Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі перасьледуюць прыхільнікаў байкоту прэзыдэнцкіх выбараў, — Amnesty International


Ілюстрацыйнае фота. Падчас несанкцыянаванага мітынгу прыхільнікаў лідэра апазыцыі Аляксея Навальнага ў цэнтры Санкт-Пецярбургу. 28 студзеня 2018 году

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 18 сакавіка ў Расеі ажывіўся перасьлед уладамі актывістаў, у прыватнасьці тых, хто выступае за байкот галасаваньня, гаворыцца ў заяве ад 15 сакавіка міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

«На падставе драконавага закона аб публічных мерапрыемствах ўлада мэтанакіравана перасьледуе актывістаў за заклік байкатаваць выбары. Пры гэтым улада ня толькі ўсяляк перашкаджае правядзеньню публічных мерапрыемстваў прыхільнікаў байкоту, у ходзе наступу на апазыцыю на адвольных падставах і палітычна матываваных абвінавачаньнях былі затрыманыя многія вядомыя прадстаўнікі байкоту», — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы таксама адзначаюць, што за мінулыя некалькі гадоў улада ў Расеі сур’ёзна пашырыла свой «рэпрэсіўны арсэнал» у барацьбе з дэманстрантамі.

«Намер Крамля цалкам відавочны — на фінальным этапе выбарчай кампаніі зачысьціць вуліцы ад найбольш заўзятых дэманстрантаў і прыхільнікаў байкоту», — заявіў Дзяніс Крывашэеў, намесьнік дырэктара Amnesty International па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Маючы шырокі набор інструмэнтаў для барацьбы з грамадзкай незадаволенасьцю, улада, як звычайна, зьвярнулася да свайго любімага мэтаду — саджаць сваіх крытыкаў за краты без усялякіх на тое падставаў», — дадаў ён.

Ідэю байкатаваць выбары прапагандуе адзін з апазыцыйных лідэраў Аляксей Навальны, якому было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Прыхільнікаў Навальнага ў апошні час актыўна затрымлівалі расейскія сілавікі. Сярод іх апынуліся кіраўнік штабу Навальнага Леанід Волкаў, каардынатар ягонага штабу ў Санкт-Пецярбургу Дзяніс Міхайлаў, каардынатар руху «Открытая Россия» Андрэй Півавараў і іншыя.

У прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, якія заплянаваныя на 18 сакавіка, прымуць удзел 8 кандыдатаў, але дзейны прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, як мяркуюць, выйграе яшчэ адзін шасьцігадовы тэрмін на пасадзе кіраўніка дзяржавы.

За апошнія 6 год прэзыдэнцтва Пуціна ў Расеі набылі моц 50 антыдэмакратычных законаў,— праваабаронцы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG