Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя людзі паміж шпацырам і бадзяньнем


Сёньня пра тое, як станоўчыя звычкі могуць незаўважна перацякаць у хваробу.

Своечасова заўважыць нейкія не зусім звычайныя рэчы могуць і павінны найперш блізкія да хворага людзі.

Яскравым прыкладам такой нябачнай на першы погляд хваробы зьяўляецца зьмена частых прагулак на... бадзяньне.

Шпацыр як карысная актыўнасьць

Шпацыр — вельмі карысны від актыўнасьці. Калі чалавек ходзіць ня менш за 30 хвілін на дзень, у яго фармуюцца шматлікія станоўчыя наступствы — зьмяншаецца рызыка сардэчна-судзінных хвароб, зьніжаецца вага. Хадзьба таксама мае супрацьстрэсавае і антыдэпрэсіўнае значэньне.

Калі чалавек ходзіць ня менш за 30 хвілін у дзень, у яго фармуюцца шматлікія станоўчыя наступствы

Падчас хады паляпшаецца функцыя лёгкіх і дыхальнага апарату, павялічваецца трываласьць цягліц, нармалізуецца артэрыяльны ціск, паляпшаецца сон, значна больш эфэктыўнай становіцца дзейнасьць імуннай сыстэмы.

Таксама да станоўчых эфэктаў прагулак трэба аднесьці навукова даказаны прафіляктычны эфэкт разьвіцьця анкалягічных захворваньняў, цукровага дыябэту, высокага ўзроўню трывогі.

Шпацыр як паталёгія

Але бывае, што схільнасьць да доўгіх прагулак можа стаць самай першай прыкметай хваробы, характэрнай для людзей старога ўзросту. Называецца яна дэмэнцыяй або хваробай Альцгаймэра.

У такім выпадку людзі пачынаюць шмат хадзіць, гуляць і, на першы погляд, у гэтым няма нічога дрэннага, хутчэй наадварот. Але калі больш пільна прыгледзецца да паводзін такіх людзей, то можна зразумець, што яны не зусім уяўляюць сабе мэту свайго шпацыру, а менавіта куды яны ідуць, што яны хочуць атрымаць у выніку сваёй хады.

Калі зьвярнуцца да філязофіі Дэкарта, які сьцьвярджаў, што ў падмурку чалавечай дзейнасьці знаходзіцца балянс паміж целам і галавой, то ў нашым прыкладзе цела працягвае працаваць добра, а галава не — чалавек не здае сабе справу, навошта ён ходзіць.

Часта пры хваробе Альцгаймэра пацыент пачынае не шпацыраваць мэтанакіравана, але проста бадзяецца без усялякай мэты, што можа прывесьці да сумных наступстваў. Напрыклад, калі чалавек губляецца, гэта выклікае стрэс і ў яго, і ў сваякоў.

Дзьве парады:

1. Гуляйце штодзённа ня менш за 30 хвілін хуткай хадой, гэта мае шматлікія станоўчыя эфэкты і паляпшае якасьць жыцьця.

2. Будзьце пільныя да паводзін старых людзей, бо ў іх выпадку празьмерная схільнасьць да прагулак бяз пэўнай мэты можа быць самай першай прыкметай дэмэнцыі. Гэта павінна прыцягнуць увагу блізкіх і сваякоў і стаць нагодай да тэрміновага звароту па мэдычную дапамогу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG