Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцябляне дамагліся дэмантажу летніх кавярняў, прыбудаваных да помніка архітэктуры


Дэмантаж прыбудовы да кавярні «Даміно»
Дэмантаж прыбудовы да кавярні «Даміно»

У гістарычным цэнтры Віцебску на пешаходнай вуліцы паводле пастановы аблвыканкаму дэмантуюць летнія прыбудовы кавярняў да будынка — гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

На вуліцы Талстога, 3 ужо дэмантуюць летнюю прыбудову да піцэрыі «Даміно». Побач месьціцца такая ж прыбудова да бара «Малінкі». Дом № 3 — гісторыка-культурная каштоўнасьць 3-й катэгорыі.

Паводле Кодэксу Беларусі аб культуры вулічныя кавярні не павінны закрываць гістарычны помнік. Першым на парушэньне гэтага патрабаваньня зьвярнуў увагу дырэктар Цэнтру сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў. Напрыканцы траўня мінулага году ён зьмясьціў у сваім «Фэйсбуку» фатаздымкі будоўлі кавярні «Малінкі».

Да гістарычнага будынку з чырвонай цэглы ўшчыльную прыбудавалі капітальную спаруду зь белага плястыку, якая зьмяняе выгляд помніка архітэктуры. У кастрычніку 2017-га спадар Духоўнікаў зьмясьціў фатаздымкі будаўніцтва кавярні «Даміно» — яшчэ адной прыбудовы да таго самага будынка № 3, які ўваходзіць у архітэктурны комплекс «Забудова вуліцы Талстога канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў».

Сьцьвердзіць, што «Даміно» і «Малінкі» на вуліцы Талстога зьявіліся з парушэньнем заканадаўчых нормаў, удалося віцебскаму блогеру Аляксею Андрыянаву. Ён зьвярнуўся ў Віцебскі аблвыканкам, адкуль атрымаў адказ ад начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Генадзя Ягорава, што ААТ «ВіпПроджэкт» і ААТ «Даміно-Кафэ» парушылі нормы ўзгодненага зь Міністэрствам культуры праекту. Зварот у Мінкульт таксама даў свой плён: блогеру паведамілі, што за парушэньне артыкула 110 Кодэксу аб культуры супраць адказных асобаў распачатыя адміністрацыйныя справы.

Гаспадарам загадана дэмантаваць незаконныя прыбудовы. Драўляную канструкцыю кавярні «Даміно» ўжо дэмантуюць. Прыбудова да «Малінак» яшчэ на месцы, тамтэйшыя супрацоўнікі адмовіліся размаўляць на гэтую тэму.

Прыбудова да кавярні «Малінкі» яшчэ стаіць
Прыбудова да кавярні «Малінкі» яшчэ стаіць

Паводле дакумэнтаў абедзьве пабудовы — гэта так званыя «летнія кавярні», якія працуюць у цёплы час году. Але іх зрабілі грунтоўнымі, і там прымалі наведнікаў усю зіму.

ТОП-7 віцебскіх адрасоў Марка Шагала

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG