Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Запароскай вобласьці адкрылі беларускамоўную клясу. БелАЗ падорыць школе дзіцячую пляцоўку


У Мэлітопалі Запароскай вобласьці на базе пачатковай школы № 17 адкрылася кляса па вывучэньні беларускай мовы. Заняткі разьлічаныя, як на дзяцей, гэтак і на дарослых, якія будуць вывучаць беларускую мову па суботах.

«У нас у школе працуюць двое настаўнікаў — грамадзянкі Беларусі, якія ёсьць носьбітамі беларускай мовы», — паведаміла дырэктар школы Алена Шарсьцюк.

Паводле дырэктара, ужо шасьцёра бацькоў, беларусаў паводле паходжаньня, выказалі жаданьне, каб іх дзеці вывучалі беларускую мову.

Навучальныя ды мэтадычныя матэрыялы прадастаўленыя Амбасадай Беларусі ва Ўкраіне. Ініцыятарамі адкрыцьця нядзельнай клясы выступілі ўкраінска-беларускае культурна-адукацыйнае таварыства «Сузор’е» ды запароскае аддзяленьне Саюза беларусаў.

Як распавяла старшыня ўкраінска-беларускага культурна-адукацыйнага таварыства «Сузор’е» Натальля Бярняга, беларускае прадпрыемства БелаАЗ падорыць школе восем дзіцячых трэнажораў для школьнай пляцоўкі.

Летась у ліпені , падчас сустрэчы ў Кіеве, прэзыдэнт Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка дамовіліся пра вывучэньне на парытэтнай аснове беларускай мовы ва Ўкраіне і ўкраінскай у Беларусі.

Ва Ўкраіне няма школ зь беларускаю моваю навучаньня. У Міністэрстве адукацыі сьцьвярджаюць, што за ўвесь час незалежнасьці не атрымлівалі зваротаў ад бацькоў з просьбаю арганізаваць беларускамоўную клясу. У той жа час, пад Кіевам у лінгвістычнай гімназіі Ірпеня беларуская мова вывучаецца як замежная, але на факультатыўным прынцыпе.

Ад 2009 года ў Кіеўскім нацыянальным унівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі паводле ініцыятывы Беларусі працуе Цэнтар беларускай мовы і культуры імя Ўладзімера Караткевіча. Яго стварэньне прафінансавана зь дзяржаўнага бюджэту Беларусі. З 2010 года пад яго эгідай Інстытут філялёгіі КНУ набірае студэнтаў на адукацыйную праграму «Усходнеславянская філялёгія і англійская мова: тэарэтычныя і прыкладныя студыі: беларуская і ўкраінская мовы і літаратуры». Сёлета гэтую спэцыяльнасьць абралі 40 студэнтаў. Усе яны навучаюцца за кошт дзяржаўнага бюджэту. За ўвесь час існаваньня гэтай праграмы Інстытут філялёгіі падрыхтаваў па гэтай спэцыяльнасьці 31 бакаляўра і 9 магістраў.

Сёлета ўпершыню ва Ўсходнеэўрапейскім нацыянальным унівэрсытэце імя Лэсі Украінкі, што ў Луцку, беларускую мову пачалі выкладаць як дысцыпліну. На факультэце філялёгіі ды журналістыкі як другую ўсходнеславянскую мову цяпер вывучаюць 25 студэнтаў, якія вучацца як паводле бюджэтнай, гэтак і кантрактнай праграмам.

Нацыянальныя суполкі беларусаў у розных рэгіёнах Украіны пэрыядычна ствараюць нядзельныя ці вячэрнія школы па вывучэньні беларускай мовы. Але гэты працэс ня ёсьць масавым, таму збольшага для папулярызацыі роднай мовы беларусы ладзяць беларускамоўныя культурныя мерапрыемствы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG