Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фуфайка цэлая, а чалавек згарэў. Вясковы дэтэктыў, пра які баяцца гаварыць і праз 20 гадоў


Напрыканцы кастрычніка 1997 году недалёка ад вёскі Каралеўшчына, што ў Докшыцкім раёне, на фэрме «Замошша» загінуў вартаўнік. Дваццацігадовы Віктар Крупеня. Ці мала людзей гіне ў Беларусі на вытворчасьці, у аўтакатастрофах? Але Віктар Крупеня загінуў вельмі страшнай сьмерцю. Ён памёр, як гаворыцца ў пасьведчаньні аб сьмерці, ад апёкавага шоку. А кажучы проста, згарэў жыўцом.

Пра тую даўнюю трагедыю распавялі бабуля і маці загінулага. Надзея і Марыя Крупені. Жанчыны жывуць у вёсцы Швэплі, якая ўжо даўно ўвайшла ў склад Каралеўшчыны.

Іх дом, напэўна, самы жывапісны ў вёсцы. Дах, здаецца, гатовы паехаць у любую хвіліну. Дакладней, ужо паехаў, агаліўшы гарышча. Бярвеньне парахнее на вачах. Ад сузіраньня гэтых сьцен пачынаеш сумнявацца ў законах фізыкі. Бо сьцены мусілі б даўно разваліцца. Ну, а такія рэчы, як забітае фанэрай ці нейкім рызьзём вакно замест нармальнай шыбы выглядаюць проста драбязой ці нават неабходнай мастацкай дэтальлю.

Надзея Крупеня
Надзея Крупеня

— Яны зусім яго спалілі. Вочкі выпалілі.

— Там што, фэрма згарэла?

— Ня фэрма. Кароў забралі. Дзьвюх ялавых. Пры ім і забралі. Можа, з-за гэтага яго ўбралі? Ня знаю. Ніякага толку мы не дабіліся. Каб былі багатыя, дык, можа, дабіліся б. Згарэў сам, і ўсё. Забілі.

Забраныя каровы, забойства вартаўніка. Я ня раз такое чуў ад старых беларусаў. У расказах пра жахі акупацыі. Але каб у нашы мірныя часы, у эпоху абаронцы калгасьнікаў і лепшага друга фізкультурнікаў, маладога працаўніка вёскі спалілі жыўцом? Ці я нешта ня так зразумеў?

Марыя Крупеня
Марыя Крупеня

— Ён пайшоў дзяжурыць, і ўсё. І не прыйшоў. Брыгадзірка прыйшла, а ён загінуў. Ён сьпярша быў на цялятах, а потым перайшоў на каровы. І на каровах загінуў. І на яго, пэўна, сьпісалі. Я да варажбітоў езьдзіла. Казалі, што не пры ім забралі кароў. Можа, што сказаў? Што кароў няма? Я ня знаю, як так атрымалася.

Людзі дагэтуль гавораць вельмі неахвотна

Ад яго сьмерці мінула 20 гадоў. Але да гэтае пары людзі, якія працавалі на той фэрме, гавораць вельмі неахвотна, што ж там адбылося насамрэч.

Валянціна Сташэвіч у той час была загадчыцай фэрмы. Гэта на яе павесілі 27 мільёнаў рублёў за тых зьніклых кароў. Першае, што я пачуў ад жанчыны: «Можа, ня трэба зусім пра гэта?»

Але сёе-тое Валянціна сказала. Што каровы тыя зьніклі ў той дзень. Што хлопец ня быў пʼяніцам. Што фэрма не згарэла, а згарэў абагравальнік. Што яе знаёмы бачыў, як палаючы чалавек, як жывы факел, бег у бок сажалкі. Але не дабег. Што ў малочнай, дзе пабеленыя сьцены, засталіся сьляды ад чорных рук.

Вось такі вясковы дэтэктыў. Зламысьнікі зайшлі на фэрму, каб скрасьці каровы. Убачыўшы вартаўніка, забілі яго. Прычым не абы-якім спосабам. Падпалілі. Ад чаго ён пабег, ахоплены полымем, і памёр. Выглядае гэтая вэрсія, як у фільмах жахаў.

Мой наступны суразмоўца — Дзьмітры Найдзяновіч. Былы дырэктар, які ўзначальваў саўгас, калі здарылася трагедыя.

Дзьмітры Найдзяновіч
Дзьмітры Найдзяновіч

— Там быў абагравальнік электрычны са сьпіральлю. Можа, адзеньне загарэлася ад гэтай сьпіралі. Не зіма была. Можа, што варыў паесьці. А тое, што гавораць, што яго забілі цыгане — гэта няпраўда. Не. Ён сам бег і не дабег да канавы. Страціў прытомнасьць. Сам вінаваты. Можа, выпіўшы быў. Нічога крымінальнага там не было. Адзеньне згарэла, твар. Раніцай прыйшлі даяркі кароў даіць, няма яго. Сталі шукаць. А там і плітка выгарала. Добра яшчэ, што фэрма не згарэла.

— А тыя каровы, яны ў той дзень прапалі?

— Не. Яны ўтапіліся. І з загадчыцы фэрмы ўтрымалі грошы. Нічога там крымінальнага не было. Я сам разьбіраўся ў гэтай справе. Трымаў пад кантролем.

Такім чынам, я праслухаў афіцыйную вэрсію сьмерці вартаўніка. Ніякага забойства не было. А быў усяго толькі няшчасны выпадак. Вартаўнік уключыў абагравальнік. Заснуў каля яго. Загарэлася адзеньне. Няшчасны пабег да сажалкі, але страціў прытомнасьць і памёр ад шоку. А як жа каровы? Па словах дырэктара, яны недзе патанулі. І зусім ня ў той дзень. Значыцца, загадчыца нешта забылася. Бывае.

Руіны фэрмы
Руіны фэрмы

«Хто вам праўду скажэць? Усё гэта туфта японская»

Я паехаў на месца, дзе была тая фэрма. Месца для такіх гісторый адпаведнае. Глухая дарога ў пустыннай нізіне. Нідзе не праглядаецца чалавечае жытло. Ніхто на дапамогу, калі што, ня прыйдзе. І ўбаку ад дарогі са сьнегу тырчаць чырвоныя цагліны былога падмурку той самай фэрмы.

Дзьве немаладыя кабеты ішлі па дарозе. На маё шчасьце, аказаліся былымі даяркамі «Замошша».

— Бачыце тыя слупы? Гэта была фэрма «Замошша». Я прыйшла на работу 25 кастрычніка. Яго спалілі 18-га. Я нават магу месца паказаць, дзе ён ляжаў. Тут ляжалі цюкі саломы. І яго абклалі саломай. Напэўна, яго ў мыйцы забілі, а потым абклалі саломай і спалілі. Гэта не няшчасны выпадак быў. Які няшчасны выпадак? Ён што сябе, бэнзінам абліў? Яшчэ ёсьць такая Вера Савіцкая, у Янушэве жывець. Яна тут працавала. Дзеўкі расказвалі, што ўся мыечная, дзе мылі апараты, усе сьцены былі аблітыя крывёй. Па-другое, тут прапала шэсьць галоў кароў.

— Дзьве.

— Хто вам праўду скажэць? Усё гэта туфта японская. Здымаць ня трэба. Мы вам не гаварылі, вы ня чулі.

— Але навошта яго было забіваць?

— Ён быў ніхто і зваць яго ніяк. Ён быў спакойны і ціхі малец. А дзе каровы дзеліся? Хутчэй за ўсё, гаварылі, забілі цыгане.

Дарога на фэрму
Дарога на фэрму

Як адразу мяняецца карціна. Ужо ня дзьве каровы зьнікла, а шэсьць. Чалавека забілі непасрэдна на фэрме. А пасьля забойцы інсцэніравалі няшчасны выпадак. Як быццам вартаўнік сам згарэў. І гэтая вэрсія становіцца асноўнай. Для міліцыі, для начальства. Але толькі чамусьці не для людзей.

— Дзеўкі шэптам гаварылі — як можа так згарэць чалавек, што мыйка была ў плямах крыві? Многа было абурэньняў. Многа хто быў нязгодны. Але нічога нікому ня скажаш.

Словы гэтай цёткі ўсё ж трэба ўспрымаць як тыповую страшную байку. Сама яна той крыві ня бачыла. І перадае толькі «крывавую казку», у якую звычайна ператвараецца любая загадкавая сьмерць.

«А навошта гэта варушыць?»

Я паехаў у Янушэва да былой даяркі Веры Савіцкай. Але Вера сказала, што была ў той дзень на бальнічным. І параіла схадзіць да іншай даяркі. Да Галіны Фурман.

Дзіва, але і Галіна таксама ў той дзень была на бальнічным. Проста нейкая эпідэмія здарылася з даяркамі 18 кастрычніка 1997-га. Але сёе-тое Галіна памятае.

Галіна Фурман
Галіна Фурман

— Казалі, што ляжаў пʼяны на лаве, у фуфайцы згарэў. Лава цэлая, фуфайка цэлая, а чалавека няма. У малочнай былі сьляды ад пальцаў. Як быццам яму не давалі ўключыць кран. Потым мы хадзілі на пахаваньне. Ён сапраўды быў згарэўшы. Яго твар быў, як у парасяці засмаленага. І потым замялі гэтую справу. І ніхто нават не судзіўся. Што там Маня адна? Але хто там кароў забраў, што там было? Я ня ведаю. А вы што запісваеце? Дык яшчэ мяне прыйдуць спаляць у хаце адну. А што вы думаеце?

Пасьля апошніх словаў ужо мне стала не па сабе. Я адчуў сябе ня госьцем аграгарадка, а пэрсанажам забытага раману Стывена Кінга. Я чуў, што партызанскія традыцыі жывуць у беларускім народзе. Але каб настолькі...

Як бачым, сумневаў ня мае толькі начальства. А яшчэ ўсе, з кім мне ўдалося пагаварыць па гэтай справе, пыталіся ў мяне зьдзіўлена: «А навошта гэта варушыць?» Бо чалавека ж ня вернеш. І забойцаў, калі гэта было забойства, ужо ня знойдзеш.

Сапраўды, навошта? Мне здаецца, ёсьць адна прычына. Што замінала правесьці такое дасьледаваньне гэтай справы, каб ні ў кога не ўзьнікала ніякіх сумневаў? Аказваецца, вясковы вартаўнік — вельмі небясьпечная прафэсія ў Беларусі. Асабліва калі гэта хлопец зь няпоўнай сямʼі. Без знаёмстваў. Без апекуноў у вышэйшых саўгасных колах. За якога, калі што, няма каму заступіцца. Ён, кажучы сацыялягічнымі тэрмінамі, дэпрэміраваны ад самага зьяўленьня на сьвет. Дэпрэміраваны месцам нараджэньня, колам знаёмстваў, сваёй работай.

Але сёньня ў гэтага чалавека быў бы шанец на жыцьцё. Калі гэта, вядома, не няшчасны выпадак. Бо сёньня да самай першай прыступкі сацыяльнай лесьвіцы дайшла прэмія. Прэмія з ЗША. Гэта інтэрнэт, сацыяльная сетка і магчымасьць фіксаваць сваё жыцьцё дзякуючы смартфону. Як? У некага яшчэ няма? Варта тэрмінова набыць. Бо зло найперш баіцца публічнасьці. Што ў Швэплях, што ў Менску, што ў Нью-Ёрку. Вось толькі ці не спазьнілася тая прэмія? Мо ўжо не засталося ў прыродзе дваццацігадовых вартаўнікоў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG