Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея вітае намер Трампа вывесьці войскі ЗША з Сырыі, — Лаўроў


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў 2 красавіка, што яго краіна вітае заяву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб намеры вывесьці амэрыканскія войскі з Сырыі «вельмі хутка».

Паводле Лаўрова, Расея нядаўна ўбачыла «трывожныя» прыкметы таго, што амэрыканскія войскі «глыбока замацаваныя» ў раёнах на ўсход ад ракі Эўфрат, нядаўна вызваленых ад баевікоў групоўкі «Ісламская дзяржава». Апошняя заява Дональда Трампа паказвае, што «ён прынамсі прытрымліваецца папярэдніх абяцаньняў, што Злучаныя Штаты пакінуць Сырыю пасьля перамогі над групоўкай «Ісламская дзяржава», цытуе Сяргея Лаўрова расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Расея і прэзыдэнт Сырыі Башар Асад заклікалі ЗША вывесьці дзьве тысячы вайскоўцаў з Сырыі, лічачы, што іх прысутнасьць на сырыйскай тэрыторыі зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права. Асад часта ўказвае на тое, што ён не запрашаў амэрыканскія войскі далучыцца да сямігадовай грамадзянскай вайны, як ён зрабіў гэта ў дачыненьні да расейскіх падразьдзяленьняў у 2015 годзе і іранскіх сілаў і апалчэньня ў 2011 годзе.

У адказ на заклікі Расеі пакінуць Сырыю на працягу апошніх месяцаў амэрыканскія чыноўнікі заявілі, што маюць намер трымаць амэрыканскія войскі да таго часу, пакуль яны будуць патрэбныя для абароны амэрыканскіх саюзьнікаў у гэтай краіне і гарантаваньня таго, каб групоўка «Ісламская дзяржава» не вярнулася да сваіх ранейшых пазыцый у Сырыі.

Былы дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан у студзені сьцьвярджаў, што амэрыканскія сілы павінны заставацца ў Сырыі ня толькі для таго, каб не дапусьціць вяртаньня радыкальных ісламістаў, але і каб перашкодзіць Ірану ў далейшым узмацніць пазыцыі ў гэтай краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG