Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Смаленскам ушанавалі памяць палякаў, забітых НКВД, і польскіх урадоўцаў, якія загінулі ў авіякатастрофе. ФОТА


У мэмарыяльных мерапрыемствах узялі ўдзел амбасадар Рэспублікі Польшча ў Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімеж Марціняк і прадстаўнікі Дамоў Польскіх у Расеі.

На месцы авіякатастрофы так і не зьявіўся абяцаны супольны помнік

Некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў польскай дыяспары з розных расейскіх гарадоў, наведалі месца авіякатастрофы, якая здарылася на ўскраіне Смаленску 8 год таму. Яна забрала жыцьці 96 пасажыраў польскага прэзыдэнцкага самалёта — дзяржаўных дзеячаў і іх семʼяў, у тым ліку тагачаснага кіраўніка Польшчы Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі.

Памінальныя імпрэзы адбываюцца тут штогод, але дагэтуль так і застаўся нязьдзейсьненым намер супольнымі намаганьнямі ўсталяваць помнік загінулым. 11 красавіка 2011 году, калі месца аварыі наведалі тагачасныя прэзыдэнты Польшчы і Расеі Браніслаў Камароўскі і Дзьмітры Мядзьведзеў, быў абвешчаны сумесны конкурс праектаў такога помніка на аэрадроме «Паўночны».

Аднак і да сёньня пра трагічныя падзеі нагадвае хіба толькі старая бяроза, у якую ўрэзаўся самалёт «ТУ-154», і крыж, якім адзначана месца, дзе знайшлі парэшткі Леха Качыньскага. Ды яшчэ вялізны камень-валун з шыльдай на расейскай і польскай мовах. Яна зьявілася тут колькі год таму замест ранейшай польскамоўнай, на якой пазначалася, што прэзыдэнт Качыньскі і іншыя ахвяры ляцелі ў Катынь на месца забойства энкавэдыстамі польскіх афіцэраў. У цяперашнім надпісе пра гэта ня згадваецца.

Бяроза, у якую ўрэзаўся прэзыдэнцкі самалёт
Бяроза, у якую ўрэзаўся прэзыдэнцкі самалёт

І ўвогуле, не абазнанаму ў мясцовай тапаграфіі чалавеку вельмі цяжка знайсьці месца колішняй трагедыі: у Смаленску няма ніводнага ўказальніка, на які мог бы арыентавацца турыст. А частка былога аэрадрому цяпер прыватная тэрыторыя, яна абнесеная жалезным плотам, і толькі ў гэты жалобны дзень шлях для ўсіх ахвотных быў адкрыты.

Прамова Качыньскага прагучала ў Катыні праз 8 год пасьля ягонай гібелі

10 красавіка 2010 году дэлегацыя польскіх урадоўцаў ляцела ў Смаленск, каб наведаць мэмарыял у прыгарадным мястэчку Катынь. Тут, у Катынскім лесе, пахавана амаль 4 з паловай тысячы польскіх афіцэраў, расстраляных на загад НКВД у 1940 годзе, а таксама незьлічоная колькасьць савецкіх грамадзян, ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Дэлегацыя з Польшчы мелася ўзяць удзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 70-годзьдзю так званага «катыньскага расстрэлу».

Ускладаньне кветак перад набажэнствам
Ускладаньне кветак перад набажэнствам

10 красавіка 2018 году амбасадар Рэспублікі Польшча ў Расеі Ўладзімеж Марціняк працытаваў урывак з прамовы, зь якой зьбіраўся выступіць у Катыні загінулы прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі.

Выступае амбасадар Ўладзімеж Марціняк (Włodzimierz Marciniak)
Выступае амбасадар Ўладзімеж Марціняк (Włodzimierz Marciniak)

«Катыньскі расстрэл заўсёды будзе нагадваць пра пагрозу прыніжэньня і зьнішчэньня людзей і народаў, пра магутны падман. Але ён будзе сьведчаньнем таго, што людзі і народы ўмеюць нават у самыя складаныя часы выбраць свабоду і абараніць праўду», — такімі словамі сканчалася прамова, якой не давялося прагучаць 8 гадоў таму.

Спадар Марціняк падкрэсьліў, што катынская трагедыя — гэта частка гісторыі, памяці і ідэнтычнасьці. А змаганьне з замоўчваньнем праўды пра расстрэлы ў Катыні — гэта ня толькі важкі досьвед некалькіх пакаленьняў палякаў, але і пасланьне кожнаму чалавеку і ўсім народам.

7 красавіка месца авіякатастрофы пад Смаленскам і мэмарыяльны комплекс у Катыні наведала і дэлегацыя не прызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Беларусі (ZPB).

У Варшаве ў атмасфэры скандалу адкрываюць помнік ахвярам смаленскай катастрофы. ФОТА

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG