Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За неправядзеньне выбараў Расея распачала крымінальную справу супраць міністра ўнутраных справаў Украіны


Акцыя пратэсту каля амбасады Расеі ў Кіеве ў дзень выбараў 18 сакавіка 2018

Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да міністра ўнутраных справаў Украіны Арсена Авакава. Яго абвінавачваюць у перашкодзе свабоднаму волевыяўленьню грамадзянаў Расеі на тэрыторыі Ўкраіны падчас сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў.

«Паводле дадзеных сьледзтва, Авакаў даваў указаньні падначаленым па службе супрацоўнікам МУС Украіны, якія забясьпечваюць ахову і бясьпеку расейскіх дыпляматычных установаў у Кіеве, Львове, Адэсе і Харкаве, не прапускаць на выбарчыя ўчасткі грамадзян Расеі для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту, апублікаванага ў Тэлеграме.

У дзень выбараў прэзыдэнта Расеі 18 сакавіка ў Кіеве быў перакрыты падыход да амбасады Расеі.

Жыхарку Кіева, якая прыйшла раніцай 18 сакавіка прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта РФ, атачылі ўкраінскія нацыяналісты, пачалі яе высьмейваць, прапанавалі выпіць гарэлкі, а пасьля кінулі ў яе сьнежкай. Жанчыну гэтая рэакцыя зьдзівіла. Паводле яе, яна матэматык і не цікавіцца палітыкай: у яе нават няма тэлевізара.

Женщина пришла голосовать в посольство РФ в Киеве. Ее не пустили и кинули в нее снегом
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:28 0:00

Падыходы да амбасады Расеі ў Львове, Харкаве і Адэсе таксама былі перакрытыя. У Львове каля будынку былі ўсталяваныя бочкі, у якіх быў разьведзены агонь (у горадзе ў нядзелю раніцай было мінус 20 градусаў), каля іх грэліся актывісты.

16 сакавіка Міністэрства ўнутраных справаў Украіны заявіла, што 18 сакавіка, у дзень правядзеньня ў Расеі прэзыдэнцкіх выбараў, на тэрыторыю расейскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў ва Ўкраіне (амбасады ў Кіеве, генэральныя консульствы ў Львове, Адэсе і Харкаве) будуць дапускацца толькі асобы з дыпляматычным статусам, але не расейцы, што жывуць ва Ўкраіне.

«Улічваючы публічныя акцыі пратэсту ва ўкраінскім грамадзтве, грэбаваньне з боку Расеі законнымі патрабаваньнямі ўкраінскага боку, каб пазьбегнуць правакацыяў і магчымых цяжкіх наступстваў, падразьдзяленьні Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі забясьпечаць у гэты дзень належную ахову ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў і ўстановаў, а таксама прылеглых да іх тэрыторыяў, згодна зь венскай канвэнцыяй», — заявілі ўкраінскія ўлады.

У Расеі ў адказ абвінавацілі Ўкраіну ў парушэньні міжнародных абавязаньняў і міжнароднага права і ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Расеі. Раней Украіна таксама заклікала сьвет не прызнаваць незаконных выбараў прэзыдэнта Расеі ў Крыме.

«Настоящее Время»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG