Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі забаранілі мітынг групе «Геі за Пуціна». Яны падалі ў суд


ЛГБТ-актывісты, якія перад прэзыдэнцкімі выбарамі хацелі зладзіць у Пецярбургу мітынг «Геі за Пуціна!», атрымалі адмову і падалі ў суд на гарадзкую адміністрацыю.

Актывісты палічылі, што было парушанае ня толькі права на свабоду сходаў і актыўнае выбарчае права геяў, але і — ускосным чынам — пасіўнае выбарчае права самога Ўладзіміра Пуціна: яго выбарнікі-геі не змаглі яго падтрымаць. Аднак, Смольнінскі раённы суд пасьля некалькіх гадзін роздумаў у задавальненьні пазову адмовіў.

Стваральнік ініцыятыўнай групы «Геі за Пуціна!» Аляксей Назараў лічыць судовы адмову абразьлівым: атрымліваецца, што геі ня маюць права падтрымаць Пуціна толькі таму, што яны геі.

Мэтай забароненай дэманстрацыі «Геі за Пуціна!» было інфармаваньне грамадзян аб цеснай сувязі пуцінскай палітыкі ў дачыненьні геяў у Расеі і духоўна-маральнага разьвіцьця грамадзтва, распаўсюджваньне публічных выказваньняў Пуціна пра геяў, напрыклад пра тое, што «Геі ў Расеі — паўнавартасныя і роўныя ў правах грамадзяне», збор наказаў пецярбурскіх выбарнікаў-геяў кандыдату ў прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміру Пуціну і многае іншае.

У якасьці сродкаў агітацыі на акцыі, якая не адбылася, меркавалася выкарыстоўваць расейскія і вясёлкавыя сьцягі, транспаранты, плякаты і банэры з надпісамі «Геі за Пуціна!» І «Пуцін — наш прэзыдэнт!»

У судовым пазове гаворыцца, што дэманстрацыя была забароненая з палітычных матываў — каб не павышаць сацыяльны статус геяў і не выклікаць у выбарнікаў непажаданых асацыяцый паміж кандыдатам у прэзыдэнты Пуціным і групай насельніцтва, якая дыскрымінуецца ім жа. На думку Аляксея Назарава, само згадваньне таго, што геі — за Пуціна, гарадзкія ўлады прыраўнялі да забароненай законам «прапаганды гомасэксуалізму».

Ініцыятыўная група «Геі за Пуціна!» зьбіраецца абскардзіць адмову Смольнінскага раённага суду ў вышэйшай інстанцыі, а затым, калі спатрэбіцца, і ў Вярхоўным судзе Расеі. Актывісты маюць намер не спыняцца ў адстойваньні сваіх правоў — аж да Эўрапейскага суду ў пытаньнях правоў чалавека.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG