Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штраф за гарбату і «чырвоныя людзі»


Некалькі, здаецца, разрозьненых фактаў.

У Віцебску суд прызнаў вінаватымі восем чалавек, якія сабраліся на кватэры, пілі гарбату і пра нешта размаўлялі.

На прадпрыемстве «Менскія цеплавыя сеткі» прымусова зьбіраюць па 5 рублёў на беларускі Чырвоны Крыж. Тым, хто адмаўляецца плаціць, пагражаюць праблемамі і зьніжэньнем заробку.

Адміністрацыя студэнцкага гарадка Берасьцейскага ўнівэрсытэту пачала разьбірацца з студэнтамі, якія паставілі подпісы пад пэтыцыяй за рэалізацыю дарожнай карты Балёнскага працэсу. Гэты дакумэнт яшчэ ў 2015 годзе падпісаў міністар адукацыі Беларусі.

21 красавіка ўсіх грамадзян, якія працуюць, і навучэнцаў прымушаюць выйсьці на суботнік.

Нібы з савецкіх часоў нічога не памянялася.

Здавалася б, нічога новага, падобныя факты здараюцца рэгулярна. Але калі яны амаль адначасова трапляюць на стужку навінаў, то вымалёўваецца даволі дакладная карціна грамадзкага жыцьця краіны. Нібы з савецкіх часоў нічога не памянялася.

Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч у нядаўнім інтэрвію парталу tut.by кажа: «Вы хочаце сказаць, што беларусы жывуць у 21 стагодзьдзі? Ды мы ўсё яшчэ пры сацыялізьме. У нас сацыялістычная вытворчасьць, кіраваньне, мысьленьне. З чаго вы ўзялі, што ўсё іншае? Калі мне кажуць, што гэта гісторыя, я не згаджаюся... Што да Беларусі, то тут вельмі шмат "чырвонага чалавека", паколькі мы не зжылі сацыялістычнае грамадзтва. У нас час спынены. Мяняецца горад, машыны становяцца іншыя, але людзі — не».

Абураюцца гвалтам з боку ўлады толькі адзінкі, дый то, як правіла ананімна.

Абураюцца гвалтам з боку ўлады толькі адзінкі, дый то, як правіла, ананімна. Яны дасылаюць інфармацыю ў незалежныя мэдыі ці публікуюць у сацыяльных сетках. Астатнія маўчаць. Мусіць, ня бачаць у гэтым нічога абуральнага ці абсурднага, лічачы, як у вядомым анэкдоце пра беларусаў, што «можа так і трэба».

Такая палітычная культура, якая грунтуецца на ўяўленьні, што ўлада заўсёды мае рацыю. З такога гледзішча людзі, якія выступаюць супраць улады (то бок апазыцыя), — у лепшым выпадку дзівакі.

Быў у беларускай гісторыі кароткі дэмакратычны пэрыяд на пачатку 1990-х гадоў, калі ўладу можна было свабодна крытыкаваць, нават патрабаваць яе адстаўкі. Але ў масавай сьвядомасьці ён адлюстраваўся як час хаосу, бязладзьдзя, беспарадку. Гэта быў пэрыяд, падчас якога, па словах Лукашэнкі, «улада валялася ў брудзе». Беларусы да такога не былі прызвычаеныя і разглядалі тыя дыскусіі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня як дзіва, ненармальнасьць. А Лукашэнка «навёў парадак», прывёў да нормы.

У любой краіне дзяржаўныя інстытуты робяць так, як дазваляе народ.

Паводзіны ўладаў якраз ня дзівяць. Бо вядома, што ў любой краіне дзяржаўныя інстытуты робяць так, як дазваляе народ. Іншая рэч, што існы рэжым штучна кансэрвуе сацыяльныя ўмовы, якія ўзнаўляюць, рэпрадукуюць залежнасьць насельніцтва ад дзяржавы.

Гэткія культурныя асаблівасьці беларусаў становяцца пэўнай перашкодай на шляху да мадэрнізацыі беларускага грамадзтва. Бо новая эпоха патрабуе свабоднага чалавека. Зразумела, значная частка людзей кампэнсуе несвабоду ў рэале свабодай у віртуале, у сацыяльных сетках. Такая своеасаблівая сублімацыя. Такім чынам народ выпускае пару. Але і тут улады імкнуцца заткнуць рот з дапамогай новага закону аб СМІ.

Гераічныя асобы разбураюць нацыянальны стэрэатып.

А што ж пасіянарная частка грамадзтва? Чаму ж яна аказалася ня здольная павесьці за сабой народ? Значная колькасьць такіх людзей за гэтыя чвэрць стагодзьдзя незалежнасьці зьехала за мяжу. Астатніх улады моцна трымаюць у гета. Да таго ж беларусы ня надта шануюць герояў. Гэта таксама ўнікальнасьць беларускага соцыюму. Падчас сацыялягічных апытаньняў наконт беларускіх герояў большасьць рэспандэнтаў аказваецца ў вялікім задуменьні. Бо гераічныя асобы разбураюць нацыянальны стэрэатып: не высоўвайся, жыві як усе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG