Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку «Маладога фронту» асудзілі за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы


Наста Гусева падчас збору подпісаў за беларускую мову на выхадзе са станцыі мэтро «Плошча Леніна»

Суд Кастрычніцкага раёну Менску аштрафаваў 12 сакавіка маладафронтаўку Насту Гусеву на 15 базавых велічынь (367 рублёў 50 капеек) за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы.

Суд прызнаў Насту Гусеву віннай паводле першай часткі адміністрацыйнага артыкулу 23.34 «Парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства». У Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага Гусева разам з «Маладым фронтам» зьбірала подпісы ў падтрымку беларускай мовы і стварэньне Нацыянальнага ўнівэрсытэту з навучаньнем па-беларуску.

Збор подпісаў за беларускую мову ў Менску, люты 2017
Збор подпісаў за беларускую мову ў Менску, люты 2017

Сьведкамі на судзе выступілі міліцыянты, які ў гэты час дзяжурылі на станцыі мэтро «Плошча Леніна», паведаміла Свабодзе Наста Гусева. Абвінавачваньне грунтавалася на паказаньнях міліцыянтаў аб тым, што актывістка зьбірала подпісы без дазволу.

«Увогуле суд адбыўся мірна», — распавяла Наста Гусева. — «Зьбірала (подпісы — РС), так, праўда дазволу ня мела. Пра адказнасьць ведала, сумленьне мне дазваляла зьбіраць подпісы за мову».

У межах супольнай кампаніі «Маладога фронту» і Моладзі БНФ у падтрымку беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі па Беларусі было сабрана больш за 2790 подпісаў, іх перадалі ў Міністэрства адукацыі. 13 сакавіка за збор подпісаў у межах кампаніі будуць судзіць блогера Эдуарда Пальчыса і актывіста Моладзі БНФ Ягора Сергіенку. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», пратаколы таксама склалі на Ганну Сьмілевіч, Дзяніса Мандзіка і Аляксандру Патапаву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG