Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскіх блогераў аштрафавалі за трансьляцыі ў YouTube і Фэйсбук


Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін

Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін аштрафаваныя судом Пінскага раёну на 980 рублёў (40 базавых велічыняў) кожны за трансьляцыю ад акумулятарнага заводу ў Пінску.

Суд палічыў відэатрансьляцыі блогераў матэрыяламі СМІ, сказаў Аляксандар Кабанаў.

«Тое, што мы здымалі ад прахадной кампаніі Exide ў Пінску, палічылі матэрыялам СМІ. Сяргей Пятрухін вёў прамы эфір у Youtube, а я здымаў на асабісты акаўнт у Facebook. Прадстаўнік заводу напісаў на нас заяву, і на нас склалі пратакол паводле часткі 2 артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэксу — незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. І сёньня судзьдзя прыняў рашэньне, што Youtube зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі, хаця на Youtube вяшчаў Сяргей, а я ўвогуле — на сваю старонку ў Facebook», — сказаў Аляксандар Кабанаў.

Блогер кажа, што прысуд, на яго думку, абсурдны і парушае беларускае заканадаўства, таму ён абавязкова будзе яго абскарджваць.

Матэрыял ад пінскага заводу блогеры здымалі ў межах сэрыі відэарэпартажаў на тэму небясьпекі акумулятарнай вытворчасьці паблізу гарадоў.

Частка 2 артыкула 22.9 КаАП РБ тычыцца, сярод іншага, «незаконнага вырабу і (або) распаўсюду прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі», але законы ня ўтрымліваюць згадак таго, што прыватныя старонкі ў сацсетках — таксама СМІ. Азначэньне СМІ ў адпаведным законе «Аб СМІ» вельмі размытае: гэта, паводле пункту 20 артыкула 1, «форма пэрыядычнага распаўсюду масавай інфармацыі з выкарыстаньнем друку, вяшчаньня тэле- або радыёпраграмы, глябальнай кампутарнай сеткі Інтэрнэт».

Выраб адзіночнага відэа або сэрыі відэа для асабістай старонкі ў сацсетках у законах не прыроўніваецца да вырабу прадукцыі СМІ. Але журналістамі СМІ прызнаюцца (п.7 арт.1) фізычныя асобы, зьвязаныя працоўнымі стасункамі зь юрыдычнай асобай, якая выконвае функцыю рэдакцыі (блогеры такіх дамоваў з сацсеткамі ня маюць). СМІ падлягаюць (п.1 арт.11) абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі, але пра абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю асабістых старонак у сацсетках раней не паведамлялася (ці існуе такая працэдура, невядома). Адказнасьць за распаўсюд прадукцыі СМІ нясуць (ч.1 арт. 17) рэдакцыя СМІ і ўладальнік інфармацыйнага рэсурсу (у выпадку Кабанава і Пятрухіна няма ні рэдакцыі, ні СМІ, а Facebook і іншыя сацсеткі не рэгістраваліся ў якасьці інфармацыйных рэсурсаў).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG