Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кемераве ўлады сарвалі мітынг супраць Тулеева


Цэнтральную плошчу Кемерава агарадзілі
Цэнтральную плошчу Кемерава агарадзілі

У Кемераве, дзе 25 сакавіка пры пажары ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» загінулі дзясяткі людзей, улады перашкодзілі правядзеньню мітынгу за адстаўку кіраўніка абласнога заканадаўчага сходу Амана Тулеева.

Цэнтральная плошча, на якую была пададзена заяўка на мітынг, з раніцы была ачэпленая паліцыяй, людзей туды не пускаюць да гэтага часу, паведамляе Сибирь.Реалии.

У Кемераўскай вобласьці былі затрыманыя аўтамабілі з жыхарамі Навакузнецка, якія накіроўваліся ў Кемерава на мітынг супраць Амана Тулеева. Паводле інфармацыі відавочцаў, паліцыя праводзіла рэйды на трасах рэгіёну. «Ніхто да Кемерава так і не даехаў, мітынг быў сарваны.

Тры аўтамабілі былі затрыманыя, чацьвёртую машыну разьвярнулі», — заявіла жонка аднаго з арганізатараў Сьвятлана Гаранкова.

Некалькі актывістаў партыі «Яблык» былі затрыманыя ў суботу ў Кемерава яшчэ да пачатку пікету. У большасьці выпадкаў свае дзеяньні паліцэйскія тлумачылі «барацьбой з экстрэмізмам» і іншымі апэратыўнымі мерапрыемствамі.

Тулееў больш за 20 гадоў быў губэрнатарам Кемераўскай вобласьці. Пасьля пажару ў «Зімовай вішні» ў цэнтры Кемерава сотні людзей на няўзгодненым мітынгу запатрабавалі яго адстаўкі. Тулееў праз некалькі дзён сышоў з пасады, аднак адразу ж быў абраны кіраўніком заканадаўчага сходу вобласьці. У пятніцу Тулееў заявіў, што «стаміўся ад бруду і хлусьні» і хоча сысьці з палітыкі, аднак не назваў дакладнай даты.

Па афіцыйных дадзеных, пры пажары загінулі 60 чалавек, большасьць — дзеці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG