Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване 22 параненыя, у тым ліку лідэр пратэсту


У выніку сутыкненьняў паміж паліцыяй і пратэстоўцамі ў Ерэване 22 чалавекі атрымалі раненьні, сярод іх — трое паліцыянтаў, а таксама лідэр пратэстоўцаў Нікол Пашыньян.

«Стан аднаго з паліцыянтаў цяжкі, яго цяпер апэруюць. У астатніх пацярпелых лёгкія раненьні, іх сёньня выпішуць зь лякарні», — заявіў журналістам кіраўнік аддзелу рэанімацыі мэдычнага цэнтру «Наір» Анатолій Гнуні.

Паводле яго, у мэдцэнтар з раненьнямі рознай цяжкасьці былі дастаўлены трое паліцыянтаў і сам Пашыньян, у якога рваныя раны.

У Ерэване прыхільнікі апазыцыі ладзяць акцыю грамадзянскага непадпарадкаваньня, каб прадухіліць прызначанае на 17 красавіка галасаваньне ў парлямэнце па кандыдатуры былога прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра Армэніі.

Жывая трансьляцыя армянскай службы Радыё Свабода:

Арганізатар акцыі, лідэр партыі «Грамадзянскі дагавор» Нікол Пашыньян з прыхільнікамі заблякавалі некалькі вуліц у цэнтры Ерэвана. Да іх далучыліся студэнты, пачаўшы сядзячую забастоўку. На 10 хвілін быў спынены рух мэтро, заблякаваныя некалькі мастоў.​

Паліцыя расьцягнула калючы дрот і ўжыла спэцсродкі, праўдападобна шумавыя гранаты.

На скрыжаваньні адной з вуліц гораду адбылося сутыкненьне паміж пратэстоўцамі і кіроўцам аўтамабіля з дзяржаўнымі нумарамі. Кіроўца і пасажыры напалі на актывістаў, нанесьлі ім ўдары і, прарваўшы выстаўленае студэнтамі ачапленьне, селі ў машыну і зьехалі.

Паліцыя Армэніі абвясьціла, што «ўсе дзеяньні актывістаў незаконныя, гэтым яны абмяжоўваюць права грамадзян на свабоду перамяшчэньня».

Удзельнікі шэсьця на чале з Ніколам Пашыньянам прайшлі празь некалькі паліцэйскіх кардонаў. Яны падымалі ўгору рукі, паказваючы, што ня маюць намеру ўступаць у сутыкненьні з паліцыяй і што іх акцыя мірная.

У сакавіку парлямэнт Армэніі ўпершыню выбраў новага прэзыдэнта краіны, канчаткова завяршыўшы канстытуцыйную рэформу 2015 года.

Краіна пераходзіць да парлямэнцкай форме праўленьня. Кіраваць дзяржавай стане прэмʼер-міністар. Кіроўная Рэспубліканская партыя Армэніі 14 красавіка вылучыў на гэтую пасаду Сэржа Саргсьяна, які з 2008 па 2018 гады займаў пасаду прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG