Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На турыстычнай выставе ў Менску агітуюць адпачываць у рэгіёнах, анэксаваных Расеяй


У Менску працягвае працу міжнародная турыстычная выстава «Адпачынак-2018». Апроч звыклых маршрутаў, наведнікам прапануюць паехаць у рэгіёны, анэксаваныя Расейскай Фэдэрацыяй або ў падкантрольныя ёй сэпаратысцкія ўтварэньні.

Прадстаўнікоў самаабвешчаных «ДНР-ЛНР», Паўднёвай Асэтыі ці Прыднястроўя на выставе ў «Белэкспа» заўважана не было, а вось у Абхазію ды Крым запрашаюць актыўна. Асобна прапануюць аўтобусныя туры і адпачынак у санаторыях і ў прыватных маёнтках.

Крым: статус у рэкляме ня згадваецца, цэны дэмпінгавыя

Супрацоўнік кампаніі «ПАДЭВЮС» запэўніваў, што дабрацца да Крыму сёлета будзе шмат прасьцей. Паводле яго інфармацыі, у траўні будзе здадзена першая чарга керчанскага моста, празь які змогуць праяжджаць легкавыя аўтамабілі. Аўтобусы, праўда, запусьцяць пазьней, ужо пасьля высокага сэзону.

На рэклямных улётках нідзе ня згадваецца статус паўвострава, усюды пазначана проста «Крым». Адзінае, удакладняецца, што «праезд па тэрыторыі Расеі». Улады Ўкраіны не прапускаюць транзытных пасажыраў праз сваю тэрыторыю, патрабуючы ад Масквы спыніць незаконную акупацыю Крыму.

Як падае транспартны апэратар Bus.by, ад пачатку чэрвеня ў Алушту, Кактэбэль, Судак, Эўпаторыю аўтобусы будуць выпраўляцца кожныя 10 дзён, пры раньнім рэзэрваваньні цана ў два канцы — ад 85 даляраў.

Пры адпачынку ў катэджах і на базах у кошт закладаецца праезд, 10 дзён пражываньня і паром. З улікам, што пасьля расейскай анэксіі колькасьць ахвотнікаў наведваць Крым моцна зьменшылася, гаспадары і санаторыі вымушаныя дэмпінгаваць: паўтара тыдня на беразе мора з дарожнымі выдаткамі каштуюць 200-250 даляраў.

Аднак беларусам варта памятаць: турыстычная паездка можа скончыцца трыма гадамі зьняволеньня, калі праваахоўныя органы Ўкраіны дакажуць, што чалавек трапіў у Крым з тэрыторыі Расеі. Праезд на паўвостраў у абыход арганізаваных пунктаў пропуску катэгарычна забаронены.

Абхазія: двое сутак у дарозе, пагроза турмы ў Грузіі

10 гадоў таму Расея пачала ўзброены канфлікт у Грузіі, вынікам стала абвяшчэньне «незалежнасьці» двух рэгіёнаў краіны — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Як і ў выпадку з Крымам, сэпаратысцкія ўтварэньні апынуліся ў ізаляцыі, за іх наведваньне грузінскія ўлады караюць буйным штрафам і нават турэмным зьняволеньнем. Асобам, якія парушылі заканадаўства, на працяглы тэрмін забараняецца ўезд у Грузію. Цяпер трапіць у Абхазію можна толькі з боку Расеі.

Папулярныя за савецкім часам марскія ўзьбярэжжы Гагры, Гудауты, Сухумі геаграфічна яшчэ больш аддаленыя, чым у аб’езд да керчынскай пераправы, аднак беларускія турапэратары досыць актыўна прапануюць аўтобусныя туры.

У тур закладаецца праезд, транзытны начлег і 10 дзён адпачынку на месцы. Амаль двое сутак у дарозе. У параўнаньні з крымскімі тутэйшыя расцэнкі істотна вышэйшыя — знайсьці варыянт менш як за 300 даляраў праблематычна.

Тыя, каму ўдалося пабываць на абхаскіх курортах пасьля ўсталяваньня там «незалежнасьці» пад расейскім пратэктаратам, расказваюць, што ў адсутнасьць турыстаў колішняя разгалінаваная інфраструктура прыйшла ў заняпад: шматлікія санаторыі развальваюцца і імкліва зьнікаюць пасярод субтрапічнай расьліннасьці.

Турыстам прапануецца спыняцца пераважна ў невялікіх гасьцявых дамах.

5 адрасоў за 5 дзён. Куды падацца «бязьвізаваму» турысту ў Беларусі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG