Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскім парлямэнце абвінавацілі Радыё Свабода ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары


Сэнатары ўбачылі прыкметы ўмяшаньня мэдыя ў прэзыдэнцкія выбары ў Расеі. У гэты сьпіс СМІ трапілі расейская служба Радыё Свабода, «Голас Амэрыкі», расейская служба BBC, Deutsche Welle.

Часовая камісія Савету Фэдэрацыі Расеі па абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту вызначыла 12 сродкаў масавай інфармацыі, якія, паводле інфармацыі сэнатараў, умешваліся ў выбары прэзыдэнта Расеі. Пра гэта РБК расказаў старшыня камісіі Андрэй Клімаў.

Кіраўнік часовай камісіі верхняй палаты Андрэй Клімаў назваў РБК 10 з 12 СМІ, якія трапілі ў гэты сьпіс: «Голас Амэрыкі», Радыё Свабода і яе праекты «Крым.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Idel.Реалии», «Сибирь.Реалии», а таксама расейская служба BBC, Deutsche Welle, француская радыёстанцыя RFI і тэлеканал «Настоящее время». Цалкам сьпіс разам з «нагляднымі прыкладамі умяшаньня» будзе апублікаваны ў дакладзе аб прэзыдэнцкіх выбарах у траўні пасьля інаўгурацыі Ўладзіміра Пуціна.

Сэнатар падкрэсьліў, што пры складаньні сьпісу парлямэнтары аналізавалі працу толькі тых СМІ, якія атрымліваюць замежнае дзяржфінансаваньне і вяшчаюць на расейскай мове.

Акрамя названых СМІ, Клімаў раскрытыкаваў дзейнасьць амэрыканскай некамэрцыйнай арганізацыі Фонд Карнэгі, якая публікавала ў перадвыбарчы пэрыяд артыкулы, якія «адкрыта ганяць інстытут расейскіх выбараў і крытыкуюць аднаго з кандыдатаў».

Уключэньне ў сьпіс Савету Фэдэрацыі, па сутнасьці, зьяўляецца папярэджаньнем для СМІ, адзначыў Клімаў. Ня выключана, што пасьля гэтага, калі яны «працягнуць дзейнічаць у тым жа духу», яны трапяць у сьпіс СМІ — замежных агентаў, дадаў сэнатар.

У цяперашні час замежнымі агентамі ўжо прызнаныя «Голос Америки», «Настоящее время», расейская служба Радио Свобода і яе праекты — «Сибирь.Реалии», «Idel.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Крым.Реалии», татара-башкірская служба Радыё Свабода і «Фактограф». Яны, як і арганізацыі — замежныя агенты, абавязаны рэгістравацца ў Мінюсьце, пазначаць свой статус ва ўсіх сваіх публікацыях, а іх фінансавая справаздачнасьць падлягае абавязковаму аўдыту.

Пытаньне пра тое, ці прывядзе ўключэньне ў сьпіс да фактычных наступстваў для СМІ, застаецца адкрытым, сказаў РБК экспэрт Маскоўскага цэнтру Карнэгі Андрэй Калесьнікаў. «Пакуль камісія Савету Фэдэрацыі дзейнічае ў квазіаналітычным жанры. Але гэта орган, які, згодна з Канстытуцыяй, дастаткова поўнаўладны і валодае заканадаўчай ініцыятывай, таму некаторыя іх высновы могуць увасабляцца ў форму законаў», — адзначыў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG