Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыбытак беларускіх прадпрыемстваў за год упаў амаль у 50 разоў


Ілюстрацыйнае фота. Швэйная фабрыка «Вясьнянка» (адно з самых «праблемных» прадпрыемстваў у Магілёве)

Паводле афіцыйнай інфармацыі, чысты прыбытак беларускіх арганізацый за студзень 2018 году склаў 12 млн рублёў. У студзені 2017 году гэтая лічба складала 580,2 млн руб — у 48,35 разоў больш.

Пры гэтым прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг у параўнаньні са студзенем 2017 году вырас на 17,6%, але пасьля выліку ўсіх фінансавых абавязацельстваў гэта сума зьменшылася амаль у 10 разоў да 172,7 мільёнаў рублёў, а пасьля выліку падаткаў чысты прыбытак склаў усяго 12 млн рублёў.

У студзені 2018 году выручаныя арганізацыямі сродкі вырасьлі на 17,5% і склалі 16,5 мільярдаў рублёў. Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг павялічыўся на 17,9%.

Доля стратных прадпрыемстваў у Беларусі за год скарацілася нязначна — з 24,9% да 24,6%.

Раней ужо паведамлялася, што чыстыя страты беларускіх прамысловых прадпрыемстваў вырасьлі за 2017 год на 54,1% да 1,4535 млрд беларускіх рублёў. Запасы гатовай прадукцыі на складах растуць: на 1 лютага 2018 году на складах ляжала прадукцыі на 4,2136 млрд рублёў — плюс 363,1 млн рублёў за студзень 2018. Найбольш на складах тэкстылю, адзеньня і вопраткі (у 2,9 раза больш за месячны аб’ём вытворчасьці), лекаў (у 1,7 раза больш), вылічальнай тэхнікі, электронікі і оптыкі (у 1,5 раза больш). Найбольшы ўзровень складзкіх запасаў у Менскай вобласьці, дзе на складах ляжыць 95,5% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці, найменш — у Віцебскай і Гомельскай абласьцях (37,3% і 23% адпаведна), дзе знаходзяцца нафтаперапрацоўчыя заводы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG