Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя міжнародных прафсаюзаў прыехала ў Менск, каб абмеркаваць з уладамі «дармаедзкі» дэкрэт


Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня IndustriALL падчас сустрэчы ў Мінпрацы
Cупольная місія Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня IndustriALL падчас сустрэчы ў Мінпрацы

З сустрэчы ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны 18 красавіка пачаўся візыт у Менск супольнай місіі Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў і міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых сьвету IndustriALL.

Як стала вядома Свабодзе, бакі на перамовах закраналі тры асноўныя тэмы.

Першая — магчымасьці незалежных прафсаюзаў свабодна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць.

Яшчэ ў 2004 годзе Міжнародная арганізацыя працы сфармулявала для беларускага ўраду 12 рэкамэндацый на гэты конт. Як сьцьвярджаюць у незалежным прафсаюзе РЭП, рэкамэндацыі ў бальшыні сваёй так і не былі выкананыя. Сёньня місія заявіла, што гатовая накіраваць у Беларусь сваіх экспэртаў, якія могуць дапамагчы прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з падпісанымі міжнароднымі канвэнцыямі.

Другая — сытуацыя з так званым дэкрэтам аб дармаедзтве. Хоць улады пасьля масавых акцыяў пратэсту і ўнесьлі зьмены ў дакумэнт, аднак, на думку шэрагу экспэртаў, новая рэдакцыя фактычна не адмяняе ідэю прымусу да працы.

Трэцяясправа старшыні РЭП Генадзя Фядыніча і бухгальтара Ігара Комліка, на якіх завялі крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Тэрмін сьледчых дзеяньняў па ёй ужо двойчы працягваўся.

Сёньня ў другой палове дня місія правядзе перамовы ў Міністэрстве замежных спраў. А ўвечары адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя.

У складзе дэлегацыі намесьнік генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў (МКП) Яп Вінэн, намесьнік генэральнага сакратара IndustriALL Кемаль Азкана і іншыя экспэрты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG