Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дубноў: Армянскія пратэсты — гэта працяг беларускага і расейскага досьведу


Пратэсты ў Армэніі, Ерэван, 17 красавіка 2018

Што цяпер адбываецца ў Армэніі? Ці праходзіць падзел паміж пратэстоўцамі і ўладай у Армэніі па лініі Захад — Расея? Сёньняшні пратэст у Армэніі — пратэст крэатыўнай клясы ці народу?

На гэтыя пытаньні адказвае аглядальнік радыё «Рэха Каўказу» Вадзім Дубноў. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст

— Што цяпер адбываецца ў Армэніі? Лідэр пратэстаў Нікол Пашыньян абвясьціў пра пачатак «негвалтоўнай аксамітнай рэвалюцыі». Гэта праўда?

Вадзім Дубноў
Вадзім Дубноў

— Я пачну зь віншаваньняў спадару Пашыньяну. Ён прадстаўнік далёка ня самай уплывовай партыі, якая мае рэпутацыю крыху трагікамічную. Але ён здолеў ускрыць гнайнік татальнага незадавальненьня, які быў у Армэніі заўсёды. Да яго ставіліся як да кепскага надворʼя. Пашыньян здолеў вывесьці людзей на пратэст супраць кепскага надворʼя. Пашыньян гэта здолеў зрабіць, чаго ніхто не чакаў. Гэта вялікая тэхналягічная перамога, што ня трэба блытаць з палітычнай. Зроблена ўсё было па-майстэрску. Ён праехаў па краіне і накідаў зярняты, якія ўзышлі.

Уладу ў Армэніі ня любяць любую, асабліва калі гэта ўлада Сэржа Саргсьяна і асабліва, калі гэтая ўлада фактычна ідзе на трэці тэрмін.

Рэвалюцыі, я мяркую, ня будзе. Ніводзін сурʼёзны палітык да пратэстаў не далучыўся, ніхто з вэтэранаў палітыкі не прыйшоў.

У кадравым сэнсе гэтыя пратэсты — гэта моладзь. Гэта працяг беларускага і расейскага досьведу, досьведу добрых маладых людзей з палаючымі вачыма.

— Вы сказалі пра беларускі і расейскі досьвед. І сапраўды, зьмены ўмоваў гульні спараджалі ў абедзьвюх краінах пратэсты. У Беларусі ў 2004 годзе, пасьля рэфэрэндуму аб колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў, у Расеі ў 2011 годзе, калі Мядзьведзеў «вярнуў» Пуціну Крэмль. Армянскія пратэсты падобныя на гэтыя пратэсты?

Часткова падобныя. Але гэта іншае бесчасоўе. У Расеі і Беларусі гэтае бесчасоўе спараджае найперш пратэсты апазыцыйнага кшталту, якія маюць палітычны зарад. Палітычнае незадавальненьне вельмі кепска фармулюецца. Вельмі ўмоўнае аналёгія — калі немцы мянялі Коля на Шрэдэра. Чаму? Надакучыў. Прэтэнзіяў да Саргсьяна бясконцая колькасьць.

Але самае галоўнае абвінавачваньне да яго — што ён не зрабіў нічога. Гэта не Лукашэнка, які быў апошнім дыктатарам Эўропы, гэта не Пуцін. Яму аднойчы на кніжнай выставе арганізатары падаравалі кнігу Музыля «Чалавек без якасьцяў». І ўсе адгадалі, пра што ідзе размова.

Саргсьян выдатна балянсуе, ён дзіўным чынам кансалідаваў эліту, пры тsм, што ня надта трымае слова.

— Ці праходзіць падзел паміж пратэстоўцамі і ўладай у Армэніі па лініі Захад — Расея?

Не. У Саргсьяна ўсё, што зьвязана з падзелам Расея-Захад, мае карыкатурны характар. Ён у 2008 годзе згубіў гістарычны шанец прымірэньня з Турэччынай. У 2013 годзе ён згубіў гістарычны шанец інтэграцыі зь Эўропай. Тое, што ён падпісаў летась падчас саміту «Усходняга партнэрства» — гэта і позна і абсалютна ня тое. У яго няма гэапалітычных вэктараў.

Тая залежнасьць ад Расеі, якую Армэнія сама сабе шмат у чым арганізавала, зручная ў паліттэхналягічным сэнсе, заўсёды можна зваліць на Расею адказнасьць. А тое, што мы ад яе так залежым — хлопцы, у нас няма альтэрнатывы, у нас бясьпека, Азэрбайджан, Турэччына, нас заўтра без Расеі расьціснуць. Гэта гаворыць улада.

Многія разумеюць, што гэта ня так, але ёсьць звычка так думаць. Як некалі была звычка думаць, што зямля пляскатая. Так прасьцей думаць, ды і не праверыш. Зямля пляскатая, а Расея нас уратуе ў скрайнім выпадку.

Спадар Саргсьян здолеў у межах кіроўнай партыі абʼяднаць увесь спэктар думак. Там ёсьць тыя, каго ў Маскве называюць русафобамі. Але там ёсьць і тыя, хто апошнюю кашулю парве за Расею. І яны ўсе ў адной партыі.

Гэтак жа збудаваны ўвесь спэктар падкантрольнага друку. Там ёсьць вельмі сьмелыя празаходнія выданьні, кіруе гэтым друкам зяць прэзыдэнта. Саргсьян — майстра балянсаў, кампрамісаў, дамоўленасьцяў і разводак.

Масква можа дазволіць сабе глядзець на тое, што адбываецца ў Ерэване, закінуўшы нагу за нагу. Бо хто б ні перамог у Армэніі, ён будзе адносна Расеі займаюць тую самую малацікавую пазыцыю. Вось зараз Ерэван, які супраць Саргсьяна, хоча, каб прэмʼерам быў Карэн Карапэт’ян. Карапэт’ян — былы мэр Ерэвана, былы топ-мэнэджар «Газпрома», пасланы ў Армэнію з Масквы. Я нават ня ведаю, ці адмовіўся ён ад расейскага грамадзянства.

— Вы добра ведаеце Армэнію, але вы шмат пісалі і пра Беларусь, асьвятлялі зь Менску Плошчу 2006 году. На ваш погляд, пратэсты кшталту цяперашніх армянскіх магчымыя ў Беларусі?

Так. У тым сэнсе, што вельмі падобныя пакаленьні. Калі ў Беларусі зьнішчылі клясычную апазыцыю ў 2010 годзе, тады на сцэну выйшла моладзь з палымянымі вачыма. Яе ў Маскве назвалі «шкалатой», думаючы пакрыўдзіць, а насамрэч пахвалілі.

Падабенства і ў тым, што пратэст ані ў Ерэване, ані ў Менску не назаве сябе Майданам. Бо ў Майдане паміж радкоў праглядаецца антырасейская сутнасьць, а ніхто на гэта не рашыцца, бо ў Армэніі і Беларусі гэта не прынясе шмат пунктаў.

Але я думаю, што ў Беларусі пратэсты будуць больш ідэалягізаваныя, больш палітызаваныя, больш выразна сфармуляваныя.

— У Беларусі летась былі пратэсты супраць дэкрэту аб „дармаедах“. Яны былі даволі масавыя і маштабныя. І тады ўсе былі зьдзіўленыя сацыяльным складам пратэсту. Гэта быў народ, а не крэатыўная кляса. Сёньняшні пратэст у Армэніі — пратэст крэатыўнай клясы ці народу?

— Гэта шкалата, якая ёсьць будучая крэатыўная кляса. Народ — не. Народ ненавідзіць уладу. Але Саргсьян проста нічога ня робіць, у адрозьненьне ад Лукашэнкі. Саргсьян ажыцьцяўляе сваю ўладу, балянсуючы паміж рознымі групамі эліты.

Беларускі пратэст супраць дэкрэту аб «дармаедах» быў больш народным, больш стыхійным, яго было складаней асядлаць палітычным элітам. Для палітычнага пратэсту ў Беларусі Лукашэнка дае нагоды. Саргсьян пісьменна не дае.

— У чым вам бачацца адрозьненьні палітычных культураў армян і беларусаў? У вас быў цікавы тэкст на гэтую тэму.

— У армянскай палітычнай культуры даволі шмат міталягізацыі. Але паводле закону дыялектыкі часткай гэтай міталягізацыі зьяўляецца разуменьне цаны гэтым мітам. Адзін і той жа чалавек можа крычаць «Навек з Расеяй» і разумець, што Расея кінула армянаў і ў 1915 годзе, і зараз кіне.

А беларуская традыцыя — яна бязь мітаў. Гэта цьвярозасьць, якая стрымлівае ад якіх бы то ні было дзеяньняў. Ну навошта нешта рабіць, калі ўсё роўна нічога ня зробіш?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG