Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзеўся беларускі нэўтралітэт


Іранскае агенцтва навінаў Тасьнім распаўсюдзіла гэты здымак пасьля авіяўдараў па Сырыі 14 красавіка
Іранскае агенцтва навінаў Тасьнім распаўсюдзіла гэты здымак пасьля авіяўдараў па Сырыі 14 красавіка

Ваенны крызыс вакол Сырыі вымагае ад афіцыйнага Менску карэктаваць ранейшую палітыку нэўтралітэту і падтрымаць Расею.

З 2014 году, з моманту, калі пачалася вострая канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам праз Украіну, Беларусь імкнулася весьці нэўтральную лінію. Нядаўна тагачасны кіраўнік Украіны Аляксандр Турчынаў апавядаў у інтэрвію, што Аляксандр Лукашэнка абяцаў яму нават паведаміць за суткі аб магчымым нападзе Расеі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі.

Зразумела, гэты беларускі нэўтралітэт ня быў поўным. Беларусь асудзіла эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі. Прычым, тлумачэньне беларускага боку было такое: санкцыі — гэта сам па сабе дрэнны мэтад дыпляматыі, Беларусь таксама шмат нацярпелася ад падобных дзеяньняў ЗША і ЭЗ.

Таксама ва усіх міжнародных арганізацыях беларускія дыпляматы галасавалі супраць рэзалюцый, якія асуджалі дзеяньні Расеі адносна Ўкраіны.

Але, тым ня менш, адкрытай падтрымкі пазыцыі Расеі у яе канфрантацыі з Украінай і Захадам таксама не было. Менск дыстанцыяваўся ад Масквы, беларуская замежная палітыка пасьля Крыму стала значна больш незалежнай. Гэта ацанілі на Захадзе, што паслужыла важным чыньнікам нармалізацыі адносін Беларусі з ЗША і ЭЗ. Менск стаў месцам перамоваў па урэгуляваньні крызысу вакол Украіны.

У экспэртным асяродзьдзі дамінуе думка, што гульня ў беларускі нэўтралітэт магчымая толькі ў мірны пэрыяд.

Але палітыкі, дыпляматы, экспэрты ўвесь час задавалі пытаньне: дзе знаходзіцца мяжа гэтай нэўтральнасьці? У экспэртным асяродзьдзі дамінуе думка, што гульня ў беларускі нэўтралітэт магчымая толькі ў мірны пэрыяд. А як здарыцца нейкі міжнародны крызыс, то Беларусь няўмольнай лёгікай абставін будзе вымушаная стаць у адзін шэраг з Расеяй.

І вось крызыс здарыўся. Сырыйскі. Такой вастрыні супрацьстаяньня паміж Расеяй і ЗША, як цяпер, не было ня толькі ў постсавецкі пэрыяд, але нават і ў позьнія савецкія часы. Экспэрты параўноўваюць цяперашні Сырыйскі крызыс з Карыбскім крызысам 1962 году ці вайной паміж Ізраілем і арабскімі краінамі 1967 году.

Абвастрэньне ваеннага канфлікту вакол Сырыі стала своеасаблівым тэстам для замежнай палітыкі Беларусі, праверкай яе прэтэнзій на нэўтральнасьць. Што ж паказаў гэты тэст?

Раніцай 14 красавіка, праз чатыры гадзіны пасьля ракетных удараў ЗША і іх саюзьнікаў па сірыйскіх вайсковых аб’ектах, МЗС Беларусі выступіў з заявай, у якой адзначаецца: «Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сырыйскай Арабскай Рэспублікі». Далей Міністэрства замежных спраў канстатуе, што «прымяненьне забароненых відаў зброі масавага паражэньня не павінна заставацца без наступстваў».

«Аднак крокі ў адказ павінны грунтавацца на адназначных і правераных фактах і прадпрымацца ў строгай адпаведнасьці з нормамі міжнароднага права. Ні адзін з гэтых крытэрыяў ня быў выкананы тымі, хто сёньня нанёс удар па Сырыі», — гаворыцца ў заяве.

Афіцыйная пазыцыя Беларусі не сынхронная з расейскай. Бо Масква адназначна заяўляе, што ніякай хімічнай атакі не было, гэта правакацыя Вялікабрытаніі. Аднак Менск, відавочна, асуджае дзеяньні ЗША і іх саюзьнікаў і падтрымлівае Расею.

Беларусь пабегла наперадзе паравоза.

Зьвярнуў бы ўвагу, што тут Беларусь пабегла наперадзе паравоза. Іншыя краіны-чальцы АДКБ (зразумела, акрамя Расеі) ніяк не камэнтавалі апошнія падзеі вакол Сырыі. Ва ўсялякім разе сайты МЗС Армэніі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану нічога пра гэта не паведамляюць.

Праўда, зьявілася заяве АДКБ у падтрымку пазыцыі Расеі, прынятая на экстранным пасяджэньні пастаяннага савету арганізацыі. У ёй адзначана, што «атака ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі па Сырыі праведзена ў парушэньне фундамэнтальных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права, насуперак Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый бяз санкцыі Рады бясьпекі ААН». (Нагадаю, што з пачатку канфлікту РФ з Украінай АДКБ ні разу ня выказалася ў падтрымку аднаго з сваіх чальцоў — Расеі.) Але тое калектыўная заява. Дадатковы індывідуальны дыпляматычны дэмарш у падтрымку Масквы з усіх чальцоў гэтага ваенна-палітычнага саюзу зрабіла толькі Беларусь.

Думаю, на Захадзе на гэта зьвернуць увагу. Бо заява МЗС прагучала заўважным дысанансам адносна прэтэнзій афіцыйнага Менску на ролю донара бясьпекі, другой Жэнэвы ці «Хэльсынкі 2». Канцэпт краіны-міратворцы і роля краіны, якая выступае надзейным саюзьнікам аднаго з галоўных удзельнікаў вострага міжнароднага крызысу, відавочна супярэчаць ці нават выключаюць адно другое.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG