Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняя спроба зразумець Статкевіча


Мікола Статкевіч, «Марш абураных беларусаў» («марш недармаедаў» на Кастрычніцкай плошчы, Менск

Радыё Свабода апублікавала відэакамэнтар Міколы Статкевіча да сёньняшніх затрыманьняў арганізатараў шэсьця 25 сакавіка.

Шчыра шкада, што затрымалі. Але больш шкада, што арганізатары не адмовіліся ад сваёй задумы. Я вылучыў тры асноўныя рэзоны, на што яны спадзяваліся і спадзяюцца, у надзеі паспадзявацца на тое самае сабе самому.

1. Шэсьце традыцыйнае і, адмовіўшыся ад яго, мы трацім твар. Але факт — за дзесяцігодзьдзі такія шэсьці вымерхаліся і страцілі масавасьць. Для староньняга назіральніка яны незразумелыя, каб хацелася да іх далучыцца, бо шэсьце не выконвае асьветніцкае місіі. Людзі элемэнтарна ня ведаюць, што такое БНР і незалежнасьць, а пры тым разумеюць, што ісьці за такім шэсьцем — нарывацца на непрыемнасьці. У імя чаго? Можа быць, ня варта трымацца такой «традыцыі», а прыдумаць іншыя формы масавага самавыразу?

Канцэрт — яшчэ не палітыка. Але і шэсьце — ужо не палітыка.

2. Гэта палітыка. Грамадзкі сэктар каля Опэры, кажа Мікола Статкевіч, «паляпшае сыстэму», а наша, маўляў, задача — «сыстэму памяняць». Гэта як? 2-3-тысячнае шэсьце ідзе рабіць рэвалюцыю? Ці ідзе прымусіць урад сесьці за круглы стол? Ці ідзе настрашыць Лукашэнку, каб ён куды-небудзь уцёк? Ці — не глядзіце, што нас мала, заўтра будзе болей? Але з году ў год нас робіцца толькі меней. І потым — давайце падрыхтуем сапраўды масавую акцыю на мільён чалавек, тады і выйдзем. Чаго ж цяпер лезьці пад дубінкі? Скажу вам па сакрэце, што якраз каля Опэры зьбяруцца тыя, хто пра БНР ведае і раскажа іншым. Бо зусім не сыстэму яны паляпшаюць, а наша беларускае грамадзтва. Канцэрт — яшчэ не палітыка. Але і шэсьце — ужо не палітыка.

Гэтая пустата, мабыць, самая галоўная прычына, чаму людзі масава не далучаюцца да шэсьця, — ня бачаць у ім зьместу.

3. Гэта пратэст, а там «танцулькі ў загародцы». Пратэст, асабліва вось такі, дысыдэнцкі паводле маштабу, павінен быць напоўнены зьместам. Калі пратэст усяго толькі «пацанскі» — гэта пусты пратэст. Соты раз выйсьці малалікай групай, каб сказаць Лукашэнку, што мы яго ня любім, — гэта ня зьмест пратэсту. Гэта выкід адрэналіну, ня больш. І гэтая пустата, мабыць, самая галоўная прычына, чаму людзі масава не далучаюцца да шэсьця, — ня бачаць у ім зьместу.

Я ведаю, што і Някляеў, і Статкевіч, і Сіўчык, і астатнія — свае людзі, але калі казаць пра іх як пра палітыкаў, я зусім не ўяўляю сабе, чаго ці каго яны хочуць замест Лукашэнкі, якім чынам плянуюць «зьмену сыстэмы». На якую? Ну, каб добра было. Дык хто ж гэтага ня хоча, самыя заўзятыя лукашысты таксама.

Я добра ўяўляю, чаго хоча народ Расеі пасьля перавыбараў Пуціна.

Затое ўяўляю, чаго хоча грамадзкі сэктар. І ўяўляю, чаго хоча народ Расеі пасьля перавыбараў Пуціна. Народ хоча пашырэньня «русского мира» і чым хутчэй. Гэта галоўны зьмест новага прэзыдэнцкага мандату. Уяўляю таксама, што пашырэньне адкрытым спосабам можа пачацца ўжо заўтра, а можа і гэтай ноччу — як у Крыме. І рэфэрэндум з бэтээрамі на вуліцах прынясе тыя самыя вынікі. Вось які кантэкст канфлікту паміж шэсьцем і канцэртам. Кансалідацыя — на маю думку, адзінае, што павінны сёньня мець за мэту ўсе беларускія нацыянальныя сілы. Усе іншыя амбіцыі, прыватныя выгады, звычкі і «традыцыі» мусяць адысьці на маргінэс.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG