Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка: У Беларусі колькасьць ІП, занятых у гандлі, скарацілася на 31 тысячу чалавек 


Беларускія прадпрымальнікі

23 красавіка пачаўся Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізаваны аб’яднаньнем «Пэрспэктыва».

У Менск прыехалі блізу дзьвюх сотняў ІП з 18 гарадоў Беларусі, паведамляе БелаПАН. Запрошаныя прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі, дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю, міністэрстваў антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, эканомікі, падаткаў і збораў, працы і сацыяльнай абароны, фінансаў. Прыйшлі ж толькі супрацоўнікі дэпартамэнту прадпрымальніцтва Мінэканомікі, Мінгандлю, Дзяржкамітэту стандартызацыі.

Галоўнае пытаньне парадку дня форуму тычыцца стварэньня ўмоваў працы для індывідуальных прадпрымальнікаў, занятых у раздробным гандлі.

«Мы будзем гаварыць мовай лічбаў, бо гэтыя лічбы пераканаўча сьведчаць, што сёньня інстытут прадпрымальніцтва зьнішчаецца, — сказаў лідэр „Пэрспэктывы“ Анатоль Шумчанка. — Так, колькасьць ІП за 5 гадоў павялічылася на 7%, але тых, хто заняты ў раздробным гандлі, стала меней на 31 тысячу, ці каля 30%. Гэта катастрофа! Калі чыноўнікі ня зробяць нічога, каб выправіць сытуацыю, можна будзе дакладна казаць: ІП раздробнага гандлю ў будучыні ня будзе».

Паводле Анатоля Шумчанкі, паўстала неабходнасьць давесьці ўладам новую канцэпцыю падыходу да бізнэсу, у прыватнасьці да індывідуальных прадпрымальнікаў.

Лідэр «Пэрспэктывы» дадаў, што праблемы, якія нясуць пагрозу бізнэсу, па сутнасьці, засталіся ранейшымі.

Як пісала Свабода, скарачэньне колькасьці індывідуальных прадпрымальнікаў назіраецца ва ўсіх абласьцях Беларусі. Найбольшыя паказчыкі ў Горадзенскай (на 6,2%) і ў Віцебскай (на 5,8%). Пры гэтым улады апошнім часам усё часьцей заяўляюць пра «лібэралізацыю» і паляпшэньне ўмоваў вядзеньня бізнэсу ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG