Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы затрымалі падазраванага ў шпіянажы на карысьць Масквы


Расейская амбасада ў Варшаве.

Польскія спэцслужбы затрымалі ўрадавага чыноўніка паводле падазрэньня ў выдачы Расеі сакрэтаў аб тактыцы, якую Варшава плянавала выкарыстоўваць, каб паспрабаваць заблякаваць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2». Пра гэта ў панядзелак паведамляе Reuters са спасылкай на польскі ўрад.

Станіслаў Жарын, прадстаўнік міністра па справах спэцслужбаў, паведаміў польскаму дзяржаўнаму тэлеканалу TVP Info, што гэты чалавек быў затрыманы ў пятніцу і што суд зацьвердзіў яго ўтрыманьне пад вартай на тэрмін да трох месяцаў. Чыноўнік, які быў названы толькі як Марэк В., займаў пасаду, на якой адказваў за энэргетычныя праекты, і падаваў расейцам інфармацыю аб тым, як Варшава мае намер блякаваць трубаправод «Паўночны паток — 2».

Польшча выступае супраць будаўніцтва газаправода «Паўночны паток — 2», які злучыць Расею зь Нямеччынай праз мора і дазволіць Маскве перапампоўваць вялікія аб’ёмы газу на свае асноўныя рынкі ў Заходняй Эўропе, у абыход такіх дзяржаў, як Беларусь, Польшча і Ўкраіна.

На думку Варшавы, трубаправод умацуе дамінуючае становішча «Газпрома» на газавым рынку ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, абмяжуе канкурэнцыю і павялічыць залежнасьць Эўропы ад расейскага газу. Польскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва PAP паведаміла, што падазраваны быў у кантакце з расейскімі выведнікамі, якія працуюць пад дыпляматычным прыкрыцьцём у расейскім пасольстве ў Варшаве.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG