Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статыстыка паказвае: за Пуціна ўкінулі 10 мільёнаў бюлетэняў


Сяргей Шпількін, фізык, расейскі адмысловец у электаральнай статыстыцы
Сяргей Шпількін, фізык, расейскі адмысловец у электаральнай статыстыцы

Заўважыць фальсыфікацыі на выбарах можна не толькі з дапамогай прамога назіраньня і фіксацыі ўкідаў і карусэляў, але і матэматычна. Дадатковыя бюлетэні за «галоўнага кандыдата», падгон вынікаў на ўчастках пад ужо гатовы вынік — усе гэтыя дзеяньні, накладаючыся адно на адно ў маштабе рэгіёнаў і ўсёй краіны, прыводзяць да анамаліі ў агульнай афіцыйнай статыстыкі, у прыватнасьці, у выглядзе «пілы Чурава», якая стала вядомым мэмам і сумным фэномэнам выбараў у Расеі.

Адзін з найбольш актыўных экспэртаў у электаральнай статыстыцы, які апублікаваў некалькі навуковых артыкулаў аб анамаліях на выбарах у Расеі, фізык Сяргей Шпількін распавёў Радыё Свабода, што ў цэлым апошнія выбары прэзыдэнта РФ сталіся крыху «чысьцейшымі» за большасьць іншых у апошнія 15 гадоў. Але за «галоўнага кандыдата», паводле Шпількіна, усё роўна было ўкінута парадку 10 мільёнаў бюлетэняў.

Шпількін і іншыя адмыслоўцы аналізуюць дадзеныя выбараў на ўзроўні выбарчых участкаў, якія афіцыйна публікуе ЦВК. Адзін з самых красамоўных парамэтраў — яўка. Напрыклад, можа атрымацца, што ў нейкім рэгіёне на дзясятках участкаў яўка аказалася цалкам аднолькавай, больш за тое, роўнай у дакладнасьці 70%.

Зразумела, што і такое «круглае» значэньне і дзіўнае супадзеньне адразу ж на многіх участках — прыкмета фальсыфікацыі. Верагодна, бюлетэні тут наогул не лічылі, а проста падалі ў ЦВК дадзеныя і па агульнай яўцы і па выніках галасаваньня, якія самі выбралі загадзя. Гэта — самы відавочны тып анамаліі, які чыста матэматычна з высокай пэўнасьцю даказвае фальсыфікацыі, ён шырока сустракаўся пачынаючы з прэзыдэнцкіх выбараў 2004 года, але пасьля пратэстаў 2011 года, калі актывісты пачалі сур’ёзна сачыць за электаральнай статыстыкай, пайшоў на спад, хоць і сустракаецца ў некаторых рэгіёнах да гэтага часу.

Іншы тып анамаліі, які крыху больш складана выявіць і даказаць на яго аснове фальсыфікацыі, выглядае так: у рэгіёне зьяўляюцца ўчасткі, дзе назіраюцца адначасова незвычайна высокая яўка і адначасова незвычайна высокі працэнт галасоў за «галоўнага кандыдата». Напрыклад, на ўчастках з яўкай каля 40-60% галоўны кандыдат атрымлівае каля 50% галасоў, але ёсьць шмат участкаў з яўкай 80-90%, дзе і адсотак лідэра парадку 90%. Гэта супярэчыць статыстычнай тэорыі, якая абяцае, што колькасьць участкаў з розным значэньнем яўкі мае так званае нармальнае разьмеркаваньне: больш за ўсё ўчасткаў з нейкай сярэдняй яўкай, а чым больш экстрэмальнае значэньне яўкі ў любы бок, тым менш такіх участкаў. На графіцы гэта выглядае як звон, а вось калі правае крыло звана (з боку высокай яўкі) задзіраецца наверх — нешта нячыста.

«Як можна падвысіць вынік патрэбнага кандыдата і адначасова яўку? — разважае Сяргей Шпількін. — Самы просты варыянт — дадаць бюлетэні або прыпісаць галасы. Як адбываецца даданьне бюлетэняў, мы ўбачылі, дзякуючы відэаназіраньню, якое ў нас вядзецца на выбарах з 2012 году. Ёсьць досыць шмат відэадоказаў таго, як гэта адбываецца, як людзі падыходзяць да выбарчай урны і закідваюць туды пачак бюлетэняў, ці падыходзяць, напрыклад, да аўтаматычнага сканэру і „кормяць“ яго бюлетэнямі па адным лісточку, таму што ён іх толькі аб так прымае».

Што менавіта гэта за бюлетэні, сказаць складана, Шпількін мяркуе, што іх могуць браць з чыстага стосу, а пасьля завяршэньня галасаваньня падбіваць сьпісы выбаршчыкаў, ператвараючы тых, хто не прыйшоў на выбары, у тых, хто прагалаваў «правільна». Часам дзейнічаюць хітрэй.

«У некаторых выпадках ёсьць адчуваньне, што бюлетэні не лічылі, а вынікі проста малявалі, — распавядае Шпількін. — Гэта такая славутая гісторыя, калі было роўненька 62% галасоў за. "Адзіную Расею" на 140 участках у Саратаве на выбарах у Дзярждуму ў 2016 годзе, калі быў напісаны проста адзін і той жа вынік. Гэта настолькі неверагоднае супадзеньне, абсалютна немагчыма дапусьціць, што яно зьявілася шляхам падліку бюлетэняў».

Іншы мэтад — ня укідваць новыя бюлетэні, а перакладаць іх з аднаго пачаку ў іншы, такім чынам залічваючы галасы за аднаго кандыдата іншаму. Такія маніпуляцыі на статыстыцы «злавіць» складаней, але таксама можна, таму што суадносіны галасоў за розных дэпутатаў у цэлым паводзіць сябе прадказальным чынам і штучныя прыпіскі прыкметныя на графіках.

Самае, бадай, цікавае, гэта тое, што можна досыць дакладна вылічыць, колькі было ўкінута бюлетэняў за «галоўнага кандыдата». Для гэтага будуецца графік, які паказвае залежнасьць колькасьці галасоў за лідэра ў залежнасьці ад яўкі на ўчастку, дзе гэты вынік быў паказаны. Напрыклад, бярэм усе ўчасткі ў Расеі, дзе яўка склала ад 69 да 70% і сумуем усе галасы за Ўладзіміра Пуціна на гэтых участках. На малюнку часта можна ўбачыць, што ў «галоўнага кандыдата» правае крыло гэтага графіка падазрона задралася, тады як у іншых кандыдатаў ён амаль сымэтрычны.

Агульная статыстыка па РФ. Заштрыхаваная зона пад анамальна задраным правым крылом графіку галасаваньня за Пуціна - укіды
Агульная статыстыка па РФ. Заштрыхаваная зона пад анамальна задраным правым крылом графіку галасаваньня за Пуціна - укіды

— У гэтым годзе прыкметныя дзьве рэчы. Па-першае, мяркуючы па ўсім, намаганьні па тым, каб пазьбегнуць па магчымасьці фальсыфікацыяў у дзень падліку, якія, па чутках, рабілі розныя інстанцыі ад адміністрацыі прэзыдэнта да ЦВК, далі вынік. І абʼём маніпуляцый на гэтых выбарах — гэта прыкладна 10 мільёнаў галасоў на карысьць Пуціна, гэта менш, чым на ўсіх выбарах, акрамя 2004 года.

— А якія, дарэчы, былі самымі бруднымі?

— Лідэраў тут тры. Гэта выбары Мядзьведзева, дзе ўзровень маніпуляцыі быў дзесьці 15 мільёнаў галасоў. Потым былі «думскія» выбары 2011 года, дзе было крыху менш, але затое гэта выйшла вонкі і выклікала вялікае грамадзкае абурэньне. І былі выбары 2016 года, калі абсалютны абʼём маніпуляцый быў менш, але праз нізкую яўку і малую колькасьць тых, хто прагаласаваў, адносны ўзровень быў прыкладна такі ж. Гэта было недзе 12 або 11 з паловай мільёнаў галасоў. Але цяперашнія 10 мільёнаў на фоне рэальна атрыманых Пуціным 45 мільёнаў значна меншыя, чым тыя 11 мільёнаў на думскіх выбарах на фоне рэальна атрыманых «Адзінай Расеяй» 14 мільёнаў.

Так што ў гэты раз адбыліся адносна невялікія маніпуляцыі, акрамя таго, яны вярнуліся ў даволі абмежаваную колькасьць рэгіёнаў — тыя, што палітолаг Зьміцер Арэшкін называе «электаральнымі султанатамі», плюс некаторая колькасьць абласьцей Расеі: гэта Саратаўская вобласьць, гэта Белгародзкая вобласьць, гэта Краснадарскі край, Стаўрапольскі край. Увогуле, ня вельмі шмат.

— А хто належыць да «султанатаў»?

— Гэта ўсё рэспублікі Паўночнага Каўказу, зь іх часам выпадае Адыгея, але ў гэты раз не выпала. Гэта Татарстан і Башкартастан, Мардовія і Кемераўская вобласьць. «Электаральны султанат», зрэшты, не зьяўляецца сынонімам нацыянальнай рэспублікі. У Марый Эл і ў Чувашыі сёлета, здаецца, усё больш-менш добра. А ў Кемерава дрэнна — як і заўсёды.

— Ёсьць нейкая здагадка, як суаднесьці палітычную рэальнасьць гэтых рэгіёнаў зь іх паводзінамі ў электаральнай статыстыцы?

— Гэта пытаньне не да мяне, гэта пытаньне ўсё ж такі да рэгіёназнаўцаў. Але, напрыклад, Мардовія, здаецца, зьяўляецца самым датацыйным рэгіёнам у Расеі ці другім па датацыях пасьля Крыму і, можа быць, Чачні. Гэта значыць відавочны лідэр.

— Наогул рэгіянальныя маніпуляцыі — плён высілкаў мясцовых уладаў, нізавая ініцыятыва?

— Ёсьць такая тэорыя, што маніпуляцыя на выбарах — гэта такі абмен сыгналамі паміж рознымі ўзроўнямі ўладаў і дэманстрацыя ляяльнасьці. Вельмі магчыма, што так яно і ёсьць. Таму што, напрыклад, у Кемераўскай вобласьці маніпуляцыі пачаліся пасьля таго, як Аман Тулееў ў 2000 годзе выйграваў прэзыдэнцкія выбары пры сумленным падліку ў сваёй вобласьці з такім паказчыкам, зь якім Пуцін выйграў ва ўсёй астатняй краіне. І пасьля гэтага ён пачаў, мабыць, узмоцнена дэманстраваць ляяльнасьць.

— Як вы ацэньваеце рэальную яўку на сёлетніх выбарах?

— Яна, відаць, блізкая да 62%. Пуцін атрымаў прыкладна 45 мільёнаў галасоў. Гэта, у адрозьненьні ад афіцыйных вынікаў, менш за палову расейцаў, якія маюць права голасу. Папярэдняя ацэнка рэальнага адсотка галасоў за Пуціна — каля 67%.

— За Пуціна былі менавіта ўкіды або пераразьмеркаваньні ад іншых кандыдатаў?

Гэта асобная тэма для дасьледаваньняў, тут трэба разьбірацца больш уважліва. Відавочна відаць, што гэта ня толькі ўкіды, але і сапраўды нейкія перакладаньні ці проста адвольнае маляваньне. Але за кошт каго адбывалася гэта перакладаньне галасоў, калі гэта было яно, трэба глядзець далей уважліва па дэталёвым дадзеных, па канкрэтных рэгіёнах.

- З улікам гэтых паправак цяперашні вынік Пуціна па-ранейшаму застаецца рэкордным?

— Афіцыйна ў 2004 годзе ён набраў каля 49 мільёнаў, у рэальнасьці прыкладна столькі ж, як і цяпер. Так што з нацяжкай можна сказаць што рэкорд захаваўся ці амаль захаваўся — але трэба ўлічваць велізарныя намаганьні для павелічэньня проста фізычнай яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі.

— Я чуў сьмешную тэорыю, што Пуціна вельмі хвалюе незвычайна высокі вынік Дзьмітрыя Мядзьведзева на выбарах 2008 года (52,5 мільёна). Атрымалася яго пераплюнуць у рэальнасьці?

— Думаю што так. Таму што вынік Мядзьведзева быў накручаны значна больш. Гэта можна сказаць з упэўненасьцю. Гэта былі ў абсалютнай маштабе самыя накручаныя выбары. Тады гэта адбывалася нават у Маскве: прыкладна палова горада была фальсыфікаваная. Грамадзкасьць проста яшчэ не вельмі зьвяртала на гэта ўвагу. Але гэта было.

— За тыя гады, што вы і іншыя экспэрты займаецеся вывучэньнем электаральнай статыстыкі, склаўся кансэнсус, што яна дае адэкватныя ацэнкі? Бо ў часы Чурава былі афіцыйныя заявы, што статыстыка-статыстыкай, Гаўс-Гаўсам, а ў нас вось такая анамальная краіна і людзі галасуюць адпаведна «піле Чурава».

Тут дзьве рэчы. З аднаго боку, вось гэтыя апошнія выбары як раз сталі выдатным аргумэнтам на карысьць таго, што ўсе папярэднія былі маніпуляваныя. Таму што ў вельмі многіх рэгіёнах тыя самыя разьмеркаваньні галасоў па яўцы вярнуліся да форме «звона», пра якую так шмат казалі ў папярэднія гады. Па-другое, ёсьць шмат кропкавых пацьверджаньняў слушнасьці таго, што кажуць людзі, якія займаюцца электаральнай статыстыкай ў гэтым сэнсе. Напрыклад, радыкальная зьмена характару галасаваньня ў Маскве з 2011 да 2012 году, пасьля пратэстаў, калі з нейкага гіпатэтычна неаднароднага горада яна раптам стала строга аднастайным і застаецца такой на працягу ўжо чатырох буйных выбараў — 2012, 2013, 2016, 2017. 2018 год — ужо пятыя выбары запар.

І колькасныя ацэнкі абʼёму маніпуляцый супадаюць, напрыклад, з ацэнкамі, якія былі атрыманыя пры аналізе вынікаў участкаў з назіральнікамі і без у іншых працах. Ёсьць даволі шмат разнастайных сьведчаньняў, якія пацьвярджаюць, што ніякай неаднастайнасьці на самай справе няма, а ёсьць нармальнае даволі аднастайнае насельніцтва краіны са сваімі адхіленьнямі і асаблівасьцямі ў розных месцах, але гэта адхіленьні ад аднаго агульнага сярэдняга. Напрыклад, у гэты раз былі назіральнікі ў Чачні, і яны прывезьлі вынікі галасаваньня, вельмі падобныя на вынікі галасаваньня па ўсёй краіне, гэта значыць крыху вышэй адсотак Пуціна, крыху ніжэй адсотак Грудзініна, але ў цэлым ніякіх незвычайных паказчыкаў няма, — сказаў Сяргей Шпількін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG