Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны заклікаў увесьці санкцыі супраць экс-канцлера ФРГ Шродэра


Герхард Шродэр.
Герхард Шродэр.

Міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін заклікаў увесьці санкцыі супраць тых на Захадзе, хто займаецца прасоўваньнем праектаў Пуціна, у прыватнасьці, Герхарда Шродэра, былога Фэдэральнага канцлера ФРГ. Кіраўнік МЗС Украіны назваў Шродэра «найважнейшым лабістам Пуціна ва ўсім сьвеце». Пра гэта Клімкін заявіў газэце Bild, піша DW.com.

«Герхард Шродэр — найважнейшы лабіст Пуціна ва ўсім сьвеце. Таму варта праверыць, якім чынам у гэтай сытуацыі можа дзейнічаць Эўразьзвяз», — падкрэсьліў кіраўнік украінскага МЗС.

Пасьля таго, як у 2005 годзе Шродэр пакінуў пасаду канцлера ФРГ, ён стаў старшынём назіральнай рады праекту «Паўночны паток». Пазьней палітык узначаліў і раду кампаніі «Паўночны паток-2», а таксама раду дырэктараў «Раснафты». Праект «Паўночны паток-2» прадугледжвае будаўніцтва і працу дзьвюх нітак газаправоду агульнай магутнасьцю 55 млрд кубамэтраў газу ў год ад узьбярэжжа Расеі праз Балтыйскае мора ў Нямеччыну і можа дазволіць Расеі павялічыць аб’ём паставак газу ў Эўропу.

Апэратарам праекту будаўніцтва газаправоду выступае кампанія Nord Stream 2 AG, адзіным акцыянэрам якой зьяўляецца «Газпром». Было заплянавана, што маршрут і канструкцыя новага газаправоду будуць праходзіць праз эканамічныя зоны і тэрытарыяльныя воды пяці краін — Расеі, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі і Нямеччыны. Аднак Данія ў лістападзе 2017 году забараніла праходжаньне расейскага газаправоду празь яе воды.

У Эўразьвязе існуюць рознагалосьсі ў пытаньні аб будаўніцтве газаправода «Паўночны паток-2». Кіраўнікі парлямэнтаў Польшчы, Літвы і Латвіі падпісалі ў Вільнюсе ліст аб тым, што газаправод «Паўночны паток-2» накіраваны на энэргетычную залежнасьць дзяржаваў Эўразьвязу ад Расеі. Аднак у іншых краінах — у тым ліку Нямеччыне і Аўстрыі, кампаніі якіх уваходзяць у лік інвэстараў праекту «Паўночны паток-2», падтрымліваюць будаўніцтва газаправоду. Канцлер ФРГ Ангела Мэркель заявіла, што праект варта разглядаць з эканамічнага, а не з палітычнага пункту гледжаньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG