Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі на Магілёўшчыне: затрыманьні, малітва за Беларусь, юбілей БНР на магіле паўстанца-каліноўца


У Магілёве больш за пяць гадзін утрымлівалі ў раённым аддзеле міліцыі 11 актывістаў руху «Маці 328». У магілёўскім катэдральным касьцёле адбылася малітва за Беларусь. У Горках 100-гадовы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі наведваньнем магілы паўстанца Войцеха Дамарацкага.

У Магілёве больш за пяць гадзін утрымлівалі ў раённым аддзеле міліцыі 11 актывістаў руху «Маці 328». Гэты рух аб’ядноўвае сваякоў грамадзян, асуджаных за злачынствы, зьвязаныя з пашырэньнем наркотыкаў. Машыну спынілі пад Магілёвам, каля вёскі Сумарокава. Міліцыянты заявілі, што, паводле іх зьвестак, мікрааўтобусам перавозяцца наркотыкі. Затрыманьне адбылося а дзясятай гадзіне.

Нас затрымалі, каб было меней удзельнікаў на сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску

Паводле актывістаў, яны рушылі ў сталіцу на сьвяткаваньне Дня волі.

Будынак магілёўскага раённага аддзелу міліцыі. У ім няволіліся 11 актывістаў руху «Маці 328»
Будынак магілёўскага раённага аддзелу міліцыі. У ім няволіліся 11 актывістаў руху «Маці 328»

Сярод затрыманых было трое мужчын і восем жанчын. Паводле аднаго з актывістаў руху, Сяргея Кавалёва, амапаўцы паводзілі сябе дзёрзка, а затрыманьне было жорсткае. Мікрааўтобус эскартавалі на агароджаную стаянку аддзелу міліцыі. Затрыманых па адным заводзілі ў пастарунак і складалі пратакол апытаньня. Наркотыкаў не знайшлі.

Затрыманыя актывісты з машынай на міліцэйскай стаянцы
Затрыманыя актывісты з машынай на міліцэйскай стаянцы

«Нас затрымалі, бо палічылі, што мы апазыцыянэры, і, зразумела, каб было меней удзельнікаў на сьвяткаваньні ў Менску», — пракамэнтаваў сытуацыю Сяргей Кавалёў. Ягоная дачка асуджаная за распаўсюд наркотыкаў, і ён дамагаецца яе вызваленьня, бо лічыць прысуд несправядліва жорсткім.

Біскуп Яшэўскі: 100 год таму мы атрымалі свабоду сумленьня

Тым часам у магілёўскім катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі адбылася малітва за Беларусь. У храм прыйшло багата вернікаў. Службу вёў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандар Яшэўскі. У сваім звароце да аднаверцаў ён сказаў, што 100 год таму «ўсе мы атрымалі свабоду». Ён заклікаў да міру і спакою ў Беларусі.

Каля катэдральнага касьцёла. Вернікі прыйшлі маліцца за Беларусь і на Вербніцу
Каля катэдральнага касьцёла. Вернікі прыйшлі маліцца за Беларусь і на Вербніцу

«Але сёньня я не хачу зьвязваць гэтую падзею зь перажываньнямі палітычнымі, — казаў ён. — У гэты дзень 100 год таму, з нараджэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі, мы атрымалі свабоду сумленьня. Гэта дужа важна — быць свабоднымі і ў сваім жыцьці кіравацца сваім сумленьнем».

Удзельнік урачыстасьці ў Горках: Да магілы паўстанца-каліноўца трэба прыходзіць на покліч сэрца

У Горках 100-гадовы юбілей Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі наведваньнем магілы паўстанца Войцеха Дамарацкага. Ён загінуў у 1863 годзе, калі мястэчка захоплівалі каліноўцы. У дэндрапарк сельгасакадэміі прыйшлі два дзясяткі чалавек. Над магілаю разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі і ўсклалі кветкі. Адзін з удзельнікаў урачыстасьці, актывіст руху «За свабоду» Андрэй Юркоў сказаў у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды, што асабіста ён не чакае, каб на магілу паўстанца хадзілі калёнамі.

На магіле паўстанца-каліноўца Войцеха Дамарацкага падчас памінальнай імпрэзы
На магіле паўстанца-каліноўца Войцеха Дамарацкага падчас памінальнай імпрэзы

«На гэтую магілу трэба прыходзіць на заклік уласнага сэрца. Дамарацкі — прыклад для нас. У 23-гадовым узросьце ён загінуў за ідэалы свабоды для краю», — сказаў Андрэй Юркоў.

Напярэдадні актывісты грамадзкіх суполак павіншавалі студэнтаў акадэміі з Днём Волі сьвяточнымі паштоўкамі. Сёньня такія ж паштоўкі атрымалі наведнікі рынку.

Дзьве бабруйскія актывісткі за кратамі

У Бабруйску ў ізалятары часовага ўтрыманьня — дзьве заяўніцы мітынгу да Дня Волі: актывістка партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Таісія Кабанчук і яе каляжанка з прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Галіна Сьмірнова. Паводле папярэдніх зьвестак, іх вінавацяць у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства. Судзіць будуць у панядзелак, 26 сакавіка.

Мітынг актывісткі зьбіраліся правесьці 24 сакавіка на плошчы Перамогі, але гарвыканкам на тое ня даў дазволу. Прапанаваў сабрацца на стадыёне «Славянка» 25 сакавіка. Заяўніцы не пагадзіліся. Іх папярэдзілі пра адказнасьць за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства, а пазьней затрымалі.

#БНР100 у Беларусі і сьвеце. ЖЫВЫ БЛОГ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG