Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібрыднае каханьне. Як ва ўкраінскай правінцыі здымалі расейскія телефэйкі


Дар'я Масьцікашава і Сяргей Сакалоў ў дакумэнтальным фільме Сяргея Лойкі "Гібрыдная гісторыя"

Журналіст Сяргей Лойка зьняў дакумэнтальны чатырохсэрыйны фільм-расьсьледаваньне, у якім з дапамогай фактаў паказваецца, як уладкаваная расейская машына прапаганды.

Вось кадар з фільму: у праграме «Пусть говорят», калі яе вядучым быў Андрэй Малахаў, дэманструецца інтэрвію з брутальным кілерам. Пасьля аказваецца, што гэта беспрацоўны жыхар украінскага правінцыйнага гарадка Каменскае, які пагадзіўся за сьціплую ўзнагароду згуляць ролю выканаўцы забойства, дэпутата Дзярждумы Дзяніса Вараненкава, які зьехаў ва Ўкраіну.

Аўтар гэтага і іншых прааналізаваных ў фільме фэйкаў — Сяргей Сакалоў, які сам сябе называе супрацоўнікам службы інфармацыйнай бясьпекі Барыса Беразоўскага. Да нядаўняга арышту, у тым ліку і ў сувязі з апісанымі ў фільме падзеямі, Сакалоў быў экспэртам расейскага фэдэральнага інфармацыйнага цэнтру «Аналітыка і бясьпека».

Фільм «Гібрыдная гісторыя», пачынаецца зь любоўнай лініі. Сяргей Сакалоў закахаўся ў трохразовую чэмпіёнку Ўкраіны па тхэквандо, жыхарку Каменскага Дар’ю Масьцікашаву — пасьля таго, як яна пачынае працаваць у створанай ім ва Ўкраіне спартовай арганізацыі.

Галоўная гераіня гэтай гісторыі неўзабаве апынаецца ў турме, ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле артыкулу «Дзяржаўная здрада», а яе арышт адбываецца пасьля таго, як яна, разам са сваім знаёмым Аляксандрам Каратаем, удзельнічае ў стварэньні чарговага інфармацыйнага фэйку, які нагадвае хутчэй апэрацыю спэцслужбаў.

Паводле сцэнару, як мяркуецца, напісанаму загадзя, трое украінскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў ваеннай апэрацыі ў Данбасе, адпраўляюцца ў Маскву нібыта на заробкі. У рэальнасьці адзін зь іх, Юрый Бондар, здымае на відэа будынкі Ленінградзкага вакзалу, аэрапорту Дамадзедава, станцыю мэтро «Камсамольская». Таксама ён час ад часу робіць званкі па тэлефоне, агучваючы напісаныя для яго на паперы дыялёгі.

На іншым канцы яму адказвае, магчыма, наняты Масьцікашавай чалавек, ён таксама чытае адказы па паперцы. Двое іншых вэтэранаў ўкраінскай ваеннай апэрацыі, якія паехалі з Бондарам ў Расею, ужо на наступны дзень западозрылі нядобрае і вырашылі зьехаць са зьнятай для іх у Падмаскоўі кватэры дадому.

Вярнуўшыся ва Ўкраіну, яны сказалі аб тым, што здарылася, пасьля чаго былі распачатыя крымінальныя справы супраць Масьцікашавай, Каратая і Сакалова, якія і ў Расеі, і ва Ўкраіне цяпер чакаюць суду. Але калі на момант здымак фільму і Масьцікашава, і Каратай ўжо знаходзіліся за кратамі, то Сакалоў яшчэ быў на волі.

Дзіўна, але з усімі ўдзельнікамі гэтай гісторыі, а таксама са шматлікімі героямі фэйкавых расьсьледаваньняў Сакалова, паказаных на расейскіх тэлеканалах, журналісту Сяргея Лойку ўдалося сустрэцца і пагаварыць.

Тры ўдзельнікі АТО з фільму Сяргея Лойкі
Тры ўдзельнікі АТО з фільму Сяргея Лойкі

— У фільме «Гібрыдная гісторыя» вы выказваеце здагадку, што гэта была апэрацыя расейскіх спэцслужбаў — для таго, каб паўплываць на ўнутраную сытуацыю ва Ўкраіне. Бо нанятыя нібыта для працы на маскоўскай будоўлі ўкраінскія вайскоўцы павінны былі інсцэніраваць тэракты ў Расеі.

— Насамрэч я гэтага не кажу. Я проста кажу, што Сакалоў, магчыма, быў зьвязаны з расейскімі спэцслужбамі. Таму што калі б ён ня быў зь імі зьвязаны, то ўсё астатняе растлумачыць немагчыма. Ён што, гэтым займаўся дзеля спартовага інтарэсу? Калі там ўдзельнічалі такія гіганцкія грошы, пра якія ён кажа, хто іх яму плаціў?

Перад тым, як я пачаў вывучаць гісторыю трох удзельнікаў АТО, я вырашыў праверыць, што мне сказаў Сакалоў. А ён мне сказаў (і адвакат сказаў тое ж самае), што СБУ перасьледуе яго за некалькі расьсьледаваньняў, праведзеных ім ва Ўкраіне. І паколькі Сакалова дастаць не маглі, то ўзялі ў закладніцы ягоную грамадзянскую жонку Дар’ю Масьцікашаву, зь якой ён у тым ліку займаўся разьвіцьцём спорту ва Ўкраіне.

Я вырашыў, што праверыць гэтыя расьсьледаваньні, якія ён праводзіў, — пра лягер тэрарыстаў, пра тое, што «Боінг» (малайзійскіх авіялініі, зьбіты над данбаскай вёскай Грабава 17 ліпеня 2014 году. — РС) быў падарваны выбухоўкай, якая была закладзены на яго борт у аэрапорце Амстэрдаму, і пра тое, што Дзяніса Вараненкава, беглага расейскага дэпутата, забілі ў Кіеве гангстэры пры ўдзеле СБУ.

Усе гэтыя гісторыі і ўсе высновы, якія зрабіў Сакалоў ва ўсіх трох выпадках, былі заснаваныя на фэйках, зьляпаных за пяць капеек на каленцы нейкімі ледзь не бамжамі, беспрацоўнымі

Усе гэтыя гісторыі і ўсе высновы, якія зрабіў Сакалоў ва ўсіх трох выпадках, былі заснаваныя на фэйках, зьляпаных за пяць капеек на каленцы нейкімі ледзь не бамжамі, беспрацоўнымі ў ня вельмі маленькім, але досыць правінцыйным ўкраінскім мястэчку Каменскае. Там Сакалоў і зрабіў сваю базу, «разьвіў», як ён казаў, «сваю агентурную сетку».

У расьсьледаваньнях Сакалова ўдзельнічаў таксама Руслан Мільчанка (да арышту — кіраўнік расейскага фэдэральнага інфармацыйнага цэнтру «Аналітыка і бясьпека». — РС). Усе гэтыя расьсьледаваньні нават вонкава, нават калі б я нічога не даведаўся, былі абсалютнай лухтой.

Гэта інтэрвію з кілерам, гэта нейкі запіс з назіральнай вежы... (зроблены пасьля крушэньня «Боінга» малайзійскіх авіяліній. — РС). Якая вежа назіраньня ў вайскоўцаў?! Які дыспэтчар?! У іх прамы канал! Што гэта лухта, было ясна нават без маіх расьсьледаваньняў. Але я знайшоў усіх людзей, якія ў гэтым удзельнічалі. Тады я зразумеў, што Сакалоў займаўся не спартовымі справамі са сваёй грамадзянскай жонкай, былой чэмпіёнкай па тхэквандо, а займаўся стварэньнем гэтых шматслаёвых фэйкаў.

Якая вежа назіраньня ў вайскоўцаў?! Які дыспэтчар?! У іх прамы канал! Што гэта лухта, было ясна нават без маіх расьсьледаваньняў

Што мяне яшчэ зьдзівіла, гэта тое, што Сакалоў з гэтымі фэйкамі, з вынікамі ўсіх гэтых «расьсьледаваньняў», разам з Русланам Мільчанкам з аднаго каналу бегаў на іншы. Яны траплялі ў самыя прэстыжныя праграмы на самых топавых расейскіх тэлеканалах. Паспрабуйце з такой лухтой — з інтэрвію з кілерам, «двухмэтровай машынай для забойства» — трапіць у праграму Малахава «Пусть говорят». Малахаў ня самы разумны чалавек у Расеі, але ён не ідыёт...

Цалкам інтэрвію зь Сяргеем Лойкам чытайце тут.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG