Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нелегальныя перавозьнікі людзей шырока выкарыстоўваюць Facebook і WhatsApp


Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне нелегальных мігрантаў у Лібіі
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьне нелегальных мігрантаў у Лібіі

Найбуйнейшая сацыяльная сетка і зьвязаны зь ёю мэсэнджэр выкарыстоўваюцца для арганізацыі кантрабанды людзей на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, лічаць у Міжнароднай арганізацыі ў пытаньнях міграцыі.

Сацыяльная сетка Facebook і зьвязаны зь ёй мэсэнджэр WhatsApp шырока выкарыстоўваюцца нелегальнымі перавозьнікамі людзей на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Пра гэта 5 красавіка паведаміла AFP, спасылаючыся на прэс-сакратара Міжнароднай арганізацыі міграцыі (МАМ) Леанарда Дойла.

Паводле Дойла, групоўкі, якія вылучаюцца асаблівай брутальнасьцю, аддаюць перавагу найбуйнейшай у сьвеце сацыяльнай сетцы і аднаму з самых папулярных мэсэнджэраў для распаўсюджваньня інфармацыі аб прапанаваных паслугах сярод патэнцыйных кліентаў, а таксама для арганізацыі рэйсаў перавозу мігрантаў. У рэальнасьці злачынцы нярэдка выкарыстоўваюць мігрантаў, бяруць іх у закладнікі і зьбіваюць, каб запатрабаваць выкуп ад іх сем’яў, адзначыў прадстаўнік МАМ.

Ён таксама сказаў, што доступ да сэрвісаў Facebook для падобных злачынцаў істотна спрошчаны, і заклікаў амэрыканскую кампанію правесьці пошук старонак, якія належаць нелегальным перавозьнікам людзей, і заблякаваць іхныя акаўнты. Сацсетка павінна ставіцца да груповак нелегальных перавозьнікаў такім жа чынам, як гэта ўжо робіцца ў дачыненьні да экстрэмісцкіх арганізацый падобных да «Ісламскай дзяржавы», падкрэсьліў Дойл.

Генэральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі міграцыі Лэйсі Сўінг, гаворачы пра ролю сацсетак у росьце сусьветнай міграцыі, а таксама пра небясьпеку кантрабанды і гандлю людзьмі, падкрэсьліў неабходнасьць абароны асабістай інфармацыі людзей у сацсетках. Ён прывёў лічбу 15 мільёнаў грамадзян ЗША, якія зьяўляюцца ахвярамі крадзяжу асабістых зьвестак кожны год і назваў такі крадзеж відам злачыннасьці, які найбольш хутка расьце ў сьвеце апошнія гады, паведамляе сайт арганізацыі.

Раней, 4 красавіка, стала вядома, што ў выніку маштабнага працёку брытанская кампанія Cambrigde Analytica атрымала доступ да асабістых дадзеных 87 млн карыстальнікаў Facebook, а не 50 млн, як меркавалася раней. А прадстаўнік Facebook расказаў Bloomberg, што зламысьнікі маглі атрымаць неналежны доступ да асабістых зьвестак большасьці з 2 млрд карыстальнікаў сацсеткі. Кожны карыстальнік раней мог шукаць людзей па нумары тэлефона і адрасе электроннай пошты, зламысьнікі выкарыстоўвалі гэта для складаньня базаў асабістых зьвестак. Цяпер гэтая функцыя адключаная.

Праз гэты інцыдэнт кампанія, заснаваная Маркам Цукербэргам, апынулася ў эпіцэнтры маштабнага скандалу, а сам ён быў запрошаны на спэцыяльныя слуханьні ў Кангрэс ЗША.

Скандал вакол «працёку зьвестак» Facebook. Што такое Cambridge Analytica і прычым тут Трамп з Расеяй

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG