Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два месяцы рэальныя даходы беларусаў павялічыліся на 7,5%


Паводле зьвестак Белстату, у студзені-лютым 2018 году рэальныя даходы насельніцтва вырасьлі на 7,5% да аналягічнага пэрыяду летась.

У агульным аб’ёме грашовых даходаў заробак займае 63,4%; пэнсіі, стыпэндыі і іншая грашовая дапамога — 24,4%; даходы ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасьці — 7,6%; даходы ад уласнасьці і іншае — 4,6%.

Рэальны грашовы даход — гэта даходы насельніцтва без падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі. Сёлета Савет міністраў Беларусі прагназуе павелічэньне рэальных даходаў насельніцтва на 3,2%. За 2017 год рэальны грашовы даход насельніцтва павялічыўся на 2,4%, пры гэтым у 2016 годзе даходы насельніцтва ўпалі на 6,9%.

Узровень малазабясьпечанасьці насельніцтва ў 2016 годзе
Узровень малазабясьпечанасьці насельніцтва ў 2016 годзе

Аляксандар Лукашэнка больш за 10 год абяцае, што сярэдні заробак беларусаў перавысіць 500 даляраў (апошнім часам — 1000 рублёў). У сьнежні 2017 году сярэдні заробак дасягнуў 995,3 рубля, але ў студзені 2018-га рэзка ўпаў — да 859 рублёў. Пры гэтым мэдыянны заробак (не сярэдняе арытмэтычнае ад сумы ўсіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) складаў на лістапад 2017 году 635,4 рубля.

На пачатку сакавіка Аляксандар Лукашэнка абураўся, што людзі мусяць выжываць на 300 рублёў на месяц, а гэта «практычна немагчыма». Адказнасьць за заробкі ён усклаў на старшыняў райвыканкамаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG