Камандзір атраду, які гасіў пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расейскім горадзе Кемерава, не прызнае віны ў нядбайнасьці, якая прывяла да гібелі людзей. Пра гэта перадае агенцтва «Интерфакс».
Сяргей Генін заявіў 12 красавіка ў судзе, што пажарныя выратавалі аднаго чалавека з кіназалі, але загінулі б самі, калі б ня выйшлі.
Генін таксама адзначыў, што да сходаў пажарных вёў работнік будынку. Пры гэтым, паводле слоў ратавальніка, супрацоўнікі гандлёвага цэнтру не дапамагалі яго калегам.
«Вінаватым сябе не лічу. У мяне два вухі, крычалі чалавек 20», — сказаў Генін.
Сяргей Генін падчас пажару ў «Зімовай вішні» узначальваў зьвяно газадымаахоўнай службы і, паводле вэрсіі сьледзтва, праігнараваў інфармацыю пра тое, што на чацьвёртым паверсе гандлёвага цэнтру знаходзяцца дзясяткі людзей, у ліку якіх былі дзеці.
У Сьледчым камітэце Расеі сьцьвярджаюць, што праз халатнасьць Геніна загінулі ня менш як 37 чалавек. У Міністэрстве надзвычайных сытуацый Расеі настойваюць, што Генін дзейнічаў паводле статуту.
Пажар у Кемераўскай гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» адбыўся 25 сакавіка. Паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 64 чалавекі, у іх ліку больш за 40 дзяцей. Паведамлялася, што ў гандлёвым цэнтры ў момант узгараньня не спрацавала пажарная сыгналізацыя, а многія эвакуацыйныя выхады былі заблякаваныя.
Па справе аб пажары ў «Зімовай вішні» арыштаваныя ўжо сем чалавек.