Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уводзіць войскі ў Беларусь — тое самае, што ўводзіць карныя войскі ў Тульскую вобласьць», — Радзіхоўскі


Леанід Радзіхоўскі

Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён заяўляе, што замежная палітыка Расеі — гэта толькі «піяр і эстэтыка», лічыць, што грошай у Расеі на падтрымку Беларусі больш няма, і тлумачыць, чаму гвалт у дачыненьні да Беларусі пярэчыць базавым устаноўкам расейскага грамадзтва.

Госьць «Інтэрвію тыдня» — расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён заяўляе, што замежная палітыка Расеі — гэта толькі «піяр і эстэтыка», лічыць, што грошай у Расеі на падтрымку Беларусі няма, і тлумачыць, чаму гвалт у дачыненьні да Беларусі пярэчыць базавым устаноўкам расейскага грамадзтва.

Замежная палітыка Расеі — гэта піяр, на 99 працэнтаў проста словы і эстэтыка

— Нягледзячы на тое, што выбары прэзыдэнта Расеі ня мелі ніякай інтрыгі, бо вынік быў загадзя вядомы — яны сталі пэўнай вяхой для аналітыкаў і камэнтатараў. Ці зьменіцца замежная палітыка Крамля, якія новыя сюрпрызы рыхтуе міжнароднай супольнасьці «новы» прэзыдэнт Расеі?

— Наконт сюрпрызаў я з вамі згодны. Пуцін паводле свайго характару і ўсяго, што мы пра яго ведаем, абажае піяр. Абажае зьдзіўляць, рабіць нечаканае ўражаньне, рабіць, як казаў Ельцын, «ракіровачкі», «загагуліны». Таму, з аднаго боку, мы можам чакаць розных раптоўных хадоў у замежнай палітыцы. Не ва ўнутранай, бо там усё сур’ёзна, там трэба адказваць за рэальныя дзеяньні — не перад парлямэнтам, вядома, а перад 140 мільёнамі людзей, якіх Пуцін, паводле традыцыі расейскіх цароў, пабойваецца.

Таму ўсе сюрпрызы, задавальненьне і гульня ў яго — усё гэта ідзе на замежную палітыку, дзе можна актыўна «працаваць языком». Тым болей што любую ягоную замежную палітыку насельніцтва Расеі захоплена падтрымае. Для гэтага патрэбны толькі пэўны набор словаў, пэўны стыль. Калі Пуцін на словах, рухам броваў дэманструе жорсткасьць, ганарыстасьць, незгінальнасьць — то астатняе другасна. Галоўнае — як пада́ць. Галоўнае — пада́ць гэта як наступ, уставаньне з калень.

Замежная палітыка Расеі — гэта на 99 працэнтаў проста словы і эстэтыка. Эстэтыка гордай, грознай, сувэрэннай дзяржавы, якая ніколі не адступае. Але справы могуць быць вельмі рознымі, фактычна ад 2014 году Расея толькі і робіць, што адступае. Але гэта нікога ў Расеі не бянтэжыць.

Фактычна ад 2014 году Расея толькі і робіць, што адступае. Але гэта нікога ў Расеі не бянтэжыць

Таму ў замежнай палітыцы ў Пуціна рукі разьвязаныя, язык разьвязаны. Але што ён будзе рабіць, зразумець цяжка. Бо працягваць лаянку з усімі можна, гэта лёгка, але сумна, нічога новага. Няма той самай нечаканасьці і фішкі.

— Можа, лаянка — гэта і сумна. Але весьці дыялёг, дыпляматычна саступаць па нейкіх пунктах — яшчэ больш сумна?

— Не, чаму ж. Гэта быў бы нечаканы ход. 10 гадоў мы сварымся з Захадам. Даволі тупа, упёршыся ілбом у сьценку. Усе да гэтага звыклі. Вось Пуцін нядаўна выступіў перад Фэдэральным Сходам, паказваў мульцікі пра незвычайныя ракеты, якія адным ударам могуць зьнішчыць Амэрыку. Ну і што, які гэта дало эфэкт? Нуль. На Захадзе нікога гэта не зьдзівіла, не зацікавіла, тым болей не спалохала. Ніхто не пачуў і ні на якія перамовы зь ім не пайшоў. То бок рух у гэты бок — гэта ня рух, гэта пераскок з нагі на нагу.

Але калі б Пуцін, у сытуацыі поўнага тупіка, пачаў перамовы, канструктыўныя адносіны — гэта быў бы прарыў. (Вядома, толькі на словах). Але на тое гэта і піяр. Калі б ён разгарнуўся, то ўсе б на Захадзе ахнулі, і Пуцін зноў бы зьявіўся на вокладках часопіса Time. І ўнутры краіны шмат хто адчуў бы вялікую палёгку, бо сварыцца з усімі надакучыла. Але пры ўмове, што мы будзем адступаць з выглядам, нібыта мы наступаем. Галоўнае — не выбачацца, а што ты пры гэтым рэальна робіш, ня важна. Галоўнае — праца языком.

«На сёньня дзяржаўны гімн Расеі зводзіцца да двух словаў — „грошай няма“»

— Як з гэтага гледзішча можна прааналізаваць беларуска-расейскія адносіны? Там сустракаецца ня толькі піяр, але і пэўныя дзеяньні. Напрыклад, навіна гэтых дзён — Расея заяўляе, што будзе адмаўляцца ад беларускага малака, і раіць беларусам шукаць новыя рынкі збыту.

— Эканамічная палітыка Расеі — гэта іншая гісторыя. Як казаў Чарнамырдзін, «урад — гэта ня той орган, дзе можна адным языком». Эканоміка Расеі ў даволі паганым стане, прычым даволі даўно. Шмат у чым гэта цана за наш шумны антызаходні піяр — што хацелі, тое і атрымалі.

Расея будзе весьці больш жорсткую эканамічную палітыку, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі, па ўсіх пазыцыях

І адна з галоўных зонаў росту — гэта сельская гаспадарка. І Расея зацікаўленая ў тым, каб максымальна ўздымаць сваю сельскую гаспадарку. Я ў гэтым кантэксьце разглядаю і гэтую сварку «вакол яек». Я думаю, што ў найбліжэйшыя гады Расея будзе весьці больш жорсткую эканамічную палітыку, у тым ліку і ў дачыненьні да Беларусі, па ўсіх пазыцыях.

Тая сытуацыя, калі з шырокага панскага пляча Расея давала дапамогу Беларусі (прынамсі, так гэта ўспрымалася ў самой Расеі), — гэта ўсё ўжо скончылася. І аднаўленьня гэтага ня будзе. Проста на сёньня дзяржаўны гімн Расеі зводзіцца да двух словаў — «грошай няма».

— Сярод прыгожых фармулёвак, якія апісваюць беларуска-расейскія дачыненьні, самая вядомая гучала так — «газ у абмен на пацалункі». Нядаўна я пачуў і іншую — «Расея любіць вушамі». Вы лічыце, што 20 гадоў Расея любіла Беларусь вушамі, а цяпер разьлюбіць, бо грошай няма?

— Менавіта так. Расея любіць вушамі, ненавідзіць вушамі, ваюе языком. Расея жыве піярам. Уся замежная палітыка Расеі — гэта псыхатэрапія. Ніякіх сваіх рэальных праблем Расея сваёй замежнай палітыкай не вырашае. У эканоміцы Расея плаціць за словы. Але цяпер грошай няма. І таму гэтая лінія ўжо даволі даўно згортваецца. Наколькі я разумею, аб’ём таго, што называецца дапамогай Беларусі, за апошнія гады значна зьменшыўся.

Украіна лічылася ў сьвядомасьці расейскага чалавека не самастойнай дзяржавай, а часткай Расеі. Дакладна так ставяцца і да Беларусі

— У Беларусі вельмі неспакойна ўспрымаюць любую публікацыю ў расейскай прэсе, асабліва калі яна мае элемэнты прапаганды, што адразу нагадвае пра дэманізацыю ўкраінцаў у расейскіх СМІ. Напрыклад, пра мітынг, прысьвечаны стагодзьдзю БНР, расейская прэса, сярод іншага, напісала «Батькины нацисты» — маўляў, у Беларусі адбываецца антырасейскае аб’яднаньне апазыцыі і ўлады. Вы лічыце, што Крэмль даў адмашку такім публікацыям і гэта будзе толькі нарастаць?

— Я ня думаю, што гэта будзе нарастаць, шмат зь якіх прычын. Першая — у Расеі вельмі хваравіта ставяцца да фразы «вы адны, у вас няма сяброў і саюзьнікаў». І таму з кожнай краінай-саюзьнікам Расея вельмі і вельмі носіцца. Вядома, галоўны саюзьнік Расеі, сонца і бог, сіла і сьцяг — гэта Кітай. Але тут у Расеі свой комплекс. Масква вельмі любіць дэманстраваць сваю крутасьць і незалежнасьць — але толькі ў дачыненьні да Захаду. Але не да Кітаю. Прымаць ролю малодшага партнэра — для Расеі крыўдна і непрыемна. У такой сытуацыі любы саюзьнік вельмі каштоўны, і псаваць зь ім адносіны Расея ня хоча.

Другое — канкрэтна да Беларусі. Расейскі чалавек успрымае Беларусь як найбліжэйшага саюзьніка. Гэтаксама як і Ўкраіна лічылася ў сьвядомасьці расейскага чалавека не самастойнай дзяржавай, а часткай Расеі. Дакладна так адносяцца і да Беларусі. Але адносна Ўкраіны гэта мела агрэсіўнае адценьне — маўляў, украінцы хітруюць, робяць нам падлянкі.

Я не прыпомню выпадкаў рэзкіх канфліктаў Пуціна з дыктатарамі

У стаўленьні да Беларусі такога няма. Беларусаў лічаць людзьмі прамымі, сумленнымі, ня хітрымі — карацей, сваімі. Стаўленьне да Беларусі як краіны і да беларусаў як народу — самае добразычлівае з усіх магчымых. Таму псаваць адносіны зь Беларусьсю псыхалягічна немагчыма.

І трэцяе — асабіста Лукашэнка. Рэч у тым, што Пуціну ўласьцівыя арганічнае адштурхоўваньне ад дэмакратычных краінаў і сымпатыя да любых дыктатураў. Я не прыпомню выпадкаў рэзкіх канфліктаў Пуціна з дыктатарамі. Такія краіны арганічна Пуціну прыемныя. Таму моцна сварыцца з Лукашэнкам ён ня будзе.

— Ну вось вы кажаце, што масавая сьвядомасьць расейцаў не ўспрымае Беларусь як незалежную дзяржаву. Чаму б тады Пуціну не ажыцьцявіць векавую мару расейскага народу і далучыць ня толькі Крым, але і Беларусь?

— Бо, па-першае, гэта выкліча новы, нечуваны скандал з усім сьветам. Па-другое, мы страцім найбліжэйшага саюзьніка і займеем, мякка кажучы, незадаволеную правінцыю. Увогуле ў галаве ў расейскага чалавека ня ўкладваецца, як гэта можна ўводзіць войскі ў Беларусь — гэта тое самае, што ўводзіць карныя войскі ў Тульскую вобласьць. Гэта проста псыхалягічна немагчыма.

Іншая справа, калі б Беларусь сама прасіла і маліла — «далучыце нас». Тады, канечне, з найвялікшай радасьцю. Але гэта немагчыма, бо ў Беларусі няма аніводнага палітыка, які б казаў, што трэба ліквідаваць дзяржаўнасьць — то і размовы няма.

Гвалт у дачыненьні да Беларусі будзе ня проста непапулярны ў Расеі — гэта будзе пярэчыць базавым устаноўкам расейскага грамадзтва. А Пуцін ніколі ня робіць нічога, што пярэчыць базавым устаноўкам расейскага грамадзтва. Уся ягоная папулярнасьць грунтуецца толькі на тым, што ён ведае архетыпы і комплексы большасьці грамадзян Расеі і дакладна ім адпавядае. Усё, што робіць Пуцін — ён проста матэрыялізуе комплексы і архетыпы расейскага насельніцтва, таму ён такі папулярны. А пайсьці гвалтам на Беларусь — гэта значыць цалкам пайсьці супраць архетыпаў расейскага насельніцтва.

Палітоляг Ягораў: «Калі б у Крамлі верылі, што Беларусь можна анэксаваць без крыві, яны б гэта зрабілі»

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG