Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РБК: Абвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе на карысьць ЗША расейцы часткова прызналі віну


Абвінавачаныя ў дзяржаўнай здрадзе былы супрацоўнік Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Дзьмітрый Дакучаеў і прадпрымальнік Георгій Фомчанка часткова прызналі сваю віну і падпісалі дасудовае пагадненьне. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам расьсьледаваньня.

Суразмоўцы выданьня ўдакладнілі, што абвінавачаныя прызналіся ў перадачы зьвестак замежным спэцслужбам у нефармальным парадку, але не ўсьведамлялі крымінальнага характару свае дзеяньняў.

Падпісаньне дасудовых пагадненьняў азначае, што суд будзе праходзіць у адмысловым парадку, без дасьледаваньня доказаў, сабраных па справе, нагадвае РБК.

Двое іншых абвінавачаных па справе — былы супрацоўнік ФСБ Сяргей Міхайлаў і экс-супрацоўнік «Лябараторыі Касьперскага» Руслан Стаянаў — сваёй віны не прызнаюць, паведамляюць крыніцы РБК.

Абвінавачаных па справе арыштавалі ў сьнежні 2016 году. Матэрыялы справы зьмяшчаюць дзяржаўную таямніцу, таму сутнасьць абвінавачваньняў невядомая. Паводле дадзеных РБК, арыштаваных абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе на карысьць ЗША. У канцы мінулага году выданьне The Bell паведаміла, што фігуранты справы могуць быць датычныя да ўзлому сэрвераў Дэмакратычнай партыі ЗША вясной 2016 году, у пэрыяд амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў.

Сёлета ў лютым хакер з групоўкі Lurk Канстанцін Казлоўскі на пасяджэньні Маскоўскага гарадзкога суду чарговы раз прызнаўся ў нападах на сэрвэры Дэмакратычнай партыі. Упершыню аб сваёй датычнасьці да ўзломаў амэрыканскіх сэрвэраў Казлоўскі распавёў яшчэ ў лістападзе 2016 года. Тады ж ён паведаміў, што «даручэньні» яму даваў нейкі супрацоўнік ФСБ па імені Ільля. Пазьней хакер растлумачыў, што гэта было маёр ФСБ Дзьмітрый Дакучаеў. Сам Дакучаеў інфармацыю аб супрацоўніцтве з Казлоўскім адпрэчыў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG