Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адновяць касьцёл сьвятога Антона Падуанскага: зацьверджаны праект рэканструкцыі


Касьцёл сьвятога Антона (справа) на адным з малюнкаў Напалеона Орды
Касьцёл сьвятога Антона (справа) на адным з малюнкаў Напалеона Орды

Справай аднаўленьня помніка архітэктуры апякуецца ксёндз Вячаслаў Барок.

Ён паведаміў, што праект рэканструкцыі, дасланы ў Міністэрства культуры, быў падтрыманы. Адзіная ўмова міністэрства — каб копія старажытнага будынку стала крыху ўбок ад гістарычнага месца. Бо ў мінулым стагодзьдзі, калі яго зносілі, вуліца Леніна была вузейшая, і цяпер адноўлены будынак заступаў бы на праезную частку.

Праект быў створаны паводле вонкавага апісаньня касьцёла, бо старых архітэктурных плянаў будынка не захавалася. Адмыслоўцы лічаць, што аднаўленьне гэтага помніка завершыць рэканструкцыю гістарычнага аблічча Ратушнай плошчы.

Да гады таму, калі ў міністэрстве далі прынцыповую згоду на адбудову выдатнага помніка архітэктуры і праца над праектам толькі пачыналася, яго ўвасабленьне было ацэнена ў больш як два мільёны даляраў. На сёньня сума вырасла, але каталіцкія вернікі гатовыя дапамагчы ва ўзнаўленьні сьвятыні ўласнымі сродкамі.

Касьцёл сьвятога Антонія на здымках падчас Другой Сусьветнай вайны
Касьцёл сьвятога Антонія на здымках падчас Другой Сусьветнай вайны

Тое, што ў Віцебску ўжо ёсьць парафія Сьвятога Антона і касьцёл — пераабсталяваны былы Дом культуры таварыства глуханямых на вуліцы Гагарына — ня будзе супярэчнасьцю. Новы касьцёл мецьме поўную гістарычную назву храма, збудаванага ў гонар сьвятога Антона Падуанскага.

Касьцёл разьмяшчаўся, паводле цяперашняй гарадзкой тапаграфіі, насупраць ратушы — на другім баку вуліцы Леніна. Калісьці будынак адыграў вельмі значную ролю ў станаўленьні архітэктурнага аблічча цэнтру гораду. У 1742 годзе Тэкля-Ганна Агінская, жонка віцебскага ваяводы, падпісала кантракт на яго пабудову са славутым беларускім архітэктарам італьянскага паходжаньня Язэпам Фантанам. Пасьля гэтага ён назаўжды перасяліўся ў Віцебск і стварыў тут яшчэ некалькі архітэктурных шэдэўраў. У 1768 г. касьцёл быў асьвячоны і дзейнічаў да 1920-х гадоў. За саветамі касьцёл зачынілі, і некалькі гадоў тут нават працаў «Музэй атэізму», дзе захоўваліся мошчы Эўфрасіньні Полацкай. Будынак пацярпеў у гады Другой усясьветнай вайны і быў канчаткова зруйнаваны ў 1961 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG