Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Саўчанкі абурылася інтэрвію, якое трапіла на расейскае НТВ празь Беларусь


Вера Саўчанка
Вера Саўчанка

Вера Саўчанка — сястра ўкраінскай дэпутаткі Надзеі Саўчанкі, арыштаванай паводле падазрэньня ў спробе гвалтоўнага зьвяржэньня ўлады, абурылася інтэрвію, якое запісвалася нібыта для беларускага інфармацыйнага агенцтва, а выйшла на расейскім тэлеканале НТВ.

«Расейскі канал НТВ, які ня раз атрымліваў адмову ад мяне ў камэнтары адносна сытуацыі з Надзеяй, вырашыў пайсьці падманным шляхам. Падманваць людзей ім не прывыкаць. Таму: да мяне зьвярнулася беларускае (Менск) інфармагенцтва ўчора днём, і папрасіла камэнтар. А ўжо сёньня тэлеканал РФ, НТВ выдаў гэта за наўпроставы эфір. Беларусь — гэта вобласьць Расеі?», — напісала Вера Саўчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

Па тэлефонах, якія пазначыла Вера Саўчанка ў сваім допісе, Свабода высьветліла, што інтэрвію зь ёй запісвалася на замову кампаніі StringersHub — відэагенцтва з офісам у Менску, якое займаецца вытворчасьцю відэакантэнту зь любых рэгіёнаў. Кіраўнік менскага офісу Аляксей Лапцёнак паведаміў, што размову зь Верай Саўчанкай запісвалі для польскай аўдыторыі на замову польскага прадусара.

Журналістка, якая выконвала замову, таксама пацьвердзіла, што працавала на беларускую кампанію StringersНub і замову атрымала менавіта зь Менску. «Шчыра кажу, калі б я ведала, што гэтае інтэрвію запісваецца для расейскага каналу, то я не пагадзілася б. Мне прыкра, што так выйшла», — сказала Анастасія, адмовіўшыся назваць сваё прозьвішча.

«Гэта была мая падпрацоўка. І я ня ведаю, як цяпер быць. Мяне могуць звольніць з працы», — дадала Анастасія.

Паводле яе, пасьля размовы зь Верай Саўчанкай, яна папрасіла арганізатараў інтэрвію патлумачыць, якім чынам яно апынулася ў эфіры расейскага тэлеканалу. «Мне паабяцалі, што самі патлумачаць Веры, і на гэтым усё скончылася. Мне вельмі непрыемная гэтая сытуацыя», — дадала Анастасія.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG