Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымусіць Расею зьмяніць стаўленьне». Як у сьвеце адрэагавалі на авіяўдары кааліцыі ў Сырыі


Выбух на вайсковай базе на ўскраіне Дамаску 14 красавіка, фота - Syrian Arab News Agency (SANA).

Свабода прыводзіць міжнародную рэакцыю на самую моцную за гісторыю 7-гадовай грамадзянскай вайны атаку на пазыцыі Башар Асада ў Сырыі.

Расея: Нам ізноў пагражаюць, дзеяньні ЗША не застануцца без наступстваў

Жыхары Дамаску пратэстуюць супраць удараў па Сырыі, 14 красавіка
Жыхары Дамаску пратэстуюць супраць удараў па Сырыі, 14 красавіка

Уладзімір Пуцін асудзіў атакі на Сырыю і назваў іх актам агрэсіі супраць сувэрэннай дзяржавы.

«Сваімі дзеяньнямі ЗША яшчэ больш пагаршаюць гуманітарную катастрофу ў Сырыі, нясуць пакуты мірнаму насельніцтву, па сутнасьці патураюць тэрарыстам», — прыводзіцца заява Пуціна на сайце Крамля.

Амбасадар Расеі ў ЗША Анатоль Антонаў наракае, што папярэджаньні Расеі засталіся не пачутымі.

«Ажыцьцявіўся загадзя напісаны сцэнар. І зноў, нам пагражаюць. Мы папярэджвалі, што падобныя дзеяньні не застануцца без наступстваў. Уся адказнасьць за іх кладзецца на Вашынгтон, Лёндан і Парыж. Абражаць прэзыдэнта Расеі непрымальна і недапушчальна. Злучаныя Штаты, уладальнік самага буйнога патэнцыялу хімічнай зброі, ня маюць маральнага права асуджаць іншыя краіны».

Іран: Бамбардзіроўка адгукнецца ЗША

«Пасьля гэтага нападу... сытуацыя ўскладніцца, і ў першую чаргу пацерпяць інтарэсы ЗША. Яны будуць несьці адказнасьць за наступствы падзей, што насоўваюцца ў рэгіёне. Яны дакладна нанясуць шкоду амэрыканскім інтарэсам», — сказаў іранскаму дзяржагенцтву Fars Йадола Джавані, намесьнік камандуючага элітнага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, байцы якога ўдзельнічалі ў наступальных апэрацыях супраць джыхадзістаў-сунітаў у Сырыі і Іраку.

Францыя: «Чырвоная лінія была перасечаная»

Брытанскі самалёт на базе ў Кіпры
Брытанскі самалёт на базе ў Кіпры

Міністар абароны Францыі паведаміла, што Расея была праінфармаваная пра сумесную ваенную акцыю ўзброеных сіл ЗША, Францыя і Вялікай Брытаніі.

Прэзыдэнт Эмануэль Макрон заявіў, што загадаў ударыць па Сірыі, таму што «дзясяткі мужчын, жанчын і дзяцей былі зьнішчаныя хімічнай зброяй».

«Чырвоная лінія была перасечаная», — дадаў ён у сваім твітэры.

Вялікая Брытанія: «Гаворка ня йдзе пра зьмену рэжыму»

Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан напісаў у Твітары:

«Вітаю навіну пра ваенныя ўдары Злучанага Каралеўства па буйных аб’ектах з хімічнай зброяй у Сырыі разам з амэрыканскімі і францускімі хаўрусьнікамі. Сьвет абʼяднаўся ў сваім непрыманьні любога прымяненьня хімічнай зброі, у асаблівасьці супраць грамадзянскіх асобаў».

Раней прэмʼер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй аддала ўказаньне ўзброеным сілам краіны далучыцца да апэрацый хаўрусьнікаў па нападах на Сырыю. Яна ўсклала адказнасьць на Расею за тое, што кааліцыі прыйшлося зьвярнуцца да ўжываньня сілы.

«Гаворка не ідзе пра ўмешваньне ў грамадзянскую вайну. Гаворка ня йдзе пра зьмену рэжыму. Гаворка ідзе пра абмежаваныя і прыцэльныя ўдары, падчас якіх зроблена ўсё, каб пазьбегнуць наступстваў для мірнага насельніцтва і якія не прывядуць да далейшай эскаляцыі супрацьстаяньня ў рэгіёне», — заявіла яна ў відэапасланьні.

Турцыя: «Гэта ачышчэньне сумленьня чалавецтва»

Мапа начных авіяўдараў
Мапа начных авіяўдараў

Міністэрства замежных справаў Турцыі назвала авіяўдары па Сырыі «ачышчэньнем сумленьня чалавецтва» і «абгрунтаваным адказам на прымяненьне хімічнай зброі» супраць мірнага насельніцтва ў горадзе Дума, у чым Захад абвінавачвае сырыйскія ўлады. Нагадаем, Турцыя ўваходзіць у НАТО.

Нямеччына: «Мы павінны прымусіць Расею зьмяніць сваё стаўленьне да сырыйскага канфлікту»

13 красавіка кіраўнік МЗС Нямеччыны Хайка Мас заклікаў Захад узмацніць ціск на Расею празь яе ролю ў грамадзянскай вайне ў Сырыі.

«Мы павінны прымусіць Расею зьмяніць сваё стаўленьне да сырыйскага канфлікту», — адзначыў Мас пасьля перамоваў у Брусэлі з кіраўніком Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер.

Беларусь: «Сытуацыя ў Сырыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт»

«Рэспубліка Беларусь рашуча асуджае ўдары, нанесеныя па тэрыторыі Сырыйскай Арабскай Рэспублікі 14 красавіка 2018 года, — перадае прэс-служба МЗС. — Тым самым сытуацыя ў Сырыі фактычна ператвараецца ў міждзяржаўны ўзброены канфлікт, што небясьпечна далейшай некантралюемай эскаляцыяй, якая выходзіць за рамкі рэгіёну».

Нагадаем, авіяўдары па сырыйскіх аб’ектах нанесьлі сілы кааліцыі ЗША, Вялікабрытаніі Францыі ў ноч зь пятніцы на суботу. У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што было выпушчана больш за сотню крылатых ракет. Удары прыйшліся па абʼектах ваеннай і грамадзянскай інфраструктуры Сырыі. ТАСС, са спасылкай на Міністэрства абароны РФ, паведамляе, што расейскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны ніводнай ракеты не зьбівалі. Па паведамленьнях расейскіх крыніц, сырыйская сыстэма СПА зьбіла «дзясяткі» ракетаў.

ЗША нанесьлі паветраны ўдар па Сырыі ў адказ на застасаваньне хімічнай зброі

Начныя авіяўдары па Сырыі — самая моцная атака на войскі Асада за 7 год вайны. Мапа пацярпелых раёнаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG