Паліцыя каліфарнійскага гораду Сан-Бруна высьветліла асобу жанчыны, якая ўвечары 3 красавіка ўчыніла страляніну ў штаб-кватэры кампаніі YouTube. Паводле інфармацыі тэлеканала CNN, які спасылаецца на крыніцы ў праваахоўных органах, гэта зрабіла жыхарка штату Каліфорнія Насім Аґдам.
Аґдам пражывала ў каліфарнійскім горадзе Рывэрсайд, а таксама ў Сан-Дыега. Паводле папярэдніх зьвестак, яна ня мела якога-небудзь дачыненьня да кампаніі YouTube. Тэлеканал CNBC паведаміў, што Аґдам было 39 гадоў. Яна была ўзброеная пісталетам. Падрабязнай інфармацыі пра жанчыну, а таксама пра матывы яе ўчынку пакуль няма.
Аґдам стала страляць, знаходзячыся ўнутры будынка штаб-кватэры YouTube. Чатыры чалавекі атрымалі раненьні. Трое зь іх, дзьве жанчыны і мужчына, шпіталізаваныя: 36-гадовы мужчына знаходзіцца ў крытычным стане, 32-гадовая жанчына — у цяжкім стане і 27-гадовая жанчына — у здавальняючым стане.
Насім Аґдам знойдзена мёртвай, верагоднай прычынай яе сьмерці зьяўляецца самагубства, як заявіла паліцыя Сан-Бруна.
Улады лічаць, што інцыдэнт ніяк не зьвязаны з тэрарызмам.