Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ігнаруе менскую сустрэчу міністраў замежных спраў СНД


Сустрэча міністраў замежных спраў краін СНД. Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў (справа) і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Менск, 6 красавіка 2018 году

6 красавіка ў Менску адбудзецца пасяджэньне міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у СНД. На сустрэчу не прыедуць прадстаўнікі Ўкраіны і Малдовы, краін, што выслалі расейскіх дыпляматаў у рамках сусьветнай рэакцыі на справу Скрыпаля.

На парадку дня тузін пытаньняў. Прыярытэтную ўвагу міністры плянуюць удзяліць бясьпецы, барацьбе са злачыннасьцю і супрацьдзеяньню міжнароднаму тэрарызму, каардынацыі дзейнасьці праваахоўных органаў.

Яны разгледзяць таксама праекты пагадненьняў аб супрацоўніцтве краін СНД у барацьбе са злачынствамі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій, міждзяржаўнай праграме супольных захадаў у барацьбе са злачыннасьцю на 2019-2023 гады, аб міжнародным моладзевым праекце «100 ідэй для СНД».

Міністраў чакаецца толькі сем

У СНД цяпер 11 краін. Раней іх было 12. Але Грузія, палічыўшы, што СНД не заняла прынцыповай пазыцыі падчас расейска-грузінскай вайны, афіцыйна выйшла з арганізацыі. Пра сваё жаданьне пакінуць СНД пасьля расейскай акупацыі Крыму заяўляла і Ўкраіна. Аднак у Садружнасьць даволі проста ўвайсьці, а вось афіцыйны выхад складае зь улікам усіх працэдураў два гады, таму Ўкраіна фармальна канчаткова ня выйшла.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустракае міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустракае міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова

Чакаецца, што сем краін будуць прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў. Гэта Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Узбэкістан і Беларусь.

Намесьнікі міністраў будуць прадстаўляць Азэрбайджан і Туркмэністан.

Ад Малдовы будзе амбасадар у Беларусі, які таксама зьяўляецца сталым і паўнамоцным прадстаўніком гэтай краіны пры статутных органах СНД у Менску.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева), міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (у цэнтры) і Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў (справа). Менск, 6 красавіка 2018 году
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева), міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (у цэнтры) і Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў (справа). Менск, 6 красавіка 2018 году

Сустрэчу праігнаравалі прадстаўнікі Ўкраіны. Хоць, як падкрэсьліў першы намесьнік старшыні выканкаму СНД Віктар Гумінскі, запрашэньні атрымалі ўсе чальцы СНД, у тым ліку Ўкраіна.

«Украіну чакалі да апошняга — і як нашу суседку, і ў цэлым як краіну-ўдзельніцу Садружнасьці, — заявіў ён журналістам. — І хоць яна не ратыфікавала статут СНД, хацелася бачыць яе ў нашай сям’і. Але ўчора ўвечары нам вусна паведамілі, што МЗС Украіны ня будзе браць удзел у сустрэчы. Тлумачэньняў з гэтай нагоды ня маецца».

Пры гэтым ён адзначыў, што выканаўчы камітэт СНД не атрымліваў дакумэнтаў ад Украіны адносна выхаду з Садружнасьці. Па яго словах, Кіеў ня плаціць унёскі і ўдзельнічае толькі ў асобных мерапрыемствах.

«Часам дасылаюць ноты па тых ці іншых пытаньнях, якія мы бярэм у вытворчасьць», — патлумачыў Віктар Гумінскі.

Раней дэпутатка Вярхоўнай Рады Сьвятлана Залішчук паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што МЗС Украіны падрыхтаваў прапановы аб выхадзе краіны з органаў СНД і дэнансацыі дамовы аб сяброўстве, супрацоўніцтве і партнэрстве з Расеяй.

Пра сваё жаданьне пакінуць СНД афіцыйны Кіеў заявіў пасьля расейскай акупацыі Крыму. Аднак працэдура афіцыйнага выхаду займае некалькі гадоў і фармальна краіна яшчэ застаецца ў складзе Садружнасьці. Пасьля ўсталяваньня ў 2008 годзе расейскага кантролю над Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй пра байкатаваньне СНД заявіла Грузія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG