Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяўку на «Чарнобыльскі шлях» панясуць на наступным тыдні. Фармат акцыі пакуль ня вызначаны


Чарнобыльскі шлях — 2017, Менск

У Менску адбылася першая сустрэча ў справе падрыхтоўкі «Чарнобыльскага шляху-2018». Паводле арганізатараў, на наступным тыдні ў Менгарвыканкам будзе пададзеная заяўка на мітынг і шэсьце. Канчатковы фармат акцыі яшчэ ня вызначаны.

У аргкамітэт увайшлі 8 арганізацый: Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду», Беларуская партыя «Зялёныя», рух салідарнасьці «Разам», грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» і Партыя БНФ. Функцыі камунікацыі з гарадзкімі ўладамі аргкамітэт усклаў на старшыню руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча.

Паводле сустрашыні БХД Віталя Рымашэўскага, аргкамітэт адкрыты да новых ініцыятыў, гатовы прыслухацца да любой канструктыўнай прапановы наконт фармату правядзеньня «Чарнобыльскага шляху». «Ёсьць жаданьне выкарыстоўваць новыя фарматы для традыцыйных акцый», — адзначыў ён.

Лёзунгі леташняга шэсьця
Лёзунгі леташняга шэсьця

Аднак асноўны акцэнт, безумоўна, будзе зроблены на экалягічныя праблемы і тэму Чарнобыля.

«Чарнобыль — ня проста трагедыя ў гісторыі, яго наступствы ўплываюць на здароўе сёньняшніх беларусаў. Зрабіць так, каб будаўніцтва новай АЭС не прынесла паўтарэньня чарнобыльскай трагедыі — гэта нацыянальныя задачы. Спадзяюся, сёлетні шлях стане крокам да сумеснага вырашэньня гэтых задач», — падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.

Звычайна менскія ўлады дазвалялі шэсьце ў гадавіну аварыі на ЧАЭС ад пляцоўкі каля будынка Акадэміі навук да Чарнобыльскай капліцы у Парку дружбы народаў.

У той жа час некаторыя актывісты лічаць, што варта працягнуць фармат адзначэньня, апрабаваны падчас сёлетняга юбілею абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Так, былы палітвязень Алесь Кіркевіч прапануе замест шэсьця з барабанамі правесьці канцэрт-рэквіем.

27 сакавіка міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч папярэдзіў, што любая несанкцыянаваная акцыя будзе спыненая «хутка і эфэктыўна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG