Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску перанясуць фантан, каб адбудаваць разбураны бальшавікамі касьцёл сьвятога Антонія


Выгляд касьцёлу паводле эскізнага праекту

У Віцебску фантан са скульптурамі Азата Тарасяна, якія сымбалізуюць зьліцьцё трох рэк — Віцьбы, Лучосы і Дзьвіны, — будзе перанесены ў іншае месца. Бо ён разьмешчаны на гістарычнай тэрыторыі, дзе заплянавана аднаўленьне зруйнаванага ў 1961-м годзе касьцёла сьвятога Антонія.

Фантан «Зьліцьцё трох рэк»
Фантан «Зьліцьцё трох рэк»

Дазвол на аднаўленьне касьцёла, помніка віленскага барока, ужо ёсьць, эскізны праект, аўтарам якога зьяўляецца віцебскі архітэктар Ігар Рацько, падтрыманы Міністэрствам культуры.

Выгляд касьцёлу паводле эскізнага праекту
Выгляд касьцёлу паводле эскізнага праекту

Але перш чым распачынаць уласна будаўніцтва, парафія касьцёла сьвятога Антонія абавязаная арганізаваць археалягічныя навукова-дасьледчыя працы на гэтай тэрыторыі. Яны й пачнуцца зь пераносу фантана, які 30 год таму зьявіўся на падмурках старога касьцёла. Ужо ёсьць рашэньне перанесьці фантан «Зьліцьцё трох рэк» на пляцоўку да будынка канцэртнай залі «Віцебск», а заадно яго рэканструяваць.

Фантан перанясуць на пляцоўку перад уваходам у канцэртную залю «Віцебск»
Фантан перанясуць на пляцоўку перад уваходам у канцэртную залю «Віцебск»

Дазвол на дасьледчыя працы ўжо атрыманы, і толькі пасьля іх будзе прынятае рашэньне, ці аднаўляць помнік архітэктуры на ягоным ранейшым месцы, ці зьмясьціць яго далей ад праезнай часткі, патлумачыў ксёндз Вячаслаў Барок:

Ксёндз Вячаслаў Барок
Ксёндз Вячаслаў Барок

«Пра тое, каб будаваць на старых падмурках, гаворкі няма. Але яшчэ ў мінулым стагодзьдзі вуліца імя Леніна была вузейшай, і яе пашырылі якраз пасьля зьнішчэньня гістарычнага будынку. Цяпер фасад касьцёла, калі яго ўзьвесьці на ранейшым месцы, будзе выступаць на праезную частку. Гэта ў прынцыпе не крытычна: дарогу можна звузіць, і гэта не зашкодзіць руху транспарту, калі вырашыць пытаньне прафэсійна. Калі ж такім чынам зрабіць не атрымаецца, то ёсьць магчымасьць узьвесьці касьцёл, трошкі яго пасунуўшы. Што да гістарычных падмуркаў, то Міністэрства культуры параіла варыянт, каб прадугледзець іх кансэрвацыю, а потым — частковае экспанаваньне».

Касьцёл сьвятога Антонія ў пляне забудовы Віцебска на гістарычным месцы
Касьцёл сьвятога Антонія ў пляне забудовы Віцебска на гістарычным месцы

Пра адбудову помніка архітэктуры даўно марылі віцябляне, але наконт месца ўзнаўленьня касьцёла сьвятога Антонія Падуанскага адразу ж разгарэліся спрэчкі. Як толькі ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя пра верагоднасьць пераносу будынка, выявілася колькі праціўнікаў гэтай ідэі. Сярод іх — старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Паводле спадара Астаповіча, пераносіць помнік зь ягонага гістарычнага месца аніяк нельга, бо гэта будзе «псэўдааднаўленьне», якое «парушае і міжнародныя мэтодыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакумэнтах».

Касьцёл сьвятога Антонія ў пляне забудовы Віцебска на гістарычным месцы, калі яго перанесьці
Касьцёл сьвятога Антонія ў пляне забудовы Віцебска на гістарычным месцы, калі яго перанесьці

На думку ксяндза Вячаслава, будаваць на ранейшым месцы было б больш лягічна. Аднак і ад прапановы пераносу адмаўляцца ня варта, бо інакш гэтага будынку ў Віцебску ня будзе ўвогуле.

Будынак касьцёлу сьвятога Антонія мае завяршыць кампазыцыю колішняй Рынкавай плошчы і зноўку стацца адной з архітэктурных дамінантаў на гэтай тэрыторыі — разам з гарадзкой ратушай і Сьвята-Ўваскрасенскай царквой. Адбудаваны храм будзе выконваць сваю спрадвечную рэлігійную функцыю, нягледзячы на тое, што касьцёл сьвятога Антонія ў Віцебску ўжо ёсьць — гэта пераабсталяваны былы Дом культуры таварыства глуханямых на вуліцы Гагарына. Там якраз і служыць ксёндз Вячаслаў Барок, які апякуецца аднаўленьнем гістарычнага касьцёла. Ён мяркуе, што ў прыстасаваным будынку зь цягам часу можна будзе зрабіць рэлігійна-культурніцкі цэнтар.

Росьпіс на сьцяне сучаснага касьцёла сьвятога Антонія
Росьпіс на сьцяне сучаснага касьцёла сьвятога Антонія

Дарэчы, на сьцяне цяперашняга касьцёла ёсьць росьпіс, зроблены мастаком Уладзімерам Кандрусевічам. Гэта сучасны гарадзкі краявід Віцебску, на ім адлюстраваныя розныя пэрсанажы на фоне будаўнічага плоту, за якім ідзе аднаўленьне страчанай сьвятыні.

Гістарычнае месца зруйнаванага касьцёла
Гістарычнае месца зруйнаванага касьцёла
Касьцёл сьвятога Антонія (справа), на адным з малюнкаў Напалеона Орды
Касьцёл сьвятога Антонія (справа), на адным з малюнкаў Напалеона Орды

Даведка: У 1742 годзе Тэкля-Ганна Агінская, жонка віцебскага ваяводы, падпісала кантракт на пабудову касьцёлу сьвятога Антонія са славутым беларускім архітэктарам італьянскага паходжаньня Язэпам Фантанам. Пасьля гэтага ён назаўжды перасяліўся ў Віцебск і стварыў тут яшчэ некалькі архітэктурных шэдэўраў. У 1768 годзе касьцёл быў асьвячоны і дзейнічаў да 1920-х гадоў. За саветамі касьцёл зачынілі, і некалькі гадоў тут працаваў «Музэй атэізму», дзе захоўваліся мошчы Эўфрасіньні Полацкай. Будынак пацярпеў у гады Другой усясьветнай вайны і быў канчаткова зруйнаваны ў 1961 годзе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG