Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы разаслаў электронныя лісты ад імя дэпутата пра рэфэрэндум у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота

«Сталая камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту рэкамэндуе правесьці ў Рэспубліцы Беларусь рэспубліканскі рэфэрэндум 15 ліпеня 2018 году». Электронны ліст з такім зьместам прыйшоў на адрас Радыё Свабода і некаторых іншых беларускіх мэдыя.

Ліст прыйшоў з электроннай пошты на сэрвісе protonmail.com, у адрасе якой было пазначана прозьвішча «Л.А.Цупрык», якое супадае з прозьвішчам старшыні сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Леаніда Цупрыка.

У лісьце гаворыцца, што «камісія прапануе ўключыць у бюлетэнь для тайнага галасаваньня на рэспубліканскім рэфэрэндуме» два пытаньні: пра сьмяротнае пакараньне і «новую рэдакцыю Канстытуцыі, прапанаваную прэзыдэнтам А. Р. Лукашэнкам».

У камэнтары Свабодзе Леанід Цупрык назваў гэтае паведамленьне «фэйкавым», да якога ён ня мае ніякага дачыненьня.

«Ніякага паседжаньня камісіі не праводзілася, ніякага рашэньня не прымалася», — падкрэсьліў ён.

Кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Віталь Ярмаловіч сказаў Свабодзе, што часам дэпутаты могуць паслаць электронныя лісты і са сваёй асабістай пошты, якая месьціцца на афіцыйным дамэне house.gov.by. Адрас дэпутата Цупрыка лёгка знайсьці на ягонай афіцыйнай старонцы на сайце Палаты — tsuprik@house.gov.by.

Ярмошына загаварыла пра канстытуцыйны рэфэрэндум

Прапановы для рэформы выбарчага заканадаўства, падрыхтаваныя міжведамаснай рабочай групай, ня будуць разглядацца, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне аб зьмене Канстытуцыі. Пра гэта заявіла журналістам кіраўніца Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына 2 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў.

На пытаньне Свабоды, якія пытаньні могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум, Лідзія Ярмошына адмовілася адказваць, дадаўшы, што гэта не яе кампэтэнцыя.

Яна нагадала, што пра магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму па зьмене Канстытуцыі Аляксандар Лукашэнка гаварыў яшчэ ўвосень.

«Арганізаваць яго можна вельмі хутка, — цытуе Ярмошыну БелаПАН. — Тут, па сутнасьці справы, адзіны тэрмін ёсьць — арганізацыя участкаў для галасаваньня. Тэрытарыяльныя камісіі ў нас усе з тэрмінамі паўнамоцтваў пастаянныя, на іх можа быць ўскладзена выкананьне гэтых абавязкаў. Таму рэальна за 60-70 дзён арганізаваць рэфэрэндум».

На нядаўняй сустрэчы з судзьдзямі Канстытуцыйнага суду Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «зь цягам часу прыйдуць да абмеркаваньня ўнясеньня зьменаў у Асноўны закон».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG