеі ў Думе былі выкарыстаныя кадры са здымкаў прапагандысцкага сырыйскага мастацкага фільму аб «Белых касках».

Кадр з праграмы "Вести в 20.00" за 9 красавіка
Кадр з праграмы "Вести в 20.00" за 9 красавіка

Гэты фільм называецца «Чалавек-рэвалюцыя», сырыйскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва SANA апісвае яго сюжэт так: «Журналіст незаконна заяжджае ў Сырыю, каб здымаць фота і відэа вайны і атрымліваць міжнародныя прызы. Калі яму гэта не ўдаецца, ён дапамагае тэрарыстам сфабрыкаваць інцыдэнт з хімічнай атакай, каб зрабіць свае фатаграфіі знакамітымі».

Кадры са здымачнай пляцоўкі мастацкага фільма аб тым, як «Белыя каскі» фабрыкуюць відэа аб хімічнай атацы, можна знайсьці на афіцыйнай старонцы карціны ў «Фэйсбуку». Яны цалкам супадаюць з тымі кадрамі, што былі паказаны ў праграме Кісялёва.

Фільм «Чалавек-рэвалюцыя» апынуўся не адзінай крыніцай матэрыялу для сюжэтаў расейскага тэлебачаньня аб хімічнай атацы ў Думе. 22 красавіка «Вести недели» і Першы канал паказалі сюжэты аб нібыта пастановачных здымках «Белых касак», дзе ў якасьці доказаў, як заўважыў тэлеканал «Дождж», выкарыстаныя кадры з фільму сырыйскага рэжысэра Гумама Гусары. Гэтая стужка, зьнятая ў 2016 годзе ў адным з падкантрольных паўстанцам раёнаў Дамаску, яна распавядае пра хімічную атаку войскаў Асада з выкарыстаньнем зарыну ва Усходняй Гуце ў 2013 годзе. Для яе здымак рэжысэр з дапамогай нанятых актораў і прадстаўнікоў «Белых касак» інсцэніраваў наступствы тых падзеяў.

Акрамя сюжэтаў, у якіх кадры з мастацкіх фільмаў былі выдадзеныя за сьведчаньні пастановак «Белымі каскамі» сваіх відэа, журналіст амэрыканскага выданьня The Intercept Робэрт Макей у панядзелак зьвярнуў увагу яшчэ на адну дэталь, зьвязаную з асьвятленьнем хімічнай атакі ў Думе на расейскім тэлебачаньні. Гаворка ідзе пра інтэрвію, якое ваенны карэспандэнт тэлеканалу «Россия 24» Яўген Паддубны узяў у Сырыі ў 11-гадовага Хасана Дыяба, хлопчыка, які прысутнічае на відэа «Белых касак», зьнятым, як сьцьвярджаецца, у шпіталі горада Дума неўзабаве пасьля нападу.

Інтэрвію з Дыябам было паказана 22 красавіка ўсе ў той жа праграме «Вести недели» зь Дзьмітрыем Кісялёвым. У ім хлопчык распавядае, што ўвечары 7 красавіка невядомыя людзі сказалі яму выйсьці са склепа жылога дома, дзе ён знаходзіўся, і ісьці ў шпіталь, дзе яго сталі паліваць вадой:

«Мы былі ў склепе. Мама мне сказала, што няма чаго есьці, што мы паядзім толькі заўтра. Мы пачулі крык на вуліцы. Крычалі „Ідзіце ў шпіталь! “. Мы пабеглі туды, і як толькі я ўвайшоў, мяне схапілі і пачалі паліваць вадой. Пасьля гэтага нас паклалі на ложак побач зь іншымі людзьмі».

У наступнай частцы сюжэту Хасан Дыяб паказаны ў той самай лякарні, дзе было зьнятая відэа «Белых касак». Ён паказвае на пажарны шлянг і кажа: «Вось з гэтага шлянгу мяне палівалі, а потым пасадзілі на кушэтку. Вакол мяне бегалі людзі, мне было страшна. Я не разумеў, што адбываецца». Потым, па словах дзіцяці, яго адвялі на другі паверх шпіталя, сказалі сядзець там, далі фінікаў, печыва і рысу. У інтэрвію Паддубнаму лекары шпіталя кажуць, што ніякіх прыкметаў хімічнага атручваньня ў пацыентаў, якіх невядомыя людзі аблівалі вадой у прыёмным пакоі, не было.

Якім чынам гэтыя словы хлопчыка могуць сьведчыць пра тое, што паказанае на відэа зьяўляецца пастаноўкай, з сюжэту ня ясна: гаворка можа, напрыклад, ісьці аб прафіляктычнай апрацоўцы ад атручваньня хлёрам, асабліва тых, хто знаходзіўся ў момант удару ў падвалах або на першых паверхах будынкаў.

Макея зацікавіла іншае пытаньне: як Паддубны пазнаёміўся з хлопчыкам і дзе было запісанае інтэрвію зь ім. На думку журналіста, калі знаёмства адбылося пры пасярэдніцтве расейскіх вайскоўцаў, 11-гадовы Дыяб і яго бацька, які таксама прысутнічае на відэа, маглі быць няшчырымі, баючыся пакараньня за «няправільныя» словы.

Папрасіўшы карыстальнікаў Твітэру вызначыць месца здымкі відэа, Роберт Макей высьветліў, што яно было зьнятае ў двары Дома афіцэраў у Дамаску, які выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі. Некалькі зь іх зьяўляюцца ў кадры ў самым пачатку інтэрвію.

Кадр з сюжэту "Вестей недели", на якім за сьпінамі Хасана Дыяба і яго бацькі зьяўляюцца расейскія вайскоўцы
Кадр з сюжэту "Вестей недели", на якім за сьпінамі Хасана Дыяба і яго бацькі зьяўляюцца расейскія вайскоўцы

У публічнай перапісцы з Макеем Паддубны прызнаў, што на відэа інтэрвію з хлопчыкам — афіцэры расейскага Цэнтру па прымірэньню варагуючых бакоў у Сырыі. Паддубны таксама заявіў, што з хлопчыкам і яго бацькам ён пазнаёміўся праз свае крыніцы ў шпіталі Думы, а на прамое пытаньне пра тое, ці было інтэрвію запісана ў афіцэрскім клюбе, адказаў адмоўна.

У той жа час, калі параўнаць кадры інтэрвію і месцы, дзе яно адбываецца, з выявамі афіцэрскага клюбу на яго афіцыйным сайце, становіцца відавочна, што размова адбылася менавіта там, у яго двары.

У выніку хімічнай атакі ў Думе 7 красавіка загінулі, па дадзеных паўстанцаў, 47 чалавек, у асноўным дзеці. 14 красавіка ЗША, Вялікабрытанія і Францыя нанесьлі ракетны ўдар па абʼектах у Сырыі ў адказ на меркаванае ўжываньне сырыйскай урадавай арміяй хімічнай зброі ў Думе. Масква і Дамаск настойваюць, што хімічнай атакі не было. Рада бясьпекі ААН не змагла прыйсьці да кампрамісу і прыняць рэзалюцыі аб меркаванай хімічнай атацы ў Сырыі. Пазьней Рада бясьпекі таксама адхіліла праект рэзалюцыі, прадстаўлены Расеяй, пра асуджэньне ўдараў заходняй кааліцыі па Сырыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG