Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр пратэсту ў Армэніі абвясьціў пра рэвалюцыю


Апазыцыйны дэпутат Нацыянальнага сходу Армэніі, лідэр руху пратэсту супраць падаўжэньня ўлады экс-прэзыдэнта Армэніі Сэржа Саргсьяна на пасадзе прэм’ер-міністра Нікол Пашыньян сёньня заявіў, што пачынаецца народная, негвалтоўная аксамітная рэвалюцыя.

«Афіцыйна заяўляю, што ў краіне рэвалюцыйная сытуацыя», — заявіў Пашыньян.

Сёньня парлямэнт Армэніі выбраў Сэржа Саргсьяна новым прэм’ер-міністрам краіны. Такі вынік адкрытага галасаваньня, якое прайшло ў Нацыянальным сходзе краіны. За адзінага кандыдата прагаласавалі 77, супраць — 17 дэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаваньні.

У Ерэване дэманстранты адмаўляюцца спыніць масавыя акцыі пратэсту, нягледзячы на затрыманьне іх удзельнікаў паліцыяй. У аўторак, паводле паведамленьняў армянскай службы Радыё Свабода, былі затрыманыя не менш за 30 чалавек.

Прыхільнікі апазыцыі намагаюцца перакрыць рух транспарту ў Ерэване: пакідаюць свае машыны пасярод цэнтральных вуліцаў і кажуць, што нешта паламалася, таксама на дарогі выцягваюць лаўкі і сьметніцы, а паліцыя намагаецца гэта спыніць. Пратэстоўцы ідуць маршам па цэнтральных вуліцах.

Паліцыя высунула ў цэнтар гораду бронетэхніку. Нікол Пашыньян атрымаў ад паліцыі пісьмовае папярэджаньне з патрабаваньнем «спыніць дэманстрацыі». Але ён не прачытаў дакумэнт.

Нікол Пашыньян, архіўнае фота
Нікол Пашыньян, архіўнае фота

«У Армэніі пачалося татальнае непадпарадкаваньне», — заявіў Пашыньян, дэманстратыўна парваўшы папярэджаньне паліцыі.

Пашыньян заклікаў пратэстоўцаў таксама заблякаваць уваходы ў будынак Нацыянальнага сходу (парлямэнту), дзе 17 красавіка маюць адбыцца выбары прэм’ер-міністра краіны.

Нягледзячы на чатыры дні пратэстаў, у якіх толькі паводле афіцыйных зьвестак пацярпелі ўжо 46 чалавек (у ліку пацярпелых і Пашыньян).

Былы прэзыдэнт Сэрж Саргсьян ухвалены ў якасьці кандыдата на пасаду прэм’ера.

Сэрж Саргсьян, архіўнае фота
Сэрж Саргсьян, архіўнае фота

Апазыцыя абвінавачвае Саргсьяна ў тым, што ён «хоча стаць прэзыдэнтам трэці раз», пераклаўшы прэзыдэнцкія паўнамоцтвы на прэм’ера, называе яго «паслугачом Крамля».

Саргсьян быў на пасадзе прэзыдэнта 10 гадоў, да 9 красавіка 2018 году. Выбары 2008 году, на якіх ён здабыў перамогу, адзначыліся масавымі пратэстамі; падчас гвалтоўнага разгону дэманстрацыі загінулі 8 пратэстоўцаў і два паліцыянты. Да таго Саргсьян год быў прэм’ер-міністрам, ад 1993 году займаў пасады міністра абароны і міністра ўнутраных справаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG