Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Браць прыклад з Казахстану. Ініцыятары «моўнага» круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў пра далейшыя пляны


Алег Трусаў і Алена Анісім падчас пасяджэньня

Круглы стол у Палаце прадстаўнікоў аб праблемах беларусізацыі заканадаўства арганізавалі двое дэпутатаў. Ад самага пачатку ідэю прабівала Алена Анісім, на заключным этапе яе падтрымаў старшыня камісіі адукацыі, культуры і навукі Ігар Марзалюк.

Ніякіх юрыдычных наступстваў гэтая дыскусія для зьмяненьня заканадаўства ня мае. Як падкрэсьлівалі яе ўдзельнікі, трэба рабіць наступны крок: пераносіць абмеркаваньне праблемы ў Авальную залю, бо толькі дэпутаты маюць права ўносіць зьмены ў заканадаўства.

Карэспандэнт Свабоды адразу па заканчэньні круглага стала запытаў Алену Анісім і Ігара Марзалюка пра іх далейшыя дзеяньні.

Анісім: «Буду прабіваць зьмены рэглямэнту»

«На маю думку, пакуль у нашай краіне існуе падмена паняцьцяў. Замест роўнасьці дзьвюх дзяржаўных моў і забесьпячэньня гэтай роўнасьці ва ўсіх сфэрах існуе права на выбар мовы. Я лічу, што гэта недапушчальна.

Каштоўнасьць сёньняшняй дыскусіі ў тым, што яна пераконвае — вялікіх перашкод ці адсутнасьці прававых мэханізмаў для прыняцьця заканадаўчых актаў на дзьвюх дзяржаўных моваў не існуе. Таму трэба дзейнічаць далей.

Што буду рабіць я? Падрыхтую прапановы для зьмяненьня рэглямэнту працы Палаты прадстаўнікоў. Цяпер для гэтага спрыяльныя сытуацыя. Наколькі я ведаю, камісія дзяржаўнага будаўніцтва рыхтуе свае прапановы для ўдасканаленьня рэглямэнту. Яны ня тычацца нашай праблемы. Але паколькі зьмены ў рэглямэнт будуць абмяркоўвацца, то я хачу скарыстацца гэтай сытуацыяй і прапанаваць свае зьмены.

Наступны крок — трэба ствараць экспэртную раду, якая б забясьпечыла гарантаваную ідэнтычнасьць тэкстаў законаў на дзьвюх дзяржаўных мовах. Тут могуць быць два варыянты. Першы — узмацніць рэдактарскі аддзел у Палаце прадстаўнікоў, які цяпер скарочаны. Другі — стварыць асобную міжведамасную структуру. Я лічу, што больш правільна, нават улічваючы фінансавы чыньнік, трымацца першага варыянту».

Марзалюк: «Мне падабаецца, як гэтая праблема вырашаецца ў Казахстане»

Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Дэпутат Ігар Марзалюк заявіў Свабодзе, што сёньня ён яшчэ раз пераканаўся — праблема ёсьць.

«Але не патрабуйце ад мяне, каб я літаральна зараз расказаў, што буду рабіць далей. Мне патрэбен нейкі час, каб асэнсаваць усё, што гучала на круглым стале. І тады я ў меру сваіх здольнасьцяў прапаную пэўныя мэханізмы для зьмяненьня сытуацыі.

Скажу шчыра, мне падабаецца, як моўная праблема вырашаецца ў Казахстане. Там існуе дзяржаўны Лінгвістычны цэнтар. І ў нас таксама ён павінен быць. У Казахстане, і ў гэтым праяўляецца мудрасьць прэзыдэнта Назарбаева, казахскі сэгмэнт з году ў год нарастае. Маладыя казахскія чыноўнікі вольна валодаюць і казахскай, і расейскай мовамі. І гэта прыклад для нас.

Мой бацька быў дырэктарам вясковай школы. Памятаю, у школе зьявілася новая настаўніца матэматыкі, якая прыехала з Бранскай вобласьці. І вучні, якія вучыліся, зразумела, на беларускай мове, ніяк не маглі прывыкнуць да яе „числителя“ і „знаменателя“. Іх бацькі нават скардзіліся на гэта дырэктару».

Лукашанец: устаўкі ў законах «ці» —​на беларускай ці рускай мовах у дужках —​ насьпеў час здымаць — і іншыя цытаты з круглага стала ў Палаце прадстаўнікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG