Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стратэгія партнэрства для Беларусі: 700 мільёнаў даляраў ад Сусьветнага банку і МФК


Прэзыдэнт Сусьветнага банку Джым Ён Кім

Рада дырэктараў Сусьветнага банку зацьвердзіла новую рамачную стратэгію партнэрства для Беларусі на 2018-2022 гады. Паведамляецца, што дакумэнт накіраваны на падтрымку ўстойлівага росту нацыянальнай эканомікі і павышэньне ўзроўню жыцьця ў краіне.

Нізкі працэнт і працяглы тэрмін крэдытаваньня

Як расказалі падчас прэзэнтацыі стратэгіі партнэрства прадстаўнікі Сусьветнага банку ў Беларусі, аб’ём крэдытнай праграмы ацэньваецца на ўзроўні звыш 570 мільёнаў даляраў на чатыры гады. Акрамя таго, ад 90 да 120 мільёнаў даляраў на гэты ж тэрмін закладаецца Міжнароднай фінансавай карпарацыяй. Памер крэдытаваньня будзе вызначацца ступеньню разьвіцьця прыватнага сэктару ў Беларусі і на падставе высноваў Шматбаковага агенцтва гарантаваньня інвэстыцый.

«Група Сусьветнага банку імкнецца павышаць якасьць жыцьця грамадзянаў. Гэта прадугледжвае павелічэньне колькасьці працоўных месцаў у прыватным сэктары, разьвіцьцё ведаў і навыкаў, адпаведных патрабаваньням часу, разьвіцьцё інфраструктуры, якая спрыяе росту эканомікі і ахове навакольнага асяродзьдзя. Устойлівае падвышэньне ўзроўню жыцьця вымагае структурных зьменаў з улікам узмацненьня ролі рынкавых фактараў і ўмацаваньня мэханізмаў сацыяльнай абароны», — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Сусьветнага банку ў Беларусі Алекс Крэмер.

Міжнародны форум прадпрымальніцтва ў Менску
Міжнародны форум прадпрымальніцтва ў Менску

Новая рамачная стратэгія партнэрства ўзгодненая з праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2016-2020 гады і заснаваная на рэкамэндацыях комплекснага дыягнастычнага дасьледаваньня эканомікі краіны, падрыхтаванага Сусьветным банкам. У іх ліку праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва», «Здароўе народу і дэмаграфічная бясьпека», «Адукацыя і моладзевая палітыка», «Камфортнае жыльлё», «Энэргазьберажэньне», «Беларускі лес».

Адзначаецца, што ў наступныя пяць гадоў фінансавая падтрымка Сусьветнага банку будзе сканцэнтраваная на трох напрамках.

  • Стварэньне магчымасьцяў для разьвіцьця прыватнага сэктару і падвышэньне эфэктыўнасьці дзяржаўных інвэстыцый;
  • Падтрымка чалавечага капіталу за кошт паляпшэньня ўмоваў навучаньня ў сфэры адукацыі і якасьці мэдычнай дапамогі;
  • Разьвіцьцё інфраструктуры і чалавечага патэнцыялу.

Галоўны плюс супрацы з Сусьветным банкам беларускія ўлады бачаць у тым, што сродкі на праекты выдаткоўваюцца, як правіла, пад нізкі працэнт і на працяглы тэрмін.

Паляпшэньне бізнэс-асяродзьдзя і падтрымка канкурэнцыі

Рамачная стратэгія партнэрства зьяўляецца сумеснай стратэгіяй Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, Міжнароднай фінансавай карпарацыі і Шматбаковага агенцтва гарантаваньня інвэстыцый. Яна распрацаваная на аснове кансультацый зь дзяржаўнымі органамі, бізнэс-асацыяцыямі, арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, навуковымі коламі і бэнэфіцыярамі.

Прадстаўнікі Сусьветнага банку выказалі спадзеў, што празрыстасьць інфармацыі, дыялёг паміж дзяржаўным і прыватным сэктарамі ў Беларусі палепшаць працэс прыняцьця рашэньняў.

«Павелічэньне прыватных інвэстыцый — аснова стратэгіі Міжнароднай фінансавай карпарацыі, — адзначыў кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва арганізацыі ў Беларусі, Малдове і Ўкраіне Джэйсан Пэлмар. — Цягам усяго пэрыяду дзеяньня наступнай стратэгіі карпарацыя будзе садзейнічаць Беларусі ў паляпшэньні бізнэс-асяродзьдзя, падтрымцы канкурэнцыі і павелічэньні ўдзелу прыватнага сэктару ў розных галінах эканомікі».

Траса М1 рамантавалася за сродкі Сусьветнага банку
Траса М1 рамантавалася за сродкі Сусьветнага банку

Пачынаючы ад 1992 году, Сусьветны банк выдаў Беларусі крэдытныя рэсурсы на суму больш за 1,7 мільярда даляраў. Акрамя таго, на рэалізацыю праграмаў, уключна з удзелам арганізацый грамадзянскай супольнасьці, выдадзена грантавае фінансаваньне ў аб’ёме звыш 30 мільёнаў даляраў.

За гэтыя сродкі праводзілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўчага сэктару эканомікі Беларусі, рэканструкцыя аўтамабільнай шашы М1, на пачатку красавіка прынята рашэньне пра дадатковыя 12 мільёнаў эўра на разьвіцьцё лясной гаспадаркі Беларусі.

Інвэстыцыйны партфэль на сёньняшні дзень уключае восем праектаў на суму 789 мільёнаў даляраў. У папярэдні пэрыяд, які ахапіў 2014-2017 фінансавыя гады, было падпісана сем пагадненьняў на 655 мільёнаў даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG