Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША нанесьлі паветраны ўдар па Сырыі ў адказ на ўжываньне хімічнай зброі

абноўлена

Авіяўдар па вайсковай частцы на ўскраіне Дамаску. Фота - Syrian Arab News Agency (SANA)
Авіяўдар па вайсковай частцы на ўскраіне Дамаску. Фота - Syrian Arab News Agency (SANA)

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў пятніцу вечарам аддаў загад аб нанясеньні паветраных удараў па мэтах у Сырыі.

У тэлезвароце да краіны прэзыдэнт Трамп заявіў аб тым, што ўдары нанесеныя па аб’ектах, зьвязаных з праграмай вытворчасьці хімічнай зброі ў Сырыі. Паводле прэзыдэнта, «бойня» ў горадзе Дума ў мінулыя выходныя, дзе ў выніку хімічнай атакі былі забітыя некалькі дзясяткаў мірных жыхароў, «уяўляла сабой рэзкую эскаляцыю практыкі выкарыстаньня хімічнай зброі жахлівым рэжымам».

На прэс-брыфінгу пасьля завяршэньня апэрацыі, міністар абароны ЗША Джэймс Мэціс і кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Джозэф Дэнфард паведамілі, што ўдары былі нанесеныя па трох аб’ектах: ваенны дасьледчы цэнтар, дзе распрацоўваецца хімічная зброя ў прадмесьці Дамаску, склады, дзе захоўваюцца кампанэнты хімічнай зброі і камандны пункт сырыйскай арміі непадалёк ад горада Хомс.

Паводле Джэймса Мэціса, у саюзьнікаў ёсьць шырокі сьпіс аб’ектаў, зьвязаных з вытворчасьцю і захоўваньнем хімічнай зброі. Зь іх былі абраныя толькі тры, паколькі саюзьнікі распачалі асаблівыя намаганьні, каб прадухіліць выпадковыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Па аб’ектах было выпушчана «у два разы больш ракет», чым падчас леташняга ўдару па сырыйскай базе Эш-Шайрат, калі было выкарыстана 59 крылатых ракет.

Генэрал Дэнфард падкрэсьліў, што расейскі бок ня быў папярэджаны аб ударах. Расеі толькі паведамілі па спэцыяльнай лініі аб тым, што авіяцыя саюзьнікаў будзе праводзіць апэрацыі ў пэўных зонах паветранай прасторы над Сырыяй.

Удары былі зробленыя крылатымі ракетамі, у апэрацыі таксама ўдзельнічалі самалёты. Пра тое, ці былі задзейнічаныя расейскія сродкі супрацьпаветранай абароны, пакуль невядома. Як паведаміў генэрал Дэнфард, сырыйцы паспрабавалі выкарыстоўваць свае сыстэмы СПА. Падрабязная інфармацыя аб выніках атакі будзе прадстаўлена на прэс-брыфінгу ў Пэнтагоне ў суботу раніцай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG