Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт завёў справу за парэзаныя колы машын сям’і Міколы Статкевіча


Сьледчы камітэт Рэспублікі Беларусь

Марына Адамовіч, жонка апазыцыйнага палітыка, экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, прызнаная пацярпелай у справе аб пашкоджаньні яе маёмасьці і пранікненьні на прыватную тэрыторыю, якую завёў Сьледчы камітэт.

Гаворка пра 7 прабітых колаў на двух аўтамабілях у двары дома Марыны Адамовіч, дзе яна жыве разам зь Мікалаем Статкевічам. Марыне Адамовіч пра яе статус у справе паведаміў супрацоўнік Сьледчага камітэту, калі запрашаў на размову.

«Я пакуль хварэю, сказала, што прыеду да іх на размову, як адчую сябе лепей», — паведаміла Свабодзе Марына Адамовіч.

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 25 сакавіка.

Марына Адамовіч расказала, што а трэцяй гадзіне ночы яна пачула нейкі шум на двары пад вокнамі.

Адно з пашкоджаных колаў
Адно з пашкоджаных колаў

«Але мы тады баяліся не за машыны, а самі ведаеце — што ўварвуцца ў дом і забяруць Мікалая. Таму ня спала і адразу, як нешта грукнула, выскачыла ў двор. Было цёмна, нікога я не пабачыла, а зламысьнікі, відаць, пападалі на зямлю, у гразь (хоць гэта суцяшае). Але пра колы мы тады і не падумалі. Гэта ўжо потым, калі ўвечары 25-га пазванілі, што выпускаюць Мікалая, я паспрабавала ад’ехаць, а колы прабітыя. Вось тады стала зразумела, што гэта быў за гук», — кажа Марына Адамовіч.

Побач з домам Марыны Адамовіч стаялі два аўтамабілі — яе «Форд» і «Опэль», які належыць бацьку Мікалая Статкевіча. З васьмі колаў двух аўтамабіляў было прабіта сем.

26 сакавіка Марына Адамовіч выклікала міліцыянтаў і, калі тыя прыехалі, напісала заяву. Яна прыгадвае, што агляд прабітых колаў і складаньне папер зацягнуліся больш як на 4 гадзіны. Сярод іншых дзеяньняў экспэрты зрабілі гіпсавы адбітак сьледу.

«Хоць тут ужо столькі народу перабывала!», — дзівіцца Марына Адамовіч і дадае: «Супрацоўнікі паводзілі сябе нармальна, нават спрабавалі размаўляць са мной па-беларуску. А як зьехалі, дык чамусьці неўзабаве вярнуліся, паўтарылі агляд. Можа, колькасьць дзірак не супала з тым, што кажуць іх крыніцы? Хай шукаюць, але мяркую, гэта зрабілі тыя, хто нас ноччу пільнаваў. Каб адрапартаваць, што нікуды не ўцячом ды каб сабе было спакайней», — мяркуе Марына Адамовіч.

Прабітыя колы, паводле Марыны Адамовіч, рамонту не падлягаюць.

Марына Адамовіч, архіўнае фота
Марына Адамовіч, архіўнае фота

«Пакрышкі ня проста праколатыя, а парэзаныя нажом так, што ўжо не заклеіць. У некаторых месцах корд тырчыць», — кажа Адамовіч.

Супрацоўнік Сьледчага камітэту, які запрашаў Марыну Адамовіч на размову ў СК, адмовіўся пракамэнтаваць для карэспандэнта Свабоды завядзеньне крымінальнай справы і назваць сваё прозьвішча.

Напярэдадні 25 сакавіка Мікалай Статкевіч адмысловым лістом паведаміў гарадзкім уладам, што зьбіраецца ўдзельнічаць у шэсьці ад плошчы Якуба Коласа да Траецкай гары, якое гарадзкія ўлады не дазволілі. Каля дома палітыка цягам трох дзён дзяжурылі супрацоўнікі ў цывільным. Раніцай 25 сакавіка Мікалай Статкевіч быў затрыманы міліцыянтамі каля дома і адвезены ў Савецкае РУУС, дзе яго трымалі да вечара.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG