Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу даслалі пратакол правапарушэньня за заклікі да шэсьця на Дзень Волі


Архіўнае фота. Мікалай Статкевіч на «Маршы абураных беларусаў»

Аднаму зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалаю Статкевічу даслалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за заклікі да ўдзелу 25 сакавіка ў Менску ў «Маршы годнасьці і волі».

Пратакол правапарушэньня па ч.3 арт. 23.34 КаАП складзены 21 сакавіка.

Статкевіч сказаў карэспандэнту «Свабоды», што гэты пратакол знайшоўся 23 сакавіка ў паштовай скрыні.

«„Марш годнасьці і волі“ адбудзецца. Паспрабую быць. Я ўпэўнены, што дайду на акцыю. Запрашаю журналістаў заўтра ў 11.15 прыехаць да мяне дадому і разам са мной прыехаць на акцыю», — сказаў палітык.

У пратаколе гаворыцца, што Статкевіч «ажыцьцяўляў публічныя заклікі да правядзеньня масавага мерапрыемства з парушэньнем устаноўленага парадку арганізацыі».

Да публічных заклікаў міліцыянты аднесьлі абвестку ў фэйсбуку, зварот Рады БНК аб сьвяткаваньні 100-годзьдзя БНР.

Паводле пратаколу, Статкевіч «заклікаў да ўдзелу 25 сакавіка ў масавым мерапрыемстве — „Маршы годнасьці і волі“ а 12 гадзіне на плошчы Якуба Коласа, не дазволенага ва ўстаноўленым парадку».

Паводле Статкевіча, каля дому яго пільнуюць супрацоўнікі міліцыі.

«Увесь квартал ачэплены, стаяць у машынах, звычайна па тры чалавекі ў цывільным. І чамусьці яны глядзяць у біноклі, усе суседзі рагочуць». — сказаў Мікалай Статкевіч.

У адмысловай заяве Рада БНК запатрабавала ад уладаў вызваліць з-за кратаў пяцёх лідэраў і актывістаў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, якія арыштаваныя на суткі.

Арышты на 10 сутак перад 25 сакавіка

23 сакавіка за заклікі да правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства Маскоўскі суд Менску пакараў 10 суткамі арышту актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, паведамляе «Вясна».

21 сакавіка затрыманыя таксама сябры аргкамітэту акцыі Ўладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык і Максім Вінярскі. Максіма Вінярскага асудзілі 21 сакавіка на 10 сутак за акцыю салідарнасьці з сайтам «Хартыя-97», заблякаванага ў Беларусі.

Уладзімер Някляеў пакараны арыштам на 10 сутак, выйдзе на волю толькі 31 сакавіка. Сіўчык таксама знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна. Таксама на 10 сутак асуджаны актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў за правядзеньне 13 сакавіка несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку «Хартыі-97».

Беларускія пісьменьнікі патрабуюць вызваліць Някляева

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG