Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтары тысячы рублёў пойдуць на шыльду. У Горадні падлічылі выдаткі на Дзень Волі


Сьвяткаваньне 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Горадні

Арганізатары сьвяткаваньня стагодзьдзя БНР у Горадні расказалі, як патрацілі грошы, сабраныя на канцэрт, які прайшоў 25 сакавіка ў Калоскім парку. А таксама — куды пойдзе рэшта.

Грошы на імпрэзу зьбіралі праз краўдфандынг на плятформе Talaka. Агулам сабралі 7306 рублёў, сказаў Свабодзе адзін з арганізатараў сьвята Зьміцер Бандарчук.

Інфаграфіка: Кася Мазалеўская
Інфаграфіка: Кася Мазалеўская

Выдаткі разьмеркавалі такім чынам:

  • сцэна — 2400 рублёў (апаратура, тэхнічнае абслугоўваньне і абсталяваньне, дастаўка),
  • візуальнае аздабленьне сьвята — 1215 рублёў (банэры, паліграфія, дызайн, фота, афішы, сьцягі),
  • чысьціня — 180 рублёў (прыбіраньне тэрыторыі, арэнда і абслугоўванне біятуалетаў),
  • канцэртная частка — 956 рублёў (кампэнсацыя транспартных выдаткаў, падзякі музыкам, харчаваньне),
  • арэнда гаспадарчага абсталяваньня — 1030 рублёў (пракат генэратараў, «цеплавых гармат», сталоў, крэслаў і іх дастаўка; паліва, газ; гарбата для валянтэраў).

Усяго патрацілі 5781 рубель.

Засталося 1525 рублёў. Гэтыя грошы плянуюць патраціць на ўсталяваньне памятнай шыльды да стагодзьдзя БНР.

Зьміцер Бандарчук
Зьміцер Бандарчук

«Горадня — горад, які прыняў урад БНР пасьля вымушанага адʼезду зь Менску. Цэлы шэраг будынкаў на нашых вуліцах памятае, як сто гадоў таму менавіта тут, у другой сталіцы БНР, рабілася гісторыя Беларусі. Мы лічым важным, каб у нашым горадзе была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму вырашылі, што рэшта сабраных сродкаў пойдзе менавіта на гэта», — кажуць арганізатары сьвята ў Горадні.

Падчас сьвяткаваньня ў Калоскім парку сабралі каля 250 подпісаў за ўсталяваньне шыльды. Першыя сустрэчы з гарадзкімі ўладамі, каб абмеркаваць гэтую ініцыятыву, ужо адбыліся. Шыльду хочуць усталяваць да лютага 2019 году, калі споўніцца сто год ад моманту, як Горадня стала другой сталіцай БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG